Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 сьнежня 1919 году Пётра Крэчэўскі стаў старшынём Рады БНР


Радыё "Свабода"

13 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Андрэй. Як адзначае этнограф Уладзімер Васілевіч, дзень сьвятога Андрэя асабліва славіўся варажбою дзяўчат: “Сьвяты Андрэю, я каноплі сею, дай мне знаць, з кім буду рваць”. Каб жаданьні збываліся, дзяўчаты цэлы дзень пасьцілі і пазьбягалі размоваў. Станоўчы або адмоўны вынік гэтай варажбы можна было пабачыць толькі вясною, калі пасеянае ўзыходзіла або не.

13 сьнежня ў 1769 годзе пачынаецца першае канцэртавае турнэ 13-гадовага Вольфганга Амадэя Моцарта ў Італіі. Кампазытар і выканаўца ў сваім падлеткавым веку быў відавочна ня зломак. Бо цягнулася тое турнэ ажно 15 месяцаў.

13 сьнежня 1826 году памёр Станіслаў Богуш Сестранцэвіч. Ён прыйшоў на сьвет у вёсцы Занкі цяперашняга Сьвіслацкага раёну ў пратэстанцкай шляхецкай сям`і. Пасьля пачатковае адукацыі Богуш-Сестранцэвіч служыў у прускім войску, пасьля – у літоўскай гвардыі. Тады прыняў каталіцтва і рабіў ужо царкоўную далейшую кар`еру. Быў настаяцелем у Гомелі і Бабруйску, канонікам і біскупам-суфраганам у Вільні, пасьля – магілёўскім арцыбіскупам, а ўрэшце мітрапалітам усіх каталіцкіх касьцёлаў Расейскай імпэрыі. Менавіта Богуш-Сестранцэвіч адкрываў школы і друкарні, і, займаючы высокія афіцыйныя пасады са згоды расейскае імпэратрыцы Кацярыны ІІ, спачуваў антырасейскаму паўстаньню 1794 году. Богуш-Сестранцэвіч напісаў шмат кніжак з гісторыі свае Бацькаўшчыны – Вялікага Княства Літоўскага, а таксама “Граматыку літоўскую“ (тады літоўскай называлі беларускую мову). А яшчэ Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч быў родным дзядзькам пісьменьніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

13 сьнежня 1919 году Пётра Крэчэўскі стаў старшынём Рады БНР. Ад былога выпускніка віленскай духоўнай сэмінарыі, пасьля школьнага настаўніка, а тады банкаўскага работніка патрабавалася немалая мужнасьць, каб у тыя часы ўзяць на сябе адказнасьць кіраўніка новастворанае краіны.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 13 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага паэта Генрыха Гейнэ, нямецкага электратэхніка і заснавальніка аднайменнай фірмы Эрнста фон Сымэнса і расейскага паэта-мадэрніста Валерыя Брусава, які на пачатку мінулага стагодзьдзя сябраваў зь літаратарамі віленскай беларускай газэты «Наша Ніва».
XS
SM
MD
LG