Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Ганчарык – пра кампанію А.Мілінкевіча


Алесь Дашчынскі, Менск Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч сёньня ўжо другі дзень знаходзіцца з візытам у Берасьці. Сёньняшнюю праграму Мілінкевіч пачне з ускладаньня кветак да вечнага агню мэмарыялу “Брэсцкая крэпасьць”. І як гэта ўжо стала традыцыяй для рэгіянальных паездак, ён наведае храмы. Пазьней заплянаваная сустрэча з кіраўнікамі пратэстанцкіх прыходаў з усёй вобласьці.

Таксама ў праграме візыту – сустрэчы з прадпрымальнікамі, студэнтамі, працаўнікамі праблемных прадпрыемстваў, інтэлігенцыяй і дэмакратычным актывам. Аляксандар Мілінкевіч перадасьць таксама падарункі дзіцячаму сіроцкаму прытулку. З учорашняга дня машыну спадара Мілінкевіча суправаджае белая “дзявятка” з таніраванымі вокнамі.

Некаторыя палітыкі і палітолягі цьвердзяць, што рэгіянальныя паездкі, маўляў, адзіная бачная праца штабу аб’яднанай апазыцыі. Яны крытычна ставяцца да сустрэчаў, у якіх бярэ ўдзел невялікая колькасьць людзей. Дарэчы, у берасьцейцаў падчас тэлефоннай лініі было многа пытаньняў па стратэгіі дэмсілаў. Некаторыя грамадзяне нават пыталіся, ці верыць спадар Мілінкевіч у тое, што ён робіць, ці верыць у перамогу. Гэта таксама сьведчыць аб пэўным успрыняцьці ягонай кампаніі. Спадар Мілінкевіч пагаджаецца: усім хацелася б, каб штаб працаваў больш эфэктыўна і энэргічна.

(Мілінкевіч: ) “З таго, што мы можам рабіць, мы фактычна з большага робім. Магчымасьці абмежаваныя ў пэўным сэнсе. А, канешне, пажаданьні вельмі слушныя і я ўдзячны людзям. Што тычыцца большай энэргіі ў гэтых паездках, калі прайшлі па Гомельшчыне паездкі, я ледзь-ледзь перастаўляў ногі. Ну, таму што гэта вельмі вялікае напружаньне гаварыць з людзьмі, сустракацца, дыскутаваць. Пару гарадоў мы не даехалі, таму што фізычныя сілы ў мяне, у маіх калегаў канчаюцца. Два дні адпачылі, зноў едзем. Робім тое, што можам. Я думаю, што мы да канца, мінімум палову раёнаў, дзесьці 50-60 праедзем. А гэта няблага. А астатнія раёны пройдуць актывісты”.

А як ставіцца да крытыкі на адрас каманды адзінага кіраўніца менскага штабу Валянціна Палевікова?

(Палевікова: ) “Праца вядзецца. Гэта ня толькі паездкі Мілінкевіча. Асноўная цяпер мэта - гэта ўмацаваньне каманд, работа з валантэрамі. Гэта аб’яднаньне намаганьняў усіх, і партыйных структураў, і людзей, якія ўдзельнічалі ў фармаваньні кангрэсу і людзей, якія працавалі ў кампанію парляманцкіх выбараў 2004 года, а таксама грамадзкіх дэмакратычных арганізацый, фармаваньне брыгад валантэраў. Гэта вельмі важная, крапатлівая праца, якую робяць усе штабы”.

Валянціна Палевікова, кіравала выбарчым штабам Уладзімера Ганчарыка падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 года. Яна цьвердзіць, што цяпер праца ў кааліцыі ў многіх кірунках больш эфэктыўная, больш людзкіх рэсурсаў. Але параўнальна з тымі выбарамі, зараз іншая сытуацыя ў краіне, стала яшчэ складаней гаварыць свабодна і адкрыта агітаваць. А вось як параўноўвае дзьве кампаніі -- сваю і цяперашнюю -- сам Уладзімер Ганчарык?

(Ганчарык : ) “Пакуль што гэта не эфэктыўная кампанія. Яна вядзецца вельмі павольна, але на гэта, відаць, ёсьць шмат прычын. І адна з прычын, што Мілінкевіч ня вельмі вядомая асоба ў рэгіёнах ды і ў Менску. Таму, я думаю, павінны быць зроблены высновы гэтай кампаніі яшчэ і ў тым, што трэба нарошчваць тэмпы. А па другое, улада вельмі спрабуе стварыць такія ўмовы, каб тармазіць гэтую кампанію адзінага кандыдата. Але ў любым выпадку трэба нарошчваць тэмпы, больш актыўна і наступальна працаваць. Пабыць на рынку, пагутарыць – гэта добра. Але гэта не дастаткова. Ці зайсьці там у царкву. Таму трэба рабіць выснову – больш актыўна. Я па сабе ведаю, што вельмі многа цяжкасьцяў, але тым ня менш трэба рухацца”.

Пасьля Берасьця Аляксандар Мілінкевіч пачынае паездку па раённых цэнтрах -- Кобрыне, Белазёрску, Бярозе й Івацэвічах.
XS
SM
MD
LG