Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі грошай беларусы выдаткоўваюць у сьвяточны сэзон?


Сьвятлана Курс, Менск Навагодне-калядныя сьвяткаваньні, якія традыцыйна цягнуцца ў Беларусі ад пераднавагодніх Калядаў да Старога Новага году, вымагаюць істотных тратаў. Нашая карэспадэнтка высьвятляла, хто колькі гатовы патраціць на сьвята.

Перадсьвяточныя клопаты ідуць поўным ходам. На вуліцах усталявалі елкі й павесілі сьвяточныя гірлянды; шапікі й вітрыны набылі адпаведны выгляд; крамы, кірмашы й рэстарацыі віруюць. Паводле парталу tut.by, на 31 сьнежня зарэзэрваваныя ўсе месцы ва ўсіх сталічных кавярнях і рэстарацыях, з канца сьнежня запрацуюць больш за 200 кірмашоў з кулінарнай прадукцыяй. Зарэзэрваваныя месцы ў бальшыні саўн Менска. Прыватныя гандляры кажуць, што раскупаюцца дарагія тавары: футры за 5-6 тысяч даляраў, элітныя парфумы, італьянскі абутак за 350-500 даляраў, кляйноты.

Гаворыць супрацоўніца аднае зь менскіх ювэлірных фірмаў.

(Аліна: ) “Я была перакананая, што ў Менску няшмат багатых людзей. Але іх вельмі шмат. Купляюць упрыгожаньні шмат і часта. І цэлыя калекцыі – мужчынскія зь белым і жоўтым золатам і ўстаўкамі са скуры чорнага ската. Белыя, ружовыя, чорныя і чорныя авальныя пэрлы, пярсьцёнкі з дыямэнтамі. З каробак іх проста кучай высыпаюць”.

Паводле гандляркі, бальшынёю упрыгожаньні набываюць мужчыны сярэдніх гадоў, супрацоўнікі амбасадаў, чыноўнікі і бізнэсоўцы. Паводле газэты “Беларусы й рынак”, чыноўнікі сярэдняга ўзроўню зарабляюць ад 700 да 1500 даляраў і маюць добры доступ да крэдытаў. Менш заможныя людзі, паводле апытаньня забаўляльнай газэты «Калейдаскоп», менчукі зьбіраюцца патраціць на сьвяткаваньне Калядаў і Новага году ад 250 да 300 даляраў.

Мая суседка, няня ў дзіцячым садку ды яе 5-гадовы Максімка маюць розныя пляны на Новы год. Маці спадзяецца адсьвяткаваць за 100 даляраў, сын чакае гару падарункаў.

(Ліцкевіч: ) «Я буду сьвяткаваць са сваёй сям''ёй. Спадзяюся патраціць каля 100 даляраў. На стале будзе тое, што ёсьць у хаце. І віно хатняе. (Максімка: ) «Ад Дзеда Мароза я чакаю машынкі, якія езьдзяць самі, новы бінокаль, касьцюм пірата ў ЦУМе вісіць. Мядзьведзікаў на елку, толькі смачных, шакалядных!»

Жыхар Петрыкава распавядае:

(Вячаслаў: ) «Я ня думаю, каб 250 даляраў трацілі ў правінцыі. Заробак там невялікі. Але на тое, што трацяцца і моцна – адзін прыклад. Мая сваха займаецца камэрцыяй. Дык вось пасьля 15 студзеня да лютага нічога не купляюць. Усё, што купляецца – цяпер».
XS
SM
MD
LG