Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены Валер Ігнатовіч на мяжы сьмерці, кажуць бацькі (фота)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Бацькі былога міліцыянта Валера Ігнатовіча, які адбывае пакараньне ў Жодзінскай турме, цьвердзяць, што іх сын знаходзіцца на мяжы сьмерці. Яны абвінавачваюць улады і кажуць: робіцца тое наўмысна, каб ня ўсплыла праўда пра адну з таямніцаў беларускага рэжыму.

Валер Ігнатовіч і яшчэ трое чалавек былі прызнаныя судом вінаватымі у сэрыі злачынстваў, у тым ліку забойстваў, а таксама ў выкраданьні ўлетку 2000 году апэратара тэлеканала ОРТ Зьмітра Завадзкага. Самі асуджаныя сябе вінаватымі не прызналі, а сьледзтва не дало адказу на пытаньне, які ж лёс напаткаў Завадзскага пасьля ягонага зьнікненьня.

Бацькі Валера Ігнатовіча, спадары Марыя і Аляксандр, расказалі мне пра ўражаньні ад апошняй сустрэчы з сынам, якая адбылася на мінулым тыдні.

(Марыя Ігнатовіч: ) “Сам ён сядзеў у шапцы-вушанцы, на самыя вочы насунутая, у фуфайцы. Я запыталася : “Можа табе тапачкі перадаць?”, а ён адказаў, што ня ходзіць зусім. А потым сказаў, што яго “чэрці катуюць”. Толькі потым мы здагадаліся, што гэта ён пра ахоўнікаў кажа”.

(Аляксандр Ігнатовіч: ) “І папрасіў у нас прабачэньня. Сказаў: “Тата і мама, даруйце мне той боль, які я вам зрабіў, нявінна зрабіў. Разьвітваўся з намі...”

На фота: бацька Валера Ігнатовіча, Аляксандар.

Бацькі бачылі сына за тры апошнія гады ў розных станах. Пасьля суду, падчас якога Ігнатовіч трымаў галадоўку, ён таксама быў вельмі слабы і не падымаўся з лавы падсудных. Але, як кажуць родныя, такім слабым сына яны ня бачылі ніколі. Цяпер ён ня меў нават сілаў доўга трымаць у руцэ слухаўку тэлефона, празь які яны размаўлялі. Бацькі абураліся, што ў калёніі ў сына пачаліся прыпадкі эпілепсіі, але турэмныя дактары пра гэта нічога не заяўляюць і, нібыта, наагул хаваюць зьвесткі пра ягонае здароўе.

Учора я спрабаваў сам праверыць, ці сапраўды Валер Ігнатовіч знаходзіцца ў гэткім дрэнным стане. Аднак дзяжурны Жодзінскай турмы адмовіўся наўпрост злучыць мяне з начальнікам турмы спадаром Бокшыцам, а па зьвесткі пра здароўе Ігнатовіча накіраваў на прыём да турэмнага лекара.

(Дзяжурны: ) “Начальнік мэдычнай часткі прымае ў чацьвер зь 10 да 12. Прыяжджайце, паразмаўляйце. А гарадзкога тэлефона ў мэдычнай частцы няма”.

Чаму бацькі Валера Ігнатовіча адважыліся даць інтэрвію недзяржаўным мэдыям, хоць добра ведалі, што гэта можа выклікаць дадатковыя праблемы ў сына? Бо ніводнае дзяржаўнае выданьне, куды яны зьвярталіся за дапамогай, не зацікавілася лёсам сына. Тры з паловай гады таму суд прызнаў Валера Ігнатовіча вінаватым ў выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага , асудзіў яго да пажыцьцёвага зьняволеньня. І маці, і бацька былога спэцназаўца перакананыя: тое, што іх сын сядзіць без віны, а цяпер памірае, задавальняе беларускае кіраўніцтва. Старыя прыводзяць у якасьці доказу такі факт: падчас ператрусаў у Ігнатовіча гэтак і не знайшлі ніводнай улікі на карысьць вэрсіі пра ягоную бандыцкую дзейнасьць і выкраданьне Зьмітра Завадзкага.

(Аляксандр Ігнатовіч: ) “Нічога ў нас не знайшлі, бо і не маглі знайсьці. Наш сын быў чэсным чалавекам. Я сыну падараваў нож для паляваньня, калі сын яшчэ служыў у міліцыі ды набыў сабе стрэльбу. Той нож вісеў на сьцяне ўвесь час, дык сьледчыя ўзялі яго і, відаць, як доказ да справы далучылі. А яшчэ забралі нямецкі штых-нож, які ад бацькоў мне застаўся”.

Паводле Ігнатовічаў, улады зрабілі зь іх сына і ягоных сяброў вінаватых, каб адвесьці віну ад сапраўдных злачынцаў. Цяпер, лічаць бацькі, заўчасная сьмерць сына пажаданая для ўладаў, бо сьледам за ёй назаўсёды можна закрыць справу Завадзкага. Маўляў, галоўны вінаваты памёр і забраў з сабой ў магілу тайну, дзе пахаваны малады тэлеапэратар...

Якія ўмовы ў Жодзінскай турме створаныя для тых, хто адбывае там пажыцьцёвае пакараньне? Пра гэта дакладна мала вядома, бо ўлады хаваюць такую інфармацыю, а сьведкаў няма. Але ўскосныя дадзеныя да грамадзкасьці даходзяць. Праваабаронца Валер Шчукін адсядзеў некалькі месяцаў у Жодзінскім сьледчым ізалятары, ў склад якога уваходзіць і турма для пакараных пажыцьцёва. Валер Шчукін адзначае вельмі жорсткае абыходжаньне зь вязьнямі.

(Шчукін: ) “Пажыцьцёвае зьняволеньне, магчыма, горш за сьмяротную кару. Там, у ізалятары, вартаўнікоў па чарзе мяняюць на тых, хто працуе з “пажыцьцёвымі”. І гэта адразу бачна. Тыя як заступаюць на дзяжурства, адразу спрабуюць уводзіць парадкі, як з “пажыцьцёвымі”: адразу – “Стаць да сьценкі, рукі на сьценку!” і гэтак далей...”

Акрамя абыходжаньня, адрозьніваецца і сам рэжым пажыцьцёвага зьняволеньня. Правааборонцы лічаць, што гэта самы зьняважлівы і жорсткі рэжым, які магчыма ўявіць. Па калідорах вязьняў водзяць толькі сагнутымі, з заламанымі рукамі, у іх няма ніводнай магчымасьці кантактаваць зь іншымі. Прагулкі – меней за гадзіну у турэмным дворыку пад мэталічнай сеткай, там не расьце ніводны кусьцік, ня тое што дрэва... Спатканьне са сваякамі адно на год праз шкло, харчовая перадача – таксама адна. Харчаваньне, паводле досьведу Валера Шчукіна, вельмі дрэннае і ў звычайным сьледчым ізалятары. Праваабаронца лічыць, што ў пажыцьцёва зьняволеных, па лёгіцы, яно яшчэ горшае.

(Шчукін: ) “Так, ён злачынец, так, ён парушыў закон і за гэта яго пазбавілі волі. Але ўсё астатняе чалавечае ў яго мусіць застацца. А ў нас турма гэта месца зьдзекаў над людзьмі”.

На фота: Максім Малік атрымоўвае крапавы берэт з рук Юрыя Сівакова

Разам з Валерам Ігнатовічам у Жодзінскай турме таксама адбывае пажыцьцёвае пакараньне Максім Малік, які паводле суду лічыцца саўдзельнікам Ігнатовіча. Ён да арышту ў жніўні 2000 году служыў у спэцатрадзе “Алмаз”. Былы міністар унутраных спраў Юрый Сівакоў асабіста ўручаў яму крапавы бэрэт лепшага “алмазаўца”. І як жа гэты выдатнік спэцпадрыхтоўкі апынуўся у бандзе Ігнатовіча?

Не было ніякай банды, -- лічыць маці Максіма Маліка, Валянціна Поклад.

На фота: Маці Максіма Маліка, Валянціна Поклад.

(Валянціна Поклад: ) “Разумееце, вельмі ўдала ў іх атрымалася з гэтай бандай. “Сфармавалі” яе як трэба: два спэцназаўцы, адзін крымінальнік, адзін беспрацоўны... Пракуратура пра гэта заявіла, прэса падхапіла, а мы апынуліся, як у яміне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG