Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Левін: “Курапаты, Хатынь, Трасьцянец і Яма – куткі нашай памяці”


Ганна Соўсь, Менск Аўтар мэмарыяльных комплексаў “Хатынь” і “Яма” архітэктар Леанід Левін асуджае факты вандалізму ва ўрочышчы Курапаты і заклікае ўлады належным чынам расьсьледаваць гэтую справу і пакараць вінаватых. Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і міжнароднага таварыства “Мэмарыял” падрыхтавалі зварот да грамадзкасьці ў сувязі з апаганьваньнем урочышча.

Старшыня Зьвязу беларускіх габрэйскіх аб’яднаньняў і суполак вядомы архітэктар Леанід Левін абураны дзеяньнямі вандалаў ва ўрочышчы Курапаты:

(Левін: ) “Гэта наша агульная справа. І калі яны малююць на гэтых камянях, на гэтых крыжах, то яны малююць на нашых сэрцах. Я лічу, што гэта ня толькі выклік юдэям, мусульманам і хрысьціянам.

Гэта выклік усім нам, гэта выклік уладам, якія нічога ня могуць зрабіць. Для нас Курапаты і тая ж Хатынь, той жа Трасьцянец, тая ж Яма – гэта ўсё куткі нашай памяці пра тых, хто загінуў. Гэта нашыя мірныя грамадзяне, гэта нашыя каласы, і каб так іх не ўшаноўваць… Я ня ведаю, якое слова для гэтых людзей знайсьці”.

Леанід Левін згадвае, як неаднаразова былі распачатыя крымінальныя справы па факце апаганьваньня габрэйскіх мэмарыяльных знакаў, аднак ніколі вандалы ня былі знойдзеныя і пакараныя.

Леанід Левін заклікае беларускія ўлады належным чынам расьсьледаваць факты вандалізму ў Курапатах. Я запыталася ў вядомага архітэктара, аўтара мэмарыялаў Хатынь і Яма, ці не ўзьнікала ў яго ідэя зрабіць помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій?

(Левін: ) “Мы працавалі, калі быў першы конкурс на помнік у Курапатах. Курапаты – гэта вельмі патрэбнае для ўсяго народу месца, дзе мы павінны аддаць тое, што не аддалі тым, хто там загінуў. Трэба адчыніць дзьверы, каб мастакі, людзі, для якіх Беларусь неабыякавая, маглі разам зрабіць нешта цікавае. Я гатоў удзельнічаць у гэтай справе”.

Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і міжнароднага таварыства “Мэмарыял” падрыхтавалі тэкст заявы, зь якой будуць зьвяртацца да грамадзкасьці ў сувязі з чарговымі актамі вандалізму ў Курапатах. Як гаворыцца ў заяве, “апаганьваньне ўрочышча Курапаты было зроблена злачынцамі, якія пакінулі свае выразныя подпісы – фашыстоўскую сымболіку і славянафільскія лёзунгі, і таму прастора для пошуку дакладна акрэсьленая”.

Падпісанты заявы патрабуюць ад уладаў спыніць патураньне славяна-фашыстоўскім сілам у Беларусі. Гаворыць актывіст курапацкай ініцыятывы Вацлаў Арэшка.

(Арэшка: ) “Я думаю, што мы зьвернемся да дэмакратычнага грамадзтва, да адзінага кандыдата, да ўсіх з прапановай далучыцца да гэтага тэксту. Мы ўжо мелі размовы і з нашымі палітыкамі, і я думаю, ня будзе праблемы, каб некалькі знакавых асобаў далучыліся”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў днямі быў на допыце ў Менскім райаддзеле міліцыі. Ён першым пабачыў апаганены курапацкі мэмарыял, калі невядомыя вандалы павалілі “лаву Клінтана”, скралі шыльду з закладнага курапацкага каменя, паламалі крыжы і прадралі цьвіком свастыку на капліцы-абразы. Спадар Кузьняцоў лічыць, што крымінальную справу трэба заводзіць ня толькі паводле артыкулу, які прадугледжвае пакараньне за апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці, але і за распальваньне нацыянальнай варожасьці.
XS
SM
MD
LG