Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі эфэктыўная кампанія паездак А.Мілінкевіча па Беларусі?


Аляксей Знаткевіч, Прага На пытаньні Радыё Свабода адказвае дэпутат Белазёрскага гарадзкога савету, кіраўнік Берасьцейскага абласнога штабу кандыдата ў прэзыдэнты ад аб''яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча Юрась Губарэвіч.

(Карэспандэнт: ) “Палітолягі выказваюць меркаваньне, што эфэктыўнасьць паездак А.Мілінкевіча па Беларусі малая, бо няма магчымасьці ладзіць сустрэчы зь вялікімі групамі людзей. Ці пагадзіцеся Вы з такім меркаваньнем?”

(Губарэвіч: ) "Трэба сыходзіць з тых умоваў, якія мы маем. І я лічу, што паездкі Мілінкевіча па краіне – гэта зараз найбольш эфэктыўная частка кампаніі. Мы маем абмежаваныя магчымасьці, і іншым чынам дайсьці да насельніцтва мы ня можам: мы ня маем доступу да СМІ, у першую чаргу да электронных, вядома, якая цяпер сытуацыя зь незалежнай прэсай, і паездкі – гэта ўсё ж найлепшае, што можна цяпер зрабіць у гэтых умовах."

(Карэспандэнт: ) “Выказваюцца прэтэнзіі і наконт слабай інфармацыйнай працы штабу. Якія яшчэ магчымасьці інфармаваньня выбаршчыкаў, апрэч паездак самога кандыдата, ёсьць у штаба?"

(Губарэвіч: ) "Яшчэ – распаўсюджваньне друкаванай інфармацыі. Канешне, можна прыняць закіды ў бок цэнтральнага штабу, што інфармацыя рыхтуецца слаба, што, скажам, інфармацыйныя ўлёткі пра кандыдата і пра Кангрэс распаўсюджваюцца ўжо на працягу трох месяцаў пасьля Кангрэсу, што таксама недапушчальна... Але мы мусім сыходзіць з таго, што маем, і зараз у Берасьцейскай вобласьці, напрыклад, робім стаўку на бюлетэні грамадзкіх арганізацый, розных грамадзкіх ініцыятываў, групаў, якія мы таксама шырока выкарыстоўваем, каб празь іх даносіць інфармацыю да насельніцтва. І гэта, можа, нават больш эфэктыўна, чым цэнтралізаваная прадукцыя, таму што ў гэтых бюлетэнях ёсьць і інфармацыя пра сытуацыю ў той мясцовасьці, дзе яны распаўсюджваюцца."

(Карэспандэнт: ) “На сёньня была заплянаваная наўпроставая тэлефонная лінія са сп.Мілінкевічам у газэце "Брестский курьер". Але ў Бабруйску, напрыклад, таксама плянавалася наўпроставая тэлефонная лінія, і яна не адбылася – газэту папросту запалохалі..."

(Губарэвіч: ) "На жаль, гэтая сытуацыя паўтарылася і на Берасьцейшчыне. Рэдактар газэты "Брестский курьер" з пэўных прычыныў адмовіўся ад наўпроставай лініі, мы яе вырашылі замяніць прэсавай канфэрэнцыяй, іншымі мерапрыемствамі. Але ў Берасьцейскай вобласьці гэта не апошняя газэта – плянуюцца паездкі ў іншыя раёны і, у прыватнасьці, у пятніцу плянуецца прамая лінія ў Івацэвіцкай "Газэце для вас".

(Карэспандэнт: ) “Паводле новых праправак у Крымінальны Кодэкс, можна атрымаць да двух гадоў зьняволеньня за дыскрэдытацыю РБ, за ўдзел у арганізацыях, пазбаўленых дзяржаўнай рэгістрацыі і г.д. Як Вы лічыце, калі будуць уведзеныя гэтыя папраўкі, наколькі цяжэй будзе працаваць актывістам апазыцыі?"

(Губарэвіч: ) "Пытаньне ў тым, як будуць іх прымяняць. Бо зараз я размаўляю з шэрагам нашых актывістаў, і ў іх няма ніякага страху перад гэтымі папраўкамі – яны як працавалі, так і будуць працаваць далей. Але будзем глядзець на практыку прымяненьня...”

(Карэспандэнт: ) “Ці ня раяць Вам знаёмыя і сваякі адыйсьці ад палітыкі, бо зараз гэта робіцца небясьпечным?"

(Губарэвіч: ) "Ну, гэта даўняя гісторыя, бо я займаюся палітыкай яшчэ са студэнцтва, ужо даўно ўсе прызвычаіліся, і я адчуваю толькі падтрымку, таму што большасьць маіх знаёмых і сваякоў – такія ж перакананыя людзі, як і я. Канешне, ня кожны можа прымаць актыўны ўдзел, але падтрымку мне яны надаюць".
XS
SM
MD
LG