Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Трэба не дзяліцца на сьвядомых і несьвядомых, а прымаць тую Беларусь, якая ў каго ёсьць..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 12 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Міхаіл Леках: ) “Беларускі друк і беларуская радыёстанцыя Свабода паведамлялі пра паражэньне людзей электрычным токам у Менску. Па Свабодзе я пачуў выступленьне генэральнага дырэктара “Белкамунмашу”. Гэтая заява сьведчыць аб яго абсалютнай непісьменнасьці і безадказнасьці. Пры чым тут – у мокрых ці сухіх ботах чалавек увайшоў у тралейбус, п’яны ці цьвярозы і г.д.? Ён не павінен быць удараны электрычным токам! Значыць, тралейбус аказаўся пад напружаньнем альбо з нягоднай ізаляцыяй, альбо з-за нейкага канструктыўнага дэфэкту, альбо ў рэшце рэшт з-за дрэннага кіраваньня ці яшчэ з-за нейкага пашкоджаньня. Але гэтае выступленьне сьведчыць пра абсалютную непісьменнасьць дырэктару “Белкамунмашу” і, дарэчы, безадказнасьці!”

(Пэнсіянэр: ) “Вось слухаю, што Лукашэнка стварыў свае ўказы і будзе людзей душыць, каб далей ва ўладзе існаваць. Але ён не задушыць беларускі народ! Нас шмат, і мы разам, і мы за цаной не пастаім! Насільлем міл ня будзеш, спадар Лукашэнка!”

(Спадарыня: ) “Хачу сказаць, што па вашаму радыё ідзе такая несправядлівасьць, яўная хлусьня! Немагчыма слухаць!”

(Аляксандар, в.Шымкі: ) “Вось слухаю вашыя “Званкі на Свабоду”, адабраныя па вашаму густу, так бы мовіць, наконт дадаткаў і зьменаў у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь. Але ж ніколі вы ня вякнеце, што гэтыя дадаткі і зьмены ўжо даўно дзейнічаюць у іншых краінах дзесяцігодзьдзі, а тое і стагодзьдзі такога жа сэнсу і накірунку!”

(Спадар: ) “Дзяржаўная ўлада за што ня возьмецца, усё зробіць кепска. Гэта вядома даўно, бо дзяржава – дрэнны гаспадар.

Узяць самую пякучую праблему – праблему жыльля. Людзі ня маюць кватэр. Кватэр катастрафічна не хапае! Існуючы жыльлёвы фонд у кепскім стане. Чэргі на жыльлё не скарачаюцца, растуць, людзі пакутуюць без жыльля. А дзяржава, якой кіруе адзін чалавек, але вельмі разумны, будуе лядовыя палацы. Каму яны, гэтыя палацы, патрэбныя? Чаму жыльлё такое дарагое? Ці не таму, што замест кватэр, даступных і такіх неабходных, краіне навязваюць што заўгодна: ракетныя комплексы, тэлевізійную вежу, сыліконавую даліну. Праектаў шмат! Птушка, кожная птушка мае сваё гняздо. У краінах Эўропы жыльля хапае зь лішкам. А ў нас яго прыпадае на чалавека 2 м2! І ўлада ня чэшацца, каб вырашыць гэтую праблему!”

(Уладзімер: ) “Паводле перадачы “Праскі акцэнт, наконт меркаваньня таго, што Беларусь падзеленая на дзьве часткі.

Справа ў тым, што ў свой час на пачатку 90-х менавіта гэты падзел на сьвядомых і несьвядомых нанёс вельмі вялікую шкоду дэмакратычнаму руху і наогул прывёў да той сытуацыі, якую мы сёньня маем. А на сёньня сапраўды, я згодзен са словамі Ўладзімера Падгола, што Беларусь – гэта самая сэпаратная краіна. Беларусі ня дзьве і нават ня пяць, а у кожнай сям’і, амаль што, свая Беларусь.

Напрыклад, нашае сямейнае кола ўтварыла сваю культуру, ня толькі сямейную. Але тры сямейкі вакол нас аб’ядналіся, і вось гэтае аб’яднаньне ўтварыла сваю культуру. Мы карыстаемся беларускай мовай, сымболікай, бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” у нас ёсьць. Але вось сыстэма загартовак і іншых практыкаваньняў, накіраваная на ўмацаваньне здаровага ладу жыцьця, яна нашай культуры, можна сказаць, неўласьцівая. Мы выяжджаем на лецішча, дзе наогул вельмі жорсткія ўмовы для загартоўкі. Мы нават зьвязваліся з такой суполкай, якая ёсьць у г. Глыбокім, але яна існуе як бы пад эгідай БРСМ. І, не зважаючы на гэта, не канцэнтруючы ўвагу, хто пад якім сьцягам ходзіць, мы нават праводзілі супольныя заняткі. Мы размаўлялі на беларускай мове і таксама знайшлі ўзаемаразуменьне. Таксама падобны рух ёсьць у Берасьці, у Горадні, у Віцебску. А гэта значыць, што могуць скласьціся такія ўмовы, калі паўстане агульны беларускі рух, скажам так, за здаровы лад жыцьця. Таму што алькагалізацыя насельніцтва, а ў сувязі з гэтым нават і дэградацыя выклікаюць такія памеры, што не рэагаваць на іх проста немагчыма.

Таму, падсумоўваючы, можна сказаць, што галоўнае цяпер не дзяліцца на сьвядомых і несьвядомых, а прымаць тую Беларусь, якая ў каго ёсьць. На жаль, іншага, што такое Беларушчына, нашая эліта не выпрацавала на сёньняшні дзень. Таму варта з павагаю ставіцца да таго, што выпрацавалі асобныя аб’яднаньні, сем’і, нават асобныя людзі. Бяз гэтага ніякага посьпеху ў наступным годзе ня будзе!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG