Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

М.Аўтуховіч застанецца за кратамі (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня 60 дзён таму Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку, сёньня яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай, які сканчаўся 14 сьнежня.

Адвакат Галіна Іванова наведала арыштаванага разам са сьледчым Мікалаем Аліхверам. Паводле яе, Аўтуховіч працягвае галадоўку. Такім чынам ён пратэстуе, перш за ўсё, супраць утрыманьня пад вартай. Цяпер тэрмін арышту яму працягнуты да 14 студзеня 2006 году.

Сёньня пачалося азнаямленьне з матэрыяламі крымінальнай справы супраць Аўтуховіча, сьледзтва па якой скончана. Але ён заявіў сьледчаму, што ня можа знаёміцца з матэрыяламі з увагі на свой стан здароўя. У пратаколе быў зроблены запіс аб гэтым. Аднак Галіна Іванова гаворыць, што адвакаты ў любым разе павінны цяпер вывучыць справу свайго кліента.

(Іванова: ) “Па такіх справах звычайна знаёмяцца так: кліент сам чытае, адвакат – сам. Потым што незразумела абмяркоўваем. Пасьля азнаямленьня ўзгадняем пазыцыю: якія хадайніцтвы заявіць. Карацей, мы будзем знаёміцца са справай, а ён сёньня па стану здароўя ня можа знаёміцца”.

Дарэчы, што датычыць пазыцыі Мікалая Аўтуховіча, дык ён усё ж папрасіў сьледчага прыносіць матэрыялы крымінальнай справы ў камэру, паколькі яму цяжка уставаць і хадзіць, зазначыла адвакат.

Такі працяглы тэрмін галадоўкі міжволі выклікае пытаньні: ці магчыма рэальна столькі часу абыходзіцца бязь ежы? Па некаторых зьвестках, Мікалай Аўтуховіч мог падтрымліваць свой стан гарбатай зь мёдам, які яму перадавалі з волі. Такім чынам, яго галадоўка можа быць няпоўнай. Аднак, паводле мэдыкаў, непрыманьне ежы такі працяглы час у любым разе вельмі небясьпечнае для здароўя.

Мікалай Аўтуховіч тройчы праводзіў галадоўкі пратэсту, будучы на волі, самая працяглая зь іх доўжылася 31 дзень.

Прадпрымальніка абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
XS
SM
MD
LG