Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія студэнты запрашаюць Т.Хому ў Познань


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы пасьля Беластоку, акцыя збору подпісаў у падтрымку выключанай з БДЭУ Тацяны Хомы пачалася ў Познані. Тамтэйшыя студэнты, аднак, маюць крыху іншыя патрабаваньні – яны хочуць, каб беларуская студэнтка атрымала стыпэндыю і магчымасьць вучыцца ў Эканамічнай акадэміі ў Познані.

Ініцыятары акцыі падрыхтавалі адмысловы ліст да рэктара Эканамічнай акадэміі ў Познані, у якім просяць, каб у выпадку, калі Тацяна Хома нягледзячы на ўсе намаганьні ня зможа працягваць навучаньне ў БДЭУ, прыняць яе на вучобу ў Познаньскую акадэмію, забясьпечыўшы пры гэтым інтэрнатам і стыпэндыяй.

Гаворыць Віталь Воранаў зь беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру ў Познані:

(Воранаў: ) “Гэта ініцыятыва нашага цэнтру, якую падтрымала навуковае кола акадэміі, студэнцкія актывісты”.

Паводле спадара Воранава, ёсьць рэальная магчымасьць, што кіраўніцтва акадэміі дапаможа беларускай студэнтцы.

(Воранаў: ) “Магчымасьць ёсьць, бо раней, калі закрылі ЭГУ, познаньскі ўнівэрсытэт імя Міцкевіча дапамагаў, як і некаторыя прыватныя ВНУ. Акадэмія тады не далучылася да гэтага, а цяпер ёсьць шанец, тым больш што Тацяна Хома, як вядома, вучылася ў эканамічнай ВНУ”.

Віталь Воранаў кажа, што студэнты Эканамічнай акадэміі ахвотна падпісваюцца пад лістом да рэктара.

(Воранаў: ) “Адчуваецца падтрымка вялікая ня толькі сярод студэнтаў, але і ва ўсім грамадзтве. Усе беларускія тэмы маюць тут водгук і жаданьне дапамагаць”.

Між тым збор подпісаў ў падтрымку Тацяны Хомы працягваецца ў Беластоку –сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў Міністэрства адукацыі Беларусі й рэктару БДЭУ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG