Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня веру, што беларусы выйдуць на вуліцу”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адной з галоўных тэмаў нашай пошты апошніх дзён застаецца новае крымінальнае заканадаўства, якое 8 сьнежня аднагалосна і фактычна без абмеркаваньня ўхваліў Савет Рэспублікі. Паводле паправак, прыняцьця якіх запатрабаваў ад дэпутатаў прэзыдэнт Лукашэнка, да крымінальнай адказнасьці будуць прыцягвацца, у прыватнасьці, асобы, абвінавачаныя ў так званай “дыскрэдытацыі Беларусі” — распаўсюдзе зьвестак, якія суд палічыць заведама непраўдзівымі і зьневажальнымі для органаў беларускай улады. На гэтую тэму — кароткі ліст ад Арцёма Жукаўца зь Менску. Слухач піша:

“Калі раней у мяне яшчэ былі нейкія спадзяваньні на зьмены ў Беларусі, то цяпер я разьвітаўся з апошняй надзеяй. У нас усё будзе дакладна гэтак жа, як калісьці было ў Савецкім Саюзе. Хто ня згодны — будуць бурчэць на кухнях, хто адважыцца пратэставаць, сядзе ў турму. А астатнія будуць цярпліва цягнуць свой воз ды заставацца ў стойле. Я ня веру, што беларусы выйдуць на вуліцы і будуць пратэставаць супраць несвабоды і падману. Яны будуць пакутаваць і цярпець. Напэўна, такая наша доля. І ці зьменіцца што небудзь — здаецца, залежыць цяпер не ад нас”.

Пытаньне тут, спадар Жукавец, не ў апошнюю чаргу ў тым, ці прыгнятае гэтае пачуцьцё несвабоды колькі-небудзь значную частку людзей? Ці гатовае грамадзтва прыкласьці нейкія намаганьні дзеля таго, каб пазбавіцца ад гэтага адчуваньня, шырэй паглядзець на сьвет, усьвядоміць цану ўласнай годнасьці і самапавагі. Насамрэч, калі вы памятаеце савецкае мінулае, існаваньне, так бы мовіць, “у стойле”, калі за чалавека вырашалі ўсё — як ён павінен жыць, што глядзець і чытаць, як галасаваць, дзе жыць і куды езьдзіць на адпачынак — у многіх зусім не выклікала пратэсту, а наадварот, здавалася зручным і камфортным. Праўда, тады многім з гэтых людзей проста не было з чым параўноўваць: існавала жалезная заслона. Цяпер такой заслоны няма. Прынамсі, пакуль…

Урывак зь ліста ад нашага даўняга слухача і аўтара Ільлі Копыла зь Менску, у якім аўтар зьвяртае ўвагу на некаторыя публічныя выказваньні і заявы генэрала Валера Фралова — у прыватнасьці, на ягоны нядаўні артыкул у газэце “Народная Воля” пад назвай “З Расеяй ці без?”. З нагоды прачытанага Ільля Копыл піша:

“У артыкуле аўтар некалькі разоў паўтарае, што апазыцыйны Кангрэс — гэта толькі частка дэмакратычных сілаў. Другая, больш значная частка — гэта, трэба разумець, сам Фралоў і ягоныя паплечнікі. Давайце задумаемся, чаму яны не ўвайшлі ў склад аб’яднанай апазыцыі? А таму, што былі ўпэўнены: зь іхнага асяродзьдзя Кангрэс нікога не абярэ. Фралоў і да яго падобныя фактычна ўжо пачалі агітацыю супраць Аляксандра Мілінкевіча. Так, у сваім артыкуле спадар Фралоў, у прыватнасьці, піша, што “ўлада вырашыла ўзяць сабе ў супернікі заведама пройгрышную фігуру”, і што “адзінага кандыдата вызначыць ня ўдасца да рэгістрацыі”, а Мілінкевіч толькі “забярэ галасы ў больш аўтарытэтнага адзінага…”

Аднойчы Лукашэнка сказаў, што ня мае права перадаваць уладу ў абы-якія рукі, каб не разбурыць таго, што ён пабудаваў. Дык вось, генэрал Фралоў у сваім артыкуле запэўнівае яго, што працягне будаваць саюзную дзяржаву, ды не абы-як, а паводле ўзору Эўразьвязу. Лічу, што сваім артыкулам генэрал Фралоў паказаў сябе як самы надзейны хаўрусьнік Лукашэнкі, як і належыць савецкаму генералу. Нарэшце мы ўбачылі, які гэта апазыцыянэр. Ён і да яго падобныя, гэта, на маю думку — палітычныя кілеры, якія дзейнічаюць на шкоду адзінаму кандыдату ад аб’яднанай апазыцыі, абранаму на Кангрэсе. Небясьпека ў тым, што частка насельніцтва пры гэтым лічыць іх апазыцыянэрамі”.

Так, спадар Копыл: і Валер Фралоў, і ягоныя аднадумцы — Уладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і многія іншыя — таксама апазыцыя. У Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ў іх было шмат магчымасьцяў, каб падладзіцца пад уладу, галасаваць, як усе, і ў выніку захаваць свае цёплыя дэпутацкія месцы, прыхільнасьць і ласку ўладнага рэжыму. Але яны выбралі іншы шлях. Тое, што ў многіх зь іх уласныя палітычныя амбіцыі, уласны погляд на будучыню Беларусі, а таму, адпаведна, і ўласнае стаўленьне да рашэньняў Кангрэсу — зьява зусім зразумелая і натуральная. Дасягнуць поўнай згоды і аднадумства ў асяродзьдзі дэмакратычнай апазыцыі ўвогуле нерэальна: дзеля гэтага, напэўна, спатрэбілася б ствараць уласную жорсткую “вэртыкаль” з суровай адказнасьцю за непадпарадкаваньне. Але гэта ўжо мела б мала агульнага з дэмакратычнымі прынцыпамі. Магчыма, варта больш цярпіма ставіцца да гэтых людзей. Тым больш, што вельмі магчымы момант, калі яны таксама ўвальюцца ў шэрагі аб’яднанай апазыцыі.

Фрагмэнт зь ліста Анатоля Шапялевіча з Рагачова, у якім слухач разважае пра беларускіх чыноўнікаў:

“Памятаю, у 1972 годзе райвыканкам у Рагачове разьмяшчаўся ў двухпавярховым даваенным будынку па вуліцы Леніна (былой Быхаўскай). Цяпер жа будынак райвыканкаму, які месьціцца на цэнтральнай плошчы — чатырохпавярховы. Пацікавіўся, які ў ім апошні нумар пакою — аказалася, 416-ты. Але гэта яшчэ ня ўсё. Аддзел адукацыі райвыканкаму заняў былы двухпавярховы будынак гаркаму партыі. А нядаўна зьявіўся яшчэ адзін двухпавярховы будынак, у якім разьмяшчаецца ўпраўленьне сацыяльнай абароны — са штатам 28 спэцыялістаў. (Раней, памятаю, быў аддзел з двух чалавек — і хапала.) Людзі жартуюць: трэба будаваць чацьвертае памяшканьне, бо і гэтых не хапае: у будынку ПМК разьмяшчаюцца спэцыялісты аховы прыроды. Бачыце, як разьдзьмуўся штат чыноўнікаў. Колькі іх — невядома, але, думаю, вялікая раць. Цяпер адзін з сошкай, а семдзесят з лыжкай. А колькі бэнзіну спальваюць рознага кшталту начальнікі на службовых легкавых машынках. Пры гэтым многія самі за рулём не сядзяць, у іх службовыя кіроўцы. Вось інфармацыя для роздуму — і Мілінкевічу, і вам”.

Да напісанага вамі, спадар Шапялевіч, дадам, што насельніцтва большасьці сельскіх раёнаў Беларусі ў параўнаньні са згаданым вамі 1972 годам скарацілася ўдвая. А колькасьць рознага кшталту столаначальнікаў пры гэтым несувымерна павялічылася. Чаму? Сам чыноўніцкі апарат, які дамагаецца пашырэньня штатаў, лёгка знаходзіць для гэтага тлумачэньні і аргумэнты. Напрыклад, чаму ў некалькі разоў павялічылі штат управы сацыяльнай абароны? Вам адкажуць: бо вёска старэе, амаль усе сталі пэнсіянэрамі, павялічылася колькасьць пэнсійных справаў. І ніхто зь іх не згадае, што ў 1972 годзе два спэцыялісты “сабесу” спраўляліся з усімі пэнсійнымі справамі раёну (якія захоўваліся, дарэчы, у папяровых тэчках) з дапамогай арыфмомэтраў і драўляных лічыльнікаў. Чаму ж цяпер патрэбныя дваццаць чалавек, калі паўсюль ёсьць кампутары, і ўсе патрэбныя зьвесткі можна атрымаць за лічаныя сэкунды? Ці не таму, што тыя кампутары многія чыноўнікі баяцца нават уключаць, але пры гэтым моцна трымаюцца за ўласныя прывілеі і працоўныя месцы?

У аглядах пошты 4 сьнежня і 27 лістапада я цытаваў лісты Леаніда Дубка са Слуцку і Васіля Ігнаценкі з Бэльгіі, у якіх слухачы разважалі пра тое, чаму ўсё больш актывістаў дэмакратычнай апазыцыі становяцца палітэмігрантамі, і як гэта адаб’ецца на будучыні дэмакратычнага руху ў Беларусі. Пасьля гэтага мы атрымалі яшчэ адзін ліст ад Васіля Ігнаценкі, які пакрыўдзіўся на тое, што мы назвалі яго “былым віцебскім актывістам апазыцыі”.

“Я не былы апазыцыянер, я ім і застаўся. Падтрымліваю сувязь і з партыяй, і з маімі сябрамі. І чым магу — дапамагаю ім... У інстытуце, дзе вучу мову, нядаўна прэзэнтаваў Беларусь і мой Віцебск для студэнтаў з васьмі краінаў і для выкладчыкаў. Меў сустрэчу ў Эўрапарлямэнце з дэпутатам ад Нямеччыны і г. д. ...Сачу за беларускімі справамі, вяду перапіску. Добра бачу, наколькі запалоханы народ. Але ёсьць і адважныя. Дрэнна тое, што многа расчараваных у сёньняшніх лідэрах. І людзі проста ня ведаюць, што рабіць. Падтрымаць Мілінкевіча і кампанію — гэта даць дарогу грантасосам, падставіць свае плечы пад дубінкі, альбо (яшчэ горш) пад кулі... А плюнуць на ўсё сумленьне не дазваляе...”

Відавочна, спадар Ігнаценка, кожны ў такой сытуацыі робіць свой уласны маральны выбар. Вы, вядома, маеце права лічыць сябе дзейным актывістам беларускай дэмакратычнай апазыцыі. Але на адлегласьці тысячу кілямэтраў рэальна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці наўрад ці магчыма. Прынамсі, досьвед многіх (нават вядомых) беларускіх палітыкаў, якія за апошняе дзесяцігодзьдзе апынуліся ў эміграцыі, сьведчыць менавіта пра гэта. І яшчэ адна заўвага — наконт вашага цьверджаньня пра тое, што “падтрымаць Мілінкевіча — гэта даць дарогу грантасосам”… Думаю, што для многіх тысяч людзей у Беларусі, якія ўдзельнічалі ў вылучэньні і выбарах адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі і якія цяпер насуперак надзвычай неспрыяльным абставінам працягваюць барацьбу за свой выбар, такая выснова гучыць і зьневажальна, і несправядліва.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG