Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сымон-музыка” на кельцкай мове


Сяргей Дубавец Новая перадача "Вострая Брама"

“Прэм’ера “Сымона-музыкі” ў Купалаўскім тэатры не пакінула адчуваньня таго, што гэтай падзеяй жыве ўся краіна, як тое было з папярэднімі пастаноўкамі Мікалая Пінігіна на гэтай сцэне. “Сымон-музыка” прагучаў лакальна. І справа, напэўна, ня ў якасьці спэктакля ці ў выбары літаратурнага матэрыялу. Рэжысэр і артысты былі на вышыні, а паэма Якуба Коласа застаецца актуальнай у любыя часы, бо да кожнага часу павяртаецца адмысловым зрэзам і адкрываецца зусім па-іншаму. Справа, відавочна, у сёньняшнім стане грамадзтва, якому клясычны твор з тэатральнай сцэны ставіць дыягназ. Усё праўдзіва беларускае сёньня ў Беларусі існуе нібы ў эміграцыі адносна таго, як праходзіць наша будзённае жыцьцё. І новы спэктакль таксама нібы прывезены ў Менск на гастролі зь Беларусі. Вось толькі дзе тая загадкавая краіна, адкуль з Сымонам-музыкам праехала заморская трупа?..

На прэм’еры ў Купалаўскім тэатры пабываў Зьміцер Бартосік”.

(Бартосік: ) “Новага Пінігіна хацелася даўно. Беларускага Пінігіна, а не антрэпрызна-гастрольнага. Таго Пінігіна, які запальваў і зараджаў у 1990-я. Таго, які мог ня толькі зьдзівіць яркім спэктаклем, але і прымусіць душу працаваць. Ня дзіва, што перад пачаткам прэм’ернага паказу я вельмі хваляваўся...

Якія ў Купалаўскім тэатры прыгожыя, глыбокія дзяды! Вялікія дзяды! Дзед Курыла і дзед Даніла. Народныя артысты Генадзь Гарбук і Арнольд Памазан. Ім асабліва і граць-гуляцца ня трэба, уваходзіць у вобраз, ставіць нейкую звышзадачу, а тым больш кудысьці пераўвасабляцца. Такім дзядам верыш ад першага іхнага зьяўленьня на падмостках. Так грунтоўна і спакойна хадзіць, як яны па сцэне, можна толькі па сваёй зямлі. Павольныя, разважлівыя рухі моцных, загартаваных працаю целаў. Зморшчыны, сівізна і вочы толькі падкрэсьліваюць іхную веліч. Гэтым разам я заглядзеўся на купалаўскіх дзядоў, як ніколі раней. Асабліва ў сцэнах сьмерці. Калі дзяды нетаропка апранаюць белы саван і заходзяць у сымбалічны човен.

Крыху шкада было Малчанава-Сымона, якому ў такой кампаніі не хапае ня тое, што акторскага майстэрства. Малады чалавек працуе старанна. Выяўляе з Боскай дапамогай і Пінігінскімі задумамі Сымонаву адухоўленасьць. Але ў кампаніі са звышнатуральнымі дзядамі ягоная гульня на гульню і выглядае. Замест утрапёнасьці і зьдзіўленьня сусьветам атрымліваецца лёгкая “бажавольнасьць”. Мне так падалося. І рэч тут не ў Малчанаўскім майстэрстве. Свой прафэсіяналізм артыст засьведчыў у кінакарціне “Акупацыя. Містэрыі”. Рэч у тым, што любы беларускі дзед – большы беларус за любога маладога нацыяналіста.

Ці ёсьць такі матэрыял, зь якім бы ня зладзіў актор Віктар Манаеў? Зь дзядка-божага дзьмухаўца, убогага жабрака, вартага жалю пабірушніка ў Коласа рэжысэр Пінігін зрабіў дасьціпнага ашуканца і вясёлага махляра. На сцэне – гратэскавы бомж, які чытае маналёг пра тое, што “эх, спазнаешся зь бядою, эх, шырока яе пасьць”, зь нейкім бэндараўскім палётам, жанглюючы мыліцамі. Асобны нумар – жабрацкая прыпавесьць пра варону.Тую, што кінула “дасягненьне трону. Зноў ідзе на летнік. І да гэтых часаў, ёй зачынен засаў, ёй прызначан сьметнік”. Ходзяць чуткі, што мінкультаўскае начальства на здачы спэктаклю было “очань недавольна” гэтым кавалкам. Убачыла ў ім страшны падтэкст, двайное дно і хвігу ў кішэні. Убачыла, вядома, слушна. Як толькі адважыліся паказваць такое публіцы!..

“А кто аўтар этай п’есы?” – спыталася дзяўчына-прыгажуня, што сядзела за мною, у свайго кавалера. Трэба аддаць належнае кавалеру, той справіўся з адказам. Маўляў, каб ведаць аўтара, дастаткова скончыць школу. Але гэты дыялёг лішні раз ілюструе прэм’ерную публіку. Вельмі стракатую, калі не сказаць выпадковую. Сьвяточна апранутыя, зь пячаткаю далучанасьці на тварах, тэатралы. Нейкія дзіўныя маладыя людзі, якія больш арганічна глядзеіся б на раённай дыскатэцы. Багатыя пары ў золатах ды “ролексах”. Не пачуў у фае ніводнага беларускага слова. Пэўна, прыйшлі ня столькі на Коласа ці на Манаева, колькі на моднае імя рэжысэра. Зрэшты, у гэтую, зусім небеларскую эпоху, беларушчыне не пашкодзіць налёт моднасьці або скандальнасьці.

Было цікава, як Пінігін падасьць пачатак трэцяй часткі. Той Коласаў разьдзел, можа, наймацнейшы ў паэме, дзе “і папоўскае пракляцьце, і ксяндзоўскі нагавор”. Рэжысэр ператварыў гэта ў набат. Некалькі жалезных бочак, па якіх, нібы ў там-тамы, б’юць палкамі сяляне. Гром страшэнны. Заднік – чырвоны, палаючы экран. І коласаўскі тэкст выкрыкваецца дзясяткам глотак. Наўпрост ў залю. “А нас цяжка ў сэрца раніць, Пад прыгон узяць навек, Нашы скарбы апаганіць, Душу вынесьці на зьдзек, Каб у віры той ашукі Зьнішчыць нашы ўсе сьляды, Каб ня ведалі і ўнукі, Хто такія іх дзяды”. Можа быць. Напярэдадні новага 2006 году гэтыя радкі трэба падаваць са сцэны толькі так. Каб прабіць нябачную мяжу паміж сцэнаю і заляй. Паміж маладымі людзьмі ў строях, стылізаваных пад сялянскія, і прыгарнітуранай публікай за рампай. Ці дайшлі Коласавы радкі да партэра, ня ведаю. Я сядзеў у бэльэтажы.

Рэжысэр па-майстэрску выбудаваў рытм спэктаклю, чаргуючы сур’ёзныя драматычныя сцэны з камэдыйна-буфанаднымі. Публіцы дазваляюць удосталь расслабіцца і пасьмяяцца ў жыдоўскай карчме. П’яныя танцы, геніяльна пастаўленыя Паўлам Адамчыкавым, праходзяць асобным нумарам. Пад рогат і воплескі. Хоць камічнага ў той сцэне ня так і шмат. Але з дапамогай плястыкі выявіць галоўны кайф элеткарату – гэта найвышэйшы пілятаж.

Як у гэтай краіне цяжка быць паэтам і творцам! Якія могуць быць песьні тады, калі “ўсе работают”. Якія вершы ў той час, калі трэба дбаць пра хлеб. Што можна знайсьці, гледзячы ў неба, калі столькі ўсяго накідана на сьметніках. Ці ёсьць месца творцу на гэтай самай зямной зямлі? Не. Няма. Матыў выгнанага творцы Пінігіну добра знаёмы. Гэта прачытваецца на працягу ўсёй дзеі. Акрамя канцоўкі. Дзе Сымон і Ганна сядаюць у човен, які ўжо забраў у лепшы сьвет дзядоў, і ўзьнімаюцца па-над сцэнаю...

Седзячы на сваім бальконе, я крыху шкадаваў, што падаўся на прэм’еру. Бо розумам ацэньваў і розумам жа захапляўся. Рэжысэрскімі знаходкамі, працаю балетмайстра, касьцюмамі мастака і, безумоўна, музыкай. Але вось бяда. На вялікіх пінігінскіх спэктаклях пачатку 90-х гадоў у мяне не было такой магчымасьці – нешта ацэньваць розумам. Тады здараўся той рэдкі для тэатра цуд, калі ты забываешся, дзе знаходзішся і жывеш выключна тым, што адбываецца на сцэне. Той выпадак, калі няма падзелу паміж сцэнай і заляй. Зараз жа я быў гледачом, які можа зазірнуць у праграмку. А часам і на гадзіньнік”.

(Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік на прэм’еры “Сымона-музыкі” пазіраў на гадзіньнік і задаваўся пытаньнем: чаму гэты Пінігінскі спэктакаль ня робіць на яго такога ўражаньня, як рабілі папярэднія? Чаму няма дзіва? Хто і што настолькі зьмянілася – мы ці тэатар ці гэта зоркі на небе пералеглі такім чынам, што не абуджаюць у нас вясёлага сьмеху зь сябе саміх, як гэта было ў “Тутэйшых”, і не падказваюць нам, што гэта разам з сыходам арыстакратыі скончылася ў Беларусі ідылія і запанаваў хам?

У адным з сваіх інтэрвію Мікалай Пінігін гэткім чынам параўнаў розьніцу ў часе сваіх пастановак, цытую: «Прычыны майго сыходу з Купалаўскага тэатру былі празаічныя, з аднаго боку, і ідэалягічныя зь іншага. Зьмянілася сытуацыя. Нам пашчасьціла працаваць у часы беларускага адраджэньня. Гэта ні з чым не параўнальнае адчуваньне. Мы і дзяржава — гэта пры Шушкевічу было адно. Быў уздым. У нас адчыняліся пасольствы замежных краінаў. Мы стваралі сваю краіну. Але ўсё зьмянілася. Цяпер я стаўлюся да гэтага спакойна. Сьвяты бываюць рэдка. Раз на сто, дзьвесьце гадоў. Народы рэдка атрымліваюць гістарычныя шанцы. Польшча вунь дзьвесьце гадоў чакала».

Сказаў і зьнік. Растварыўся ў расейскамоўным асяродзьдзі, у тэлеперадачы “Рожденные в СССР”, у тым жыцьці, дзе няма месца творцу, пра што ўласна і сказаў – у інтэрвію і ў сваім прачытаньні “Сымона-музыкі”. Такі, бадай, галоўны дыягназ, які ставіць нашаму цяперашняму грамадзтву гэты спэктакаль. Гэта – так добра знаёмая з савецкіх часоў эміграцыя творцаў і ўсіх людзей беларускай сьвядомасьці.

Днямі мы абмяркоўвалі гэтую тэму з адным беларускім гісторыкам, выгнаным нядаўна за свае погляды з Акадэміі навук і вымушаным цяпер выкладаць у іншых краінах. Гісторык надта засмучаўся тым, што ў Беларусі сёньня ідзе татальная падмена гісторыі. Акурат як у 1930-я гады. Тады шукальнікаў гістарычнае праўды, высокапрафэсійных навукоўцаў у Беларусі расстрэльвалі, цяпер – выціскаюць іх за межы краіны. Тады на зьмену прафэсіяналам прыходзілі нікому невядомыя Вальфсоны, цяпер – такія самыя Трашчанкі. Тады навуковыя веды падмяняліся ідэалягічнай траскатнёй, у якой русіфікацыя мяшалася з клясавым падыходам, цяпер навуку таксама падмяняе ідэалёгія, у якой тая самая русіфікацыя замяшаная на вяршэнстве праваслаўя. Словам, дыягназ гісторыка – гэта 1930-я гады. Пінігінскі “Сымон-музыка” ўдакладняе – канец 1920-х, бо ў 30-я такі спэктакаль на галоўнай тэатральнай сцэне быў ужо немагчымы. Тагачасная маскоўская “Літаратурная энцыкляпэдыя” пісала: “У паэме “Сымон-музыка” Міцкевіч (гэта сапраўднае прозьвішча Якуба Коласа. – С.Д.) імкнецца ўвасобіць у мастацкую форму (у вобразе Сымона) буржуазна-нашаніўскую ідэю пра мэсіянскую ролю беларускай інтэлігенцыі. Мэсіянізм “Сымона-музыкі” зьявіўся лягічным завяршэньнем нацыяналістычных тэндэнцыяў у раньняй творчасьці Міцкевіча”. Як усё ж актуальна гучыць, нібы з экрана БТ. І пры гэтым спэктакаль – на сцэне.

Далейшае правядзеньне паралеляў з 1930-м годам маласуцешнае. Бо пасьля зачысткі гісторыі ў сталінскія часы новыя парасткі гістарычнае навукі скрозь ідэалягічны бэтон пачалі прабівацца толькі гадоў праз 20, гэта значыць, праз пакаленьне. А пастаноўка такога зьместу як “Сымон-музыка” стала магчымай і наогул праз паўстагодзьдзя.

Што думае пра гэта Мікалай Пінігін? Ён спрабуе дапускаць, што ўсё ідзе сваім шляхам, а значыць, можа быць, гэта працэс аб’ектыўны. Маю на ўвазе такі рэжым і русіфікацыю. Беларушчына, маўляў, пакідае гістарычную арэну. Значыць, так таму і быць. Вось яшчэ адна цытата з інтэрвію:

“У “Сымоне” для мяне яшчэ важна, што ў сёньняшняй культурна-моўнай сытуацыі мы практычна ставім спэктакаль на старажытна-кельцкай мове. Мовы сыходзяць, зьнікаюць народы. Гэта дрэнна, а зь іншага боку, гэта аб’ектыўная рэальнасьць”.

Вельмі пашыраная, асабліва сярод цяперашняга менстага істэблішмэнту думка. Маўляў, шкада, што беларуская мова сыходзіць у нябыт, але гэта аб’ектыўная рэальнасьць. Мяркую, што якраз не аб’ектыўная, а вельмі нават рукатворная. Бо чаму тады беларускі ліцэй працуе ў вымушаным падпольлі толькі таму, што беларускі? Чаму ў пісьменьнікаў прэзыдэнт адбірае іхны Дом літаратара толькі таму, што яны беларускія пісьменьнікі? Чаму з архіваў БТ вымарываюць кадры Зінаіды Бандарэнкі толькі таму, што яна ўвасабляе менавіта беларускае тэлебачаньне? Параўнаньне з кельцкай, якую сёньня ірляндцы патрабуюць далучыць ледзьве не да афіцыйных моваў Эўразьвязу, яўна кульгае. АБ’ЕКТЫЎНА мовы і культуры сыходзяць САМІ, іх ніхто да гэтага не змушае.

Слухаючы развагі пра аб’ектыўнасьць, я параўноўваю іх з настроямі 1930-га году. Усё тое самае. Ну, кагосьці пасадзілі, дык не забілі ж. Ну, закрылі школу, газэту, разагналі мітынг, прынялі рэпрэсіўны закон... А хіба ў Заходняй Эўропе не закрываюць, не разганяюць, не прымаюць... Адкуль бярэцца гэтая “аб’ектыўнасьць”? Ад таго, што я з гэтым нічога зрабіць не магу або не хачу. А каб захаваць прыстойнае аблічча, інтэлігент кажа не пра тое, што ад яго нічога не залежыць, як сказаў бы чалавек паспаліты, а пра тое, што гадасьць, якая дзеецца ў сьвеце – на жаль, гадасьць аб’ектыўная.

Не раблю гэтага закіду Мікалаю Пінігіну, бо ён толькі сфармуляваў тое, чым дыхае менскі істэблішмэнт. Пінігін – мастак, які пражывае адначасова шмат роляў-жыцьцяў і ў кожным жыцьці дастасоўвае адпаведны сьветапогляд. Адзінае бянтэжыць, што Пінігінскі “Сымон-музыка” мусіў гэтай аб’ектыўнасьці запярэчыць (і гадоў 10 таму запярэчыў бы напэўна), а ён яе падтрымаў.

Вядома, кожны будзе прачытваць твор Коласа па-свойму. Некаму там і рэвалюцыйныя матывы ўбачацца галоўнымі. Пінігін прачытаў яго мінорна. На маю думку, паэма якраз мажорная і вельмі сонечная. Але гэта не прадмет для спрэчкі. Напрыканцы спэктаклю Сымон і Ганна заходзяць у човен, які перад тым ужо паслужыў труною дзеду Курылу і дзеду Данілу. Матыў разьвітаньня (чытай, “аб’ектыўнага” сыходу мовы, якой шкада да сьлёз) і мінору. Магчыма, гэты мінор – прызнаньне ў няздольнасьці нешта зьмяніць – і стаў найбольшым адрозьненьнем “Сымона-музыкі” ад “Ідыліі” і “Тутэйшых”, якія, наадварот, зараджалі энэргіяй жыцьця і нязгоды. Вось тут і хацелася б запярэчыць, тут хацелася б самога Коласа, а не ягонай інтэрпрэтацыі. Напрыканцы паэмы Колас зусім не мінорна паведамляе нам, што казка сканчаецца і што працягам ёй будзе рэальнае жыцьцё, у якім ужо не ад мяне, Коласа, а ад вас саміх залежыць, як вы абыйдзецеся з вашым дарам, які вам ад Бога дадзены – з вашай мовай і з вашай культурай”.
XS
SM
MD
LG