Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 12 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Беларуская крыніца”, 1935 год:

“З пачаткам бягучага навучальнага году т-ва “Беларуская Хата” ў Рызе зарганізавала хор. Сьпеўкі адбываліся кожную нядзелю й кожнае сьвята… За кароткі час хор навучыўся сьпяваць значны лік беларускіх народных песьняў… Зарганізаваўся і павёў ажыўленую працу жаночы гурток пры таварыстве. Кожны чацьверг сяброўкі гуртка займаліся ручной працай для т-ва, разам з тым адбываліся дыскусыі на розныя тэмы, пераважна выхаваўчыя. Нажаль, уся праца цяпер спынена загадам уладаў аб ліквідацыі т-ва “Б.Х.”.

“ЛіМ”, 1955 год. Мой дзед Пётар Падбярэскі, намесьнік міністра культуры БССР робіць справаздачу:

“За адзінаццаць месяцаў гэтага года ў параўнанні з тым-жа перыядам 1954 года абслужана на 12 мільёнаў больш гледачоў, з іх на вёсцы — на 5.055 тысяч чалавек… Перадавымі абласьцямі па арганізацыі кіноабслугоўвання з’яўляюцца Віцебская вобласць, якая выканала гадавы план 29 лістапада 1955 года, Магілёўская — гадавы план выканала 30 лістапада, Брэсцкая — 1-га снежня… Пераможцамі ва ўсесаюзным спаборніцтве кінофікатараў за тры кварталы 1955 года выйшлі восем гарадскіх кінотэатраў: “Перамога”, “Цэнтральны”, “Дзіцячы” (Мінск), “Таварыш” (Бабруйск), “Беларусь” (Брэст) і іншыя…”

“Народная Воля”, 1995 год:

“Некалі, да замужжа, сьвінарка калгасу “17 верасьня” Столінскага раёну Н.Ф.Колбік атрымала залатую Зорку Героя Сацыялістычная працы. Пра Ніну Фёдараўну тады доўга замалёўкі ды нарысы хадзілі па газэтах. У прэзыдыюмах насядзелася. Але ж і працавала. Потым яна абзавялася сям’ёй, а пазьней сур’ёзна захварэла. Тым часам падрасьлі дзеткі, зазьбіраліся з роднага гнязда. Тут і згадала Ніна Фёдараўна пра запаветную ўзнагароду. Дастала са шкатулкі ордэн і да майстра. Майстар каштоўную сьвятыню пераплавіў, зрабіў зь яе чатыры заручальныя пярсьцёнкі ды дзьве пары найвыдатнейшых высакапробных завушніцаў”.
XS
SM
MD
LG