Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі прэм''ер абяцае афіцыйнаму Менску прыняць меры ў адказ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларускія памежнікі не пусьцілі ў Беларусь дарадцу прэм’ер-міністра Польшчы ў справах палякаў за мяжой Міхала Дворчыка, які накіроўваўся на Гарадзеншчныу, каб, сярод іншага, сустрэцца з сябрамі непрызнаванага афіцыйным Менскам Саюзу Палякаў. Польскі прэм’ер заяўляе, што гэта “вельмі дрэнная практыка”, і што Варшава “дасьць на яе дыпляматычны адказ”.

Міхал Дворчык накіроўваўся ў Беларусь у складзе ўрадавай дэлегацыі разам з дзяржсакратаром канцылярыі прэм’ера Адамам Ліпіньскім і генэральным консулам Польшчы Анджэям Крэнтоўскім.

На памежным пераходзе Кузьніца-Брузгі беларускія памежнікі забралі ў яго пашпарт, дакладна спраўдзілі рэчы, а потым пакінулі чакаць у памяшканьні, асобна ад ягоных калегаў па дэлегацыі.

(Дворчык: ) “Мне сказалі, што маё знаходжаньне на тэрыторыі Беларусі непажаданае, і гэта ўсё. Па падрабязнасьці памежнікі параілі зьвярнуцца ў амбасаду Беларусі ў Варшаве”.

Спадары Ліпіньскі і Крэнтоўскі вырашылі ехаць далей. “Я маю дыпляматычны пашпарт і, напэўна, гэта мяне ўратавала”, – заявіў Адам Ліпіньскі. Міхал Дворчык мае намер зьвярнуцца ў беларускую амбасаду ў Варшаве па пісьмовыя тлумачэньні падставаў забароны на ў’езд у Беларусь.

Між тым прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч ужо заявіў журналістам, што захады беларускіх уладаў не застануцца без адказу з боку Варшавы.

(Марцінкевіч: ) “Гэта вельмі нядобрая практыка. Будзе адпаведная рэакцыя польскіх дыпляматычных службаў у гэтай справе”.

У суботу позна ўвечары таксама на пераходзе ў Кузьніцы беларускія памежнікі не дазволілі ўехаць у Беларусь журналістцы польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай разам з апэратарам і кіроўцам, якія накіроўваліся ў Менск, каб адкрыць там сталы карэспандэнцкі пункт тэлебачаньня.

У Польшчы гэтыя выпадкі актыўна камэнтуюць СМІ, падкрэсьліваючы, што гэткая тактыка беларускіх ўладаў не прынясе патрэбных ёй вынікаў.

(Рэпарцёр: ) “Калі прэзыдэнт Лукашэнка думае, што, забараніўшы ўезд у Беларусь польскім дыпляматам і мэдыям, змусіць нас маўчаць і нічога не рабіць, дык нават у гэтую хвіліну ён можа пераканацца, што вельмі памыляецца”, – камэнтуе інцыдэнты на мяжы першая праграма польскага тэлебачаньня.
XS
SM
MD
LG