Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы бюджэт мае павялічыць прыбыткі і выдаткі дзяржавы


Юлія Шарова, Менск Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць разгледзець у першым чытаньні праект бюджэту на 2006 год. Згодна з праектам асноўнага фінансавага дакумэнту краіны, патраціць плянуецца 26,6 трыльёнаў рублёў, атрымаць – 25,5 трыльёнаў. Выдаткі й прыбыткі павінны значна ўзрасьці ў параўнаньні з 2005 годам. Але пры гэтым у бюджэт закладваюць дэфіцыт – 1,5 адсотка ад валавога ўнутранага прадукту.

Толькі ў чацьвер дэпутаты атрымалі праект бюджэту, а ў пятніцу абмяркоўвалі яго з прадстаўнікамі міністэрстваў на пашыранай нарадзе. Працаваць даводзіцца хутка й заканадаўцаў гэта напружвае. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава паскардзілася на тое, што на вывучэньне гэтага дакумэнту ім далі так мала часу.

(Абрамава:) Я не рэактыўны самалёт. У такім рэжыме працаваць вельмі цяжка. Я буду сядзець усю суботу й нядзелю, але я не гарантую таго, што ў мяне ня будзе заўвагаў.

(Карэспандэнт:) А чаму так позна падаюць праект бюджэту? Гэта ў прынцыпе нармальна?

(Абрамава:) Вельмі складанае ўзгадненьне было. Вельмі складанае. Быў пастаўлены цэлы шэраг праблемных задачаў, якія давялося вырашаць у гэтым бюджэце.

Разам з тым спадарыня Абрамава адзначае, што для любой краіны зь пераходнай эканомікай зьвярстаць бюджэт – калясальная праблема. Розныя эканамічныя парамэтры занадта часта могуць мяняцца па незалежных ад эканамістаў прычынах. Што да хуткага прыняцьця галоўнага фінансавага дакумэнту краіны, то Вольга Абрамава ня думае, што бюджэт трэба гэтак ужо доўга абмяркоўваць – усё адно ён зьмяняецца цягам году. Гарачыя дэбаты могуць адбывацца тады, калі вырашаюцца вельмі прынцыповыя пытаньні. Так, спадарыня Абрамава прыгадвае, як некалі ёй давялося доўга даводзіць, што трэба павялічыць выдаткі на адукацыю й на пэнітэнцыярную сыстэму.

Эканаміст Міхал Залескі лічыць, што беларускія дэпутаты здольныя прыняць бюджэт і за два дні – ім папросту няма чаго абмяркоўваць і няма пра што спрачацца. У парлямэнтах іншых краінах ёсьць прадстаўнікі самых розных слаёў насельніцтва – бедных і мільянэраў, нафтавікоў і настаўнікаў, банкіраў і сялянаў. Таму паміж імі ідуць доўгія дэбаты. Дэпутаты прадстаўляюць у беларускай Палаце абстрактны народ і прымаюць гэтакі народны бюджэт, кажа эканаміст.

Што да бюджэтнага дэфіцыту, то спадар Залескі ня лічыць яго істотным: летась таксама закладалі дэфіцыт, але па выніках году атрымаецца прафіцыт, перавыкананьне.

(Залескі:) “Я б зьвярнуў увагу болей не на дэфіцыт бюджэту, а на ягоную сацыяльную скіраванасьць і пры гэтым недафінасаванасьць асноўных сацыяльных кірункаў. Гэта ня значыць, што бюджэт ня будзе выкананы паводле гэтых накірунках, а гэта значыць, што на тыя накірункі патрэбна значна болей грошай. Калі мы паглядзім, колькі на жывую душу насельніцтва прыпадае грошай у іншых краінах, у добрых краінах, у добрых краінах, якія могуць быць прыкладам, то мы ўбачым, што нашая беднасьць усё яшчэ досыць вялікая”.

На адукацыю, ахову здароўя і на сацыяльную палітыку ў наступным годзе плянуецца патраціць 11,6 трыльёнаў рублёў. На пераадоленьне наступстваў чарнобыльскай аварыі выдаткуюць 7 мільярдаў, на адраджэньне вёскі – 2,3 трыльёны. На культуру, спорт і сродкі масавай інфармацыі дадуць каля 370 мільярдаў рублёў.
XS
SM
MD
LG