Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч пачынае паездку па Берасьцейшчыне


Алесь Дашчынскі, Менск Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч пачынае наведваньне Берасьцейшчыны. Сёньня і заўтра ён мае наведаць Берасьце, 14 сьнежня будзе ў Кобрыне, а затым у Белазёрску, Бярозе й Івацэвічах.

На мінулым тыдні адзінага кандыдата ад апазыцыі сустракалі на Гомельшчыне. Мясцовыя ўлады спрабавалі як мага скараціць альбо наагул сарваць сустрэчы. Напрыклад, у праваслаўнай царкве ў Гомлі павесілі аб’яву: “У памяшканьні вядзецца прамыўка столі і сьценаў”. Ва ўнівэрсытэце транспарту прызначылі дадатковую лекцыю для студэнтаў, якраз у той час, калі плянавалася сустрэча, а ў Васілевічах зачынілі краму “з тэхнічных прычынаў”.

Падчас наведваньня школьнага краязнаўчага музэя ў Васілевічах і паліклінікі ў Сьветлагорску, адміністрацыя спрабавала спыніць сустрэчы Мілінкевіча зь людзьмі. На Гомельшчыне Мілінкевіча суправаджалі прадстаўнікі спэцслужбаў, якія нахабна вялі відэаздымкі. Аляксандар Мілінкевіч кажа, што гэтыя дзеяньні спэцслужбаў абскарджаны камандай ў міліцыі.

(Мілінкевіч: ) “Улада выпрацавала пэўны мэтад барацьбы супраць нашых паездак, каб зьнізіць іх эфэктыўнасьць. Яны апрацоўваюць у навучальных установах, на заводах, фабрыках, у лякарнях людзей і ўсім гавораць, што ні ў якім разе не кантактуйце з Мілінкевічам, што гэта страшны апазыцыянэр і што ўсё будзе здымаць камэра і калі мы вас убачым, то звольнім або з навучальнай установы альбо з завода. І сапраўды, увесь час ёсьць камэра, якая ходзіць за намі, па дзьве-тры машыны спэцслужбаў езьдзяць. І кожны раз, як толькі мы спыняемся, выходзіць чалавек з камэрай і з блізкай адлегласьці здымае ўсё, што мы робім і тых людзей, якія з намі размаўляюць. З аднаго боку, гэта дзейнічае на людзей. Яны больш баяцца. Але з іншага боку, вельмі добра, што так улада працуе, бо яна гаворыць з такой колькасьцю людзей…Яны ўсім тлумачаць, што прыяжджаюць людзі, якія хочуць зьменаў у краіне і ўвесь горад толькі аб гэтым і гаворыць.”

Спадар Мілінкевіч адмяніў плянаваныя ў выходныя паездкі – у Асіповічы, Мар’іну Горку, Сьвіслач і Маладэчна. Ягоны штаб лічыць турнэ па краіне больш эфэктыўным, калі ёсьць дастаткова часу для наведваньня горада і сустрэч з людзьмі. Спадар Мілінкевіч мяркуе аб’ехаць палову са 118 райцэнтраў Беларусі. Вось як ён ацэньвае працу мясцовых штабоў.

(Мілінкевіч: ) “Там, дзе штабы дамовіліся, каму якія пасады, хто за што адказвае і ўжо створана каманда, там яны, безумоўна, выдатна працавалі. У некаторых месцах ёсьць пэўныя, невялічкія супярэчнасьці, хаця канфліктаў мы нідзе ня бачылі. І там, дзе яшчэ не зусім каманда створана, усё ж такі гэта рознапартыйныя калектывы, там былі большыя недарэчнасьці. Але ў цэлым, я вельмі ўдзячны ўсім актывістам, яны правялі сапраўды велізарную працу. Улады, безумоўна, перашкаджаюць, папярэджваюць, перасьледуюць людзей. Але я адчуў, што людзі менавіта ў такіх паездках атрымліваюць значную энэргію на тое, каб працаваць далей. Усё ж такі калектыўныя сустрэчы ствараюць дух каманды і ў гэтым сэнсе таксама вельмі важна езьдзіць па рэгіёнах”. Дзяржаўныя мэдыі замаўчалі наведваньне Аляксандрам Мілінкевічам Гомельшчыны. Нічога не паведамлялі пра гэта і недзяржаўныя мясцовыя тэлекампаніі. І ў гэтым сытуацыя розьніцца, напрыклад, ад суседняй Украіны. Паводле Мілінкевіча, падчас візыту ў Кіеў украінскія мэдыі мелі да яго надзвычай вялікую цікавасьць. А вось у Гомелі адна зь дзяржаўных гарадзкіх газэтаў толькі напісала, нібыта прадпрымальнікі прасілі Мілінкевіча пакінуць рынак і не перашкаджаць працаваць. Яшчэ там адбыўся такі інцыдэнт.

(Мілінкевіч: ) “Былі спробы, нібыта, ад тэлебачаньня зрабіць некалькі інтэрвію, але, дзіўна, што падыходзілі карэспандэнты дзяржаўнага тэлебачаньня, а апэратарам быў зноў жа чалавек са спэцслужбаў. І мы адмаўляліся даваць інтэрвію такой групе людзей”.

Вось як ацэньвае рэгіянальныя паездкі і палітычную кампанію Аляксандра Мілінкевіча палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) “Добра, што такія паездкі ёсьць, такія сустрэчы ладзяцца. Але вельмі дрэнна, што гэта амаль адзінае, што робіцца сёньня па перадвыбарчай кампаніі. Па-другое, эфэктыўнасьць гэтых паездак, калі няма магчымасьці сустракацца ў залях, зьбіраць досыць народу, яна, на жаль, вельмі малая. Тут павінен быць комплекс розных мерапрыемстваў і ў першую чаргу – гэта арганізацыйная праца з улікам тых умоваў, якія сёньня склалі для нас улады. А ўлады склалі такія непрымальныя, цяжкія ўмовы. Таму трэба нечым кампэнсаваць адсутнасьць сродкаў масавай інфармацыі, адсутнасьць магчымасьці ладзіць сходы. Якія-ніякія думкі на гэты конт ёсьць, але ж гэта ўжо не для таго, каб улады пра іх ведалі і тым больш шкодзілі. Таму, я думаю, што штосьці па-за асьвятленьнем СМІ робіцца Мілінкевічам і трэба на гэта зараз рабіць упор”.

Палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа, што езьдзіць па рэгіёнах Аляксандру Мілінкевічу трэба, але ёсьць заўвагі адносна стратэгіі ўсёй кампаніі.

(Суздальцаў : ) “Езьдзіць ён павінен, канешне. Але ён павінен езьдзіць, калі ў яго ёсьць адпрацаваны тыл. Калі працуюць яго службы. Хацелася б гэтую працу бачыць. Народ ня ведае Мілінкевіча. І мяне ўражвае праца штабу. Ня бачна ні аналітычнай, ні асабліва інфармацыйнай працы. І штаб, фактычна, незаўважны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG