Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы за мяжой” – пяць гадоў у эфіры


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 22 лістапада 2005) Новая перадача сэрыі “Беларусы за мяжой”. Набыткі і пэрспэктывы – да пятай гадавіны выхаду ў эфір. Удзельнікі: Вячка Станкевіч (ЗША), Алена Макоўская (Менск), Алег Рудакоў (Іркуцк).

У гэтым месяцы адна са сталых перадачаў Радыё Свабода “Беларусы за мяжой” адзначыла пятую гадавіну выхаду ў эфір. 10 лістапада 2000 году прагучаў яе першы выпуск пра беларусаў ў Канадзе, Аўстраліі і Літве. З таго часу нашыя слухачы маглі кожны тыдзень атрымоўваць весткі пра жыцьцё беларускага замежжа.

(Сурмач: ) “Перадача “Беларусы за мяжою” напачатку выходзіла пад назваю “Беларускае замежжа”. Потым яна стала часткаю праграмы “Беларусы за мяжой”, якая цяпер выходзіць у двух блёках.

Усяго за пяць гадоў у эфіры прагучала 228 выпускаў перадачы. Удзельнікамі іх былі амаль што ўсе адметныя дзеячы беларускага замежжа. Гукавы архіў перадачы захоўвае галасы і тых вядомых людзей, якія ўжо адышлі ад нас: Міхася Навумовіча, Барыса Рагулі, Расьціслава Завістовіча, Янкі Міхалюка, Зоры Кіпель, Яніны Каханоўскай, Уладзімера Галузы, Кастуся Шышэі...

Перадача пра жыцьцё беларусаў у замежжы была закладзеная на Радыё Свабода на ініцыятыву Вячкі Станкевіча, які доўгі час быў кіраўніком беларускай “Свабоды”. У 2000 годзе ён ужо не працаваў стала, але на некаторы час замяняў новага кіраўніка Аляксандра Лукашука, які быў у творчай камандзіроўцы ў ЗША.

Вячка Станкевіч кажа, што на той часу ўжо даўно выношваў гэтую думку адчыніць такую перадачу”.

(Станкевіч: ) “Я скажу, што гэта была ня першая спроба, каб паказваць, якое жыцьцё было, якое жыцьцё ёсьць сярод ранейшых і новых беларускіх эмігрантаў. Такая думка існавала, толькі што гэтыя спробы заўсёды трывалі нядоўга. У 2000 годзе ў Празе зьявілася новая асоба, якая была дасьведчаная ў справах беларускага замежжа, так што гэта пачалося і працягваецца далей, на маю думку працягваецца вельмі плённа.

Я сачу за гэтай праграмай і нават раблю сабе нейкія нататкі, бо сапраўды там ёсьць інфармацыя пра тое, што адбываецца ў беларускім замежжы як на Ўсходзе, так і на Захадзе. Я думаю, што і іншыя людзі таксама слухаюць і маюць з гэтага карысьць, бо даведваюцца, што робяць іншыя, якія цяжкасьці маюць. Гэта цяпер як бы ўсясьветная праграма.

На далей трэба падумаць пра нейкі спосаб, каб слухачы больш актыўна падавалі свае думкі наконт пашырэньня тэмаў, наконт удзелу новых людзей і г.д. Ня шкодзіла б, каб больш атрымоўвалі парадаў ад тых, якія слухаюць, каб пашырыць інфармацыю і даваць сапраўдную карціну жыцьця беларускага замежжа”.

(Сурмач: ) “Зь вяртаньнем у рэдакцыю Аляксандра Лукашука перадача набыла новае аблічча. З апавядальна-храналягічнай яна ператварылася ў больш творчую. Спадар Аляксандар прапанаваў канцэпцыю тэматычных выпускаў перадачы. Гэтая канцэпцыя даказала сваю жыцьцяздольнасьць, яе мы трымаемся і да сёньня.

Амаль тры гады перадача выходзіла ў эфір дзякуючы нашай сумеснай працы зь Сяржуком Сокалавым-Воюшам, які надаваў сваім пісьменьніцкім талентам асаблівы калярыт кожнаму выпуску. Цяпер гэтай паэтычнасьці, на маю думку, перадачы не хапае.

Аднак, нашых слухачоў, як паказвае досьвед, найперш цікавіць менавіта інфармацыя пра беларускае замежжа. А дыяпазон гэтай інфармацыі быў даволі шырокім, і ўсе тэмы тут цяжка пералічыць.

Мы распавядалі пра жыцьцё беларускіх суполак у розных краінах, знаёмілі вас зь людзьмі са старэйшай і з новай эміграцыі, гаварылі пра цяжкасьці, якія чакаюць эмігранта на чужыне, пра беларускія таленты ў замежжы, пра студэнтаў, спартоўцаў, бізнэсоўцаў. У перадачах адлюстроўваліся вядомыя падзеі ў сьвеце і ўдзел у іх беларусаў, напрыклад, пра падзеі 11 верасьня 2001 году ў Нью-Ёрку, пра амэрыканскага вайскоца-беларуса, які браў удзелу ў вайне з Іракам, пра ўдзел беларусаў у “памаранчавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне і інш. Мы адзначалі юбілейныя даты дзеячаў эміграцыі, рабілі спэцыяльныя выпускі ў памяць тых, хто адыходзіў. Значнае мейсца займалі ў перадачы старонкі гісторыі беларускай эміграцыі. Мы паведамлялі пра беларускія СМІ ў замежжы, пра беларускую адукацыю на эміграцыі, пра сьвяткаваньне нацыянальных сьвятаў, пра гуманітарную дапамогу замежжа беларускім дзецям.

Мы таксама аналізавалі працэсы, якія адбываліся ў беларускай эміграцыі, рэагавалі на палітыку беларускіх уладаў адносна дыяспары, распавядалі пра дзейнасьць Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Старшыня Згуртаваньня Алена Макоўская выказвае сваё меркаваньне адносна перадачы.”

(Макоўская: ) “Канечне, перадача вартая ўвагі. Радыё Свабода – гэта радыё для беларусаў ва ўсім сьвеце, і гэта натуральна, што яно мае перадачы не толькі пра падзеі ў Беларусі, але і па-за межамі. Тым больш, што сама цэнтральная сядзіба радыё знаходзіцца ў замежжы.

Дзейнасьць нашага Згуртаваньня грунтуецца на тым, што беларусы замежжа і на бацькаўшчыне – гэта дзьве часткі адной нацыі. Інфармацыя пра тое, што за мяжой жывуць і дзейнічаюць нашыя суайчыньнікі, мае вялікае патрыятычнае значэньне для нас у Беларусі. Нам важна ведаць, што недзе ў чужых краінах жывуць людзі, якія працягваюць усьведамляць сябе беларусамі і пацьвярджаюць гэта сваёй працай, сваімі справамі. Гісторыя культуры беларусаў замежжа – гэта неад''емная частка нашай агульнай гісторыі і культуры.

Мы ведаем, што праца зь беларускім замежжам сёньня не зьяўляецца прыярытэтным накірункам зьнешняй палітыкі нашай дзяржавы, і ў гэтых варунках менавіта ваша перадача мае непараўнальна вялікае значэньне. Яна дапамагае злучаць нас у адно цэлае, гэтыя дзьве разьяднаныя часткі нацыі. Гэта мост, які дае магчымасьць нам камунікаваць між сабою, даведвацца нешта новае пра беларусаў у розных краінах”.

(Сурмач: ) “Для “Бацькаўшчыны”, спадарыня Алена, пэўна, важна і тое, што мы часам знаходзім новых людзей ў замежжы, зь якімі вы яшчэ ня маеце сувязі?”

(Макоўская: ) “Я хачу дадаць, што насамрэч для Згуртаваньня "Бацькаўшчына" ёсьць непасрэдная карысьць ад гэтай перадачы, бо мы зацікаўленыя ў кантактах зь беларусамі ва ўсім сьвеце і гэтая перадача сапраўды дапамагае знайсьці новых людзей і навязаць з імі кантакты.

Сёньня ў Беларусі ёсьць пэўныя абмежаваньні на выезд у замежжа, ёсьць абмежаваньні на прыезд у Беларусь для замежных беларусаў, для "Бацькаўшчыны" самой таксама ў правядзеньні нашых мерапрыемстваў. У гэтай сытуацыі вельмі важная роля вашай перадачы, бо вы знаходзіцеся ў замежжы, маеце больш магчымасьцяў кантактаваць з беларускай дыяспарай бяз тых абмежаваньняў, якія ёсьць у Беларусі і даносіць гэтую інфармацыю да нас”.

(Сурмач: ) “Алена, на Ваш погляд, што можна было б зьмяніць у перадачы, як палепшыць?”

(Макоўская: ) “Беларускае жыцьцё ў замежжы вельмі багатае, багатае на асобаў і на падзеі. Хацелася б, каб перадача шырэй ахоплівала тое, што адбываецца ў замежжы. Факт, які цяжка аспрэчыць, што дыяспара спрыяе дэмакратызацыі нашай краіны, яе дзейнасьць там – вялікая падтрымка нам у Беларусі. Таму нам патрэбна як мага больш ведаць пра здабыткі беларускага замежжа, пра розныя накірункі дзейнасьці.

Часта ў беларускім замежжы адбываюцца падзеі праблемнага характару, якія патрабуюць хуткай рэакцыі з боку беларускай грамадзкасьці. Напрыклад, нядаўная гісторыя з газэтай "Ніва" ў Беластоку. У гэтым сэнсе вашыя перадачы могуць быць больш інтэрактыўныя, могуць спрыяць мабілізацыі і актывізацыі грамадзкай думкі, грамадзкай пазыцыі адносна той ці іншай падзеі.

Радыё Свабода сёньня ёсьць вельмі ўплывовым, незалежным радыё, якое слухае тут вялікая колькасьць людзей. Патрэбнае, на мой погляд, павелічэньне нейкіх аналітычных аспэктаў.

Канечне, у перадачы хочацца бачыць больш новых людзей, новыя погляды на мінулае і сучасныя падзеі. Несумненна працягвайце, разьвівайцеся, творчага вам натхненьня і хацелася б, каб яна выходзіла часьцей”.

(Сурмач: ) “Як нам вядома з водгукаў нашых слухачоў, перадачу слухаюць ня толькі ў Беларусі, але і ў самім беларускім замежжы. Праўда, на жаль, далёка ня ўсюды магчыма слухаць, таму бальшыня замежных беларусаў чытаюць тэксты перадачаў на нашым сайце ў інтэрнэце. Гэткую магчымасьць выкарыстоўваюць, напрыклад, беларусы Прыбайкальля. Гаворыць старшыня беларускай суполкі з Іркуцку Алег Рудакоў”.

(Рудакоў: ) “Я думаю, што гэтая перадача павінна існаваць. Па-другое, павінны стаць карыснаю ў сэнсе таго, каб даваць магчымасьць людзям больш даведвацца, што адбываецца ў беларускіх асяродках у сьвеце.

Нам вельмі важна атрымліваць інфармацыю, бо да нас даходзіць мала зьвестак пра тое, што робіцца ў сьвеце, у іншых беларускіх суполках. І таму вось такая перадача, якая абагульняе, якае дае інфармацыю, што робіцца ў той ці іншай краіне ў беларускіх асяродках, для нас гэта карысна, па-другое, мы можам нейкія навіны выкарыстоўваць і ў сваёй працы.

Я даўно прапаноўваю Згуртаваньню "Бацькаўшчына", каб яны ў сваіх бюлетэнях пісалі ня толькі пра тое, што адбывалася, але і пра тое, што плянуецца тымі ці іншымі суполкамі. Добра было б рабіць так і ў гэтай перадачы. Тады людзі змогуць прыехаць адзін да аднаго, паўдзельнічаць у мерапрыемствах. Нам трэба было б прыяжджаць часьцей адзін да аднаго і глядзець, як працуюць іншыя.

Я, напрыклад, быў бы вельмі задаволены, каб нехта з замежных беларусаў, з Эўропы, напрыклад, прыехаў да нас на Байкал і паглядзеў, як мы працуем зь беларусамі, якія перасяліліся зь Беларусі пад час сталыпінскай рэформы”.

(Сурмач: ) “Спадар Алег, нагадаю, што мы ўжо некалькі разоў рабілі перадачы пра беларусаў у Іркуцку?”

(Рудакоў: ) “Сапраўды, гэта так і больш таго, напрыклад, вы рабілі перадачу пра Красоўскага. Гэтую перадачу пачулі ў Польшчы, на Беласточчыне, і там потым знайшліся сваякі гэтага чалавека. Ён здолеў паехаць у Польшчу і сустрэўся там з гэтымі сваякамі, цяпер ў яго ўсталяваліся зь імі трывалыя сувязі. Так што, дзякуючы вашай перадачы, знайшліся сваякі аднаго нашага сыбірскага беларуса, які ніколі ня быў нават у Беларусі і згубіў увогуле сувязь са сваякамі. Так што перадача вельмі карысная нават у гэткім сэнсэ”.

(Сурмач: ) “Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода была некалі створаная менавіта стараньнямі беларускай эміграцыі. Першы і многія наступныя творчыя калектывы рэдакцыі складаліся з эмігрантаў, якія жылі на Захадзе. Уся гісторыя беларускай праграмы на Радыё Свабода цесна зьвязаная зь беларускім замежжам і гэтая сувязь павінна працягвацца і сёньня.

Беларускае замежжа, як падкрэсьліла Алена Макоўская, зьяўляецца арганічнай часткаю нацыі, якую сёньня, фактычна, ігнаруюць на бацькаўшчыне, і Радыё Свабода праз сваю адмысловую праграму “Беларусы за мяжой” можа часткова запаўняць гэты недахоп у інфармацыйным полі сучаснай Беларусі. Беларусы на бацькаўшчыне маюць права ведаць пра тое, як жывуць іх суайчыньнікі ў сьвеце, але гэтае права сучасны беларуская ўлада ім не забясьпечвае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG