Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Саюзу беларускіх пісьменьнікаў выключылі 12 “раскольнікаў” (фота)


Валер Каліноўскі, Менск У Менску прайшоў нечарговы сход Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў, на якім была выказаная падтрымка кіраўніцтву арганізацыі на чале з Алесем Пашкевічам. Сход быў выкліканы расколам, які ўнесьлі ў пісьменьніцкі асяродак улады, стварыўшы альтэрнатыўную праўрадавую арганізацыю.

На сходзе прысутнічала каля 200 сяброў саюзу, яны адзінагалосна выключылі са свайго аб’яднаньня 12 літаратараў, якія пайшлі ў праўладную арганізацыю пісьменьнікаў.

Сход Саюзу беларускіх пісьменьнікаў прайшоў незаплянавана, пасьля таго як быў вычарпаны парадак дня сходу іншай арганізацыі – Літфонду, у якую ўваходзяць ўсе сябры СБП. Каля 200 літаратараў вырашылі абмеркаваць сытуацыю, якая склалася пасьля стварэньня ў канцы лістапада праўладнага Саюза пісьменьнікаў на чале з Мікалаем Чаргінцом.

Сябры новага праўладнага саюзу ўжо выступілі з жорсткай крытыкай на адрас арганізацыі, якой кіруе Алесь Пашкевіч, у тым ліку заявілі, што, маўляў, там забытая літаратура, і арганізацыя перайшла на пазыцыю процістаяньня ўладзе.

Лідэр СБП Алесь Пашкевіч заявіў, што арганізацыя перажывае этапны момант разьвіцьця і паставіў перад сябрамі саюзу пытаньне аб даверы кіраўніцтву.

(Пашкевіч: ) “Згадаўшы працытаваныя заўвагі нашых колішніх сяброў, я прашу вас абмеркаваць кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменьнікаў і ўрэшце рэшт выказаць ці недавер, ці давер цяперашняму кіраўніцтву саюзу”.

Аднак тэма даверу старшыні саюза і ягоным намесьнікам сябрамі СБП не абмяркоўвалася, паколькі праблемы такой, на думку літаратараў няма, раскол ствараецца штучна, пад прымусам уладаў. Гаворыць Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Можна чакаць горшага. Тым ня менш, мы ў лепшай сытуацыі, чым былі пісьменьнікі ў 1936– 1937 гадах. І пакуль можна нешта рабіць – трэба рабіць”.

Пісьменьнік Віктар Карамазаў заклікаў не рэагаваць востра на раскол, ня крыўдзіць сваіх калег “па цэху”, а займацца стваральнай працай, творчасьцю і прапагандай беларускай літаратуры.

І, сапраўды, канфрантацыйных прамоваў амаль не было. Сход СБП разгледзеў толькі заявы 12 літаратараў, якія самі вырашылі пакінуць іх арганізацыю. Алесь Пашкевіч пералічыў іх прозьвішчы:

(Пашкевіч: ) “Чаргінец, Марчук, Трахімёнак, Баравікова, Аўруцін, Сульянаў, Марціновіч Алесь, Карызна, Папова, Пазьнякоў, Сакалоўскі Рыгор і Палікаміна”.

Мікалай Чаргінец, дарэчы, у сваёй заяве абвінаваціў кіраўніцтва СБП у тым, што яно не прызнае ўлады Беларусі і дзяржаўную сымболіку. Іншыя асаблівых абвінавачваньняў не рабілі.

Сход СБП выказаў адзінадушную падтрымку свайму кіраўніцтву. У адмысловай адозьве сход канстатаваў “адзінства арганізацыі ў адстойваньні свабоды слова і дэмакратычных прынцыпаў дзяржаваўлакаваньня”, заявіў пра свой непакой “катастрафічным звужэньнем сфэры ўжываньня беларускай мовы, пратэст супраць чыноўніцкага наступу на незалежныя СМІ, супраць публічных паклёпаў і неабгрунтаванай крытыкі дзейнасьці СБП з боку нядаўніх яго сяброў, якія з прычынаў уласных амбіцый ці ў жаданьні дагадзіць уладзе, абвясьцілі пра стварэньне “правільнага” саюзу пісьменьнікаў”.

Лідэр арганізацыі Алесь Пашкевіч паведаміў, што аналягічныя сходы пройдуць і ў абласьцях.

Фотарэпартаж







XS
SM
MD
LG