Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежных мэталістаў пазбавілі офісу


Міхал Стэльмак, Віцебская вобласьць У Барані, што на Віцебшчыне, пазбаўляюць офісу суполку Свабоднага прафсаюзу мэталістаў прадпрыемства “Лёс”. Яго адміністрацыя спасылаецца на прэзыдэнцкі ўказ.

Прафсаюзная суполка, паводле яе лідэра Васіля Леўчанкава, атрымала афіцыйны ліст ад дырэктара прадпрыемства:

(Леўчанкаў: ) “Піша, што ёсьць такі ўказ прэзыдэнта. Каб я альбо вызваліў памяшканьне альбо дамовіўся зь міністэрствам сувязі аб арэндзе за грошы. Але я так думаю, што, калі нават зьвярнуўся ў міністэрства сувязі, то нават на ўмовах арэнды нам не дадуць гэтае памяшканьне. Кіраўнік да гэтага дадумаўся, на маю думку, ня сам, бо яму насамрэч не да гэтага, не да прафсаюзу. Праблем на вытворчасьці хапае. Я так думаю, што гэта на яго зьверху ціснуць. Мы тут ужо знаходзімся больш як 12 гадоў. Апошнія паўтары гады – страшэнны ціск, запалохваньне. Кіраўнік цэху выклікае рабочага і кажа: альбо выходзь з прафсаюзу альбо не прадоўжым кантракт”.

Паводле прафсаюзнага лідэра, ініцыятыва пазбаўленьня офісу супярэчыць калектыўнай дамове паміж наймальнікам і прафсаюзам. Між тым, у адміністрацыі прадпрыемства паведамілі, што дырэктар дзейнічае ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Гаворыць памочнік дырэктара Любоў Ісаковіч:

(Ісаковіч: ) “У нас быў указ прэзыдэнта ў 2002 годзе. Мы, калі заключалі дамову паміж наймальнікам і прафсаюзамі, у нас два прафсаюзы, не ўлічвалі ўмовы ўказу прэзыдэнта, але нам прыйшло тлумачэньне на гэты конт”.

Паводле спадарыні Ісаковіч, прзыдэнцкія дакумэнты не дазваляюць бясплатна прадстаўляць заводзкія памяшканьні у арэнду, за выключэньнем арганізацыяў, якія ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў. У Беларускім кангрэсе дэмакратычных прафсаюзаў лічаць гэта дыскрымінацыяй па прафсаюзнай прыналежнасьці.

Незалежны БКДП (Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў), як паведаміў яго лідэр Аляксандр Ярашук, ужо накіраваў дырэктару прадпрыемства “Лёс” Віталю Асяледцу афіцыйны пратэст на рашэньне выселіць суполку Свабоднага прафсаюзу мэталістаў:

(Ярашук: ) “Спадару Асяледцу мы напомнілі пра тое, што ён дзейнічае абсалютна незаконна, парушае і Канстытуцыю, і закон аб прафсаюзах. Кажам пра наступствы, якія чакаюць краіну ў гэтым выпадку, калі мець на ўвазе маніторынг, які сёньня ажыцьцяўляе Эўрапейская камісія. Што гэта можа прывесьці да пазбаўленьня сыстэмы генэральных прэфэрэнцыяў. Размова ідзе пра суму каля 300 мільёнаў эўра. І што прыйдзе час, калі будуць адказваць за гэта адпаведныя кіраўнікі”.
XS
SM
MD
LG