Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Ірану заклікае перанесьці Ізраіль у Германію й Аўстрыю


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Іранскі прэзыдэнт, які ў кастрычніку сказаў, што Ізраіль павінен быць сьцёрты з мапы сьвету, учора заявіў, што габрэйская дзяржава павінна быць перанесеная ў Эўропу. Гэтую заяву Махмуд Ахмадзінэджад зрабіў у кулуюарах саміту Арганізацыі Ісламская канфэрэнцыя ў Саудаўскай Арабіі. Выказваньні іранскага лідэра выклікалі новую хвалю міжнароднага асуджэньня.

У часе ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі іранскі прэзыдэнт сказаў, што краіны, якія нясуць адказнасьць за забойства мільёнаў габрэяў у часе Другой усясьветнай вайны павінны выдзеліць месца для стварэньня габрэйскай дзяржавы на сваіх землях.

На думку іранскага прэзыдэнта, палестынцы не павінны плаціць за зьнішчэньне габрэяў немцамі, аўстрыйцамі і іншымі эўрапейцамі.

Ахмадзінэджад таксама выказаў сумненьні, што Галакост увогуле меў месца.

Ізраіль імгненна адрэагаваў на заяву Ахмадзінэджада. Міністар замежных справаў Сільван Шалом заявіў, што тым самым пацьвярджаецца рашучасьць Тэгерану зьнішчыць Ізраіль, а таму міжнародная супольнасьць павінна аб’яднаць намаганьні, каб не дазволіць Ірану авалодаць ядзернай зброяй.

(Шалом: ) “Гэта – новая заява прэзыдэнта Ірану. Раней ён казаў, што Ізраіль проста ня мае права на існаваньне. Мы павінны зрабіць усё, каб спыніць спробы Тэгерану авалодаць ядзернай зброяй. Іран не прызнае ізраільскай дзяржавы і будзе з усяе сілы спрабаваць, па магчымасьці, зьнішчыць яе”.

Злучаныя Штаты таксама зганілі заяву Ахмадзінэджада. Гаворыць прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Адам Эрэлі:

(Эрэлі: ) “Гэтыя апошнія заявы Ахмадзінэджада жахлівыя і вартыя самага рашучага асуджэньня. Яны, відавочна, не даюць надзеі на тое, што ўрад Ірану гатовы стаць вартым даверу сябрам міжнароднай супольнасьці”.

У гэтым зьвязку Белы дом яшчэ раз падкрэсьліў слушнасьць заклапочанасьці Вашынгтона палітыкай Тэгерану. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан, асуджаючы выказваньні іранскага прэзыдэнта, падкрэсьліў, што ў мінулым месяцы Генэральная асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, якая адхіляе любую спробу адмаўленьня Галакосту як гістарычнага факту.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель сказала, што прапанова Ахмадзінэджада перамясьціць Ізраіль на нямецкую ці аўстрыйскую зямлю “недапушчальная”.

Брытанскі міністар замежных справаў Джэк Стро ад ім 25 краінаў Эўрапейскага Зьвязу заявіў, што выказваньні іранскага прэзыдэнта “ня могуць мець ніякага месца ў цывілізаваных палітычных дэбатах”.

Назіральнікі заўважаюць, што такімі шакаванымі выказваньнямі Ахмадзінэджад хоча спадабацца сваім радыкальным прыхільнікам як у самім Іране, гэтак і ў іншых краінах арабскага сьвету. Што тычыцца ўдзельнікаў саміту Арганізацыі Ісламская канфэрэнцыя, у кулюарах якога Ахмадзінэджад і зрабіў сваю заяву, дык яны яе на афіцыйным узроўні не абмяркоўвалі. Сустрэча завяршылася заклікам да мусульманскіх краінаў змагацца з тэрарызмам і пашыраць цярпімасьць.
XS
SM
MD
LG