Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі бізнэсмэн аспрэчвае ўвядзеньне “залатой акцыі” ў беларускім судзе


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскі гаспадарчы суд не задаволіў пазоў грамадзяніна Расеі Яўгена Васкабойнікава да Гомельскага аблвыканкаму. Расейскі грамадзянін дамагаецца прызнаньня несапраўдным рашэньня выканкаму наконт увядзеньня асобага права, “залатой акцыі”, дзяржавы на ўдзел у кіраваньні таварыствам з абмежаванай адказнасьцю “Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод плюс”.

Як лічыць спадар Васкабойнікаў, увядзеньне “залатой акцыі” пазбавіла яго ды іншых акцыянэраў магчымасьці ўдзельнічаць у кіраваньні сваёй прыватнай маёмасьцю.

Долі дзяржавы ў статутным капітале таварыства “МНПЗ плюс” падчас яго стварэньня не было, таму, лічыць пазоўца, увядзеньне аблвыканкам “залатой акцыі” пярэчыць указу №125, паводле якога і ўводзіцца асобае права дзяржавы.

Судзьдзя Федарцоў, аднак, менавіта на падставе згаданага ўказу і прыйшоў да высновы, што аблвыканкам меў права ўвесьці “залатую акцыю”.

Як паведаміў юрыст Канстанцін Міхель, даверчая асоба грамадзяніна Расеі Васкабойнікава, рашэньне судзьдзі будзе абскарджана.
XS
SM
MD
LG