Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася імпрэза на 114-ую гадавіну Максіма Багдановіча


Галіна Абакунчык У Менску ў літаратурным музэі паэта адбылася мастацкая імпрэза з удзелам вядомых літаратараў, бардаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці. Каля помніку Максіму Багдановічу прайшлі літаратурныя чытаньні.

Верш Ніла Гілевіча “Апошняе спатканьне зь Веранікай” перад удзельнікамі імпрэзы прачытаў школьнік Яўген Гоман. У выкананьні вучняў менскіх школаў гучалі таксама “Слуцкія ткачыхі”, “Пагоня” і іншыя. Акрамя моладзі, удзел у сьвяткаваньні прынялі вядомыя паэты і сьпевакі, а таксама звычайныя менчукі — аматары паэзіі Максіма Багдановіча. Гаворыць адзін зь іх, пэнсіянэр Барыс Мускі:

(Мускі: ) “Я заўжды ў гэты дзень стараюся прыйсьці да помніка Максіму Багдановічу ў гэты дзень, бо першы верш, які мяне ўразіў у жыцьці, гэта “Зорка Вэнэра”. Гэта было, пэўна, у годзе 1955-м. А з тае пары і наагул захапіўся ягонай творчасьцю”.

Навуковец Вячаслаў Рагойша выступіў з прамовай, нагадаўшы пра асаблівую ролю Максіма Багдановіча:

(Рагойша: ) “Максім Багдановіч паказваў, што яму ўласьцівыя самыя высокія помыслы, што ён можа нараўне быць з усім сьветам. І гэткім чынам, я думаю, Максім Багдановіч рыхтаваў глебу, нават падмурак закладаў для будынку, які стаў называцца Беларускай Рэспублікай”.

Сёлетняе сьвяткаваньне было азмрочанае прыкрым выпадкам у Ракуцёўшчыне, дзе з дому-музэю Максіма Багдановіча зьнікла помная дошка, кажа дырэктарка музэю Тацяна Шэляговіч. Сьвяточныя імпрэзы таксама ня сталіся масавымі, але ўшанаваць памяць геніяльнага паэта прыходзіць усё больш моладзі, і гэта дае надзею на лепшую будучыню, кажа спадарыня Шэляговіч.

(Шэляговіч: ) “Канечне, былі часы, калі плошча каля помніка не зьмяшчала ўсіх, хто прыходзіў у гэты дзень да Максіма. Сёньня ўсё сьціплей… Але сёньня з раніцы ў нашым музэі дзьверы не зачыняюцца ад наведнікаў. Вельмі шмат школьнікаў прыходзяць, каб пагаварыць пра Максіма, пачуць ягоныя вершы, ускласьці кветкі да ягонага помніка”.

У дзень нараджэньня Максіма Багдановіча гучалі ня толькі ягоныя вершы, але й творы, прысьвечаныя клясыку беларускага Адраджэньня. Так яго назваў паэт Васіль Жуковіч, які і прачытаў адзін з такіх сваіх вершаў:

(Жуковіч: ) “Больш за ўсё люблю паэта — аўтара “Пагоні”, Гора здраднікам, каторых даганяюць коні. Ах вы, коні, гром з маланкай — не спыніць Пагоні, О, нясіце волю, радасьць, віцязі, краіне, І няхай пад мечам здрада чорная загіне!”

Гл. таксама • Максім Багдановіч – нацыянальны вітамін ад ідэалягічнай сапсаванасьці
XS
SM
MD
LG