Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дырэктар “Белкамунмашу” зычыць шчасьлівай дарогі пасажырам тралейбусаў


Любоў Лунёва, Менск Кіраўніцтва “Белкамунмашу” і Менгартрансу ня ведае, чаму сталічныя тралейбусы сталі небясьпечнымі для людзей. За некалькі апошніх тыдняў пяцёра чалавек трапілі ў шпіталь ад удару току. Адна дзяўчына загінула. Між тым, дырэктар “Белкамунмашу” Іван Сафонаў лічыць, што небясьпекі няма.

Аляксандар Шыманскі стаў шостым пасажырам за апошнія тыдні, які трапіў у шпіталь пасьля таго, як яго ўдарыла токам у тралейбусе. Гэта здарылася ў цэнтры гораду ля заводу “Гарызонт”, калі 18-гадовы хлопец уваходзіў у новы тралейбус №29.

25 лістапада загінула студэнтка Дар’я Голуб. Па факце сьмерці пракуратура распачала крымінальную справу. Высьвятляюцца прычыны трагедыі. Сьледчыя вывучаюць таксама выпадкі з пацярпелымі Алай Сінюк, Тамарай Патаповіч, Вольгай Ігнатовіч, Зьмітром Сайком і Аляксандрам Шыманскім.

Генэральны дырэктар “Белкамунмашу”, дзе вырабілі тралейбусы, Іван Сафонаў лічыць, што ніякай праблемы не існуе.

(Сафонаў: ) “А вы з аўтамабіля не спрабавалі выходзіць? Вас токам б’е? Ну, бывае, што б’е. Я лічу суб’ектыўна, што могуць быць розныя абставіны — напрыклад, маланка. У прынцыпе, увесь транспарт сканструявалі так, каб не было няшчасных выпадкаў. Усё для бясьпекі пасажыраў. У канструкцыі памылкі быць ня можа. А на матэрыялах мы не эканомілі і ніякіх там замяняльнікаў… Такога ня можа быць. Мы толькі ад Менску атрымалі замову на сто новых тралейбусаў. Так што нічога страшнага. Я жадаю вам шчасьлівай дарогі. Чалавек сам зьяўляецца правадніком, і правадзімасьць залежыць ад ягонага фізычнага стану — мокры ён ці сыры, якія ў яго ногі — потныя ці няпотныя”.

Намесьнік галоўнага інжынэра “Менгартрансу” Ўладзімер Раманаў паведаміў Радыё Свабода, што прычыну здарэньняў на транспарце яшчэ ня высьветлілі.

(Раманаў: ) “Працуе камісія. Яны вэрдыкту яшчэ ня вынесьлі. Мы тралейбусы штодня правяраем… Чаму яны сталі токам біцца? Ну, вось камісія і адкажа потым. Адкуль зьяўляюцца токі, нам пакуль незразумела. Ну, што рабіць? Езьдзіць на тралейбусах трэба, бо аўтобусы ж не паўсюль ходзяць. Канечне, выпадкі нядобрыя, але — што казаць”.

Пацярпелыя пасажыры атрымаюць грашовую кампэнсацыю ад страхавой кампаніі. Некаторыя зь іх маюць намер зьвярнуцца ў суды па маральную кампэнсацыю. Яны кажуць, што сталі баяцца заходзіць у тралейбус.

Гаворыць Аляксандар Шыманскі:

(Шыманскі: ) “Новы тралейбус… Толькі нагу паставіў, нават рукой не крануў нічога — і адразу такія непрыемныя адчуваньні і моцны боль адчуў. Паваліўся. Людзі мяне паднялі, ну я другі раз паспрабаваў увайсьці ў тралейбус. Мяне зноў ударыла токам. Цяпер я падумаю, ці карыстацца мне тралейбусам, ці езьдзіць на аўтобусе”.

Кардыёлягі папярэджваюць, што ўдар токам можа выклікаць сур’ёзныя наступствы, якія могуць выявіцца ажно цягам трох гадоў пасьля здарэньня. У чалавека можа разьвіцца арытмія, а нават раптоўна спыніцца сэрца.

У “Менгартрансе” паведамілі, што камісія, якая расьсьледуе прычыны здарэньняў, можа агучыць першыя высновы 13 сьнежня.

Гл. таксама • Ці не апасаюцца жыхары Менску езьдзіць тралейбусамі? • Шосты запар чалавек пацярпеў ад электратоку ў сталічным тралейбусе
XS
SM
MD
LG