Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч у Жлобіне: “Не адрозьніваецца ўсходняя і заходняя Беларусь”


Казімер Яноўскі, Жлобін Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандар Мілінкевіч наведаў Жлобін — пяты з наведваных гарадоў Гомельскай вобласьці.

У Жлобіне адзіны кандыдат сустракаўся з прадпрымальнікамі двух рэчавых рынкаў, наведаў праваслаўны храм на вуліцы Карла Маркса, а таксама вёску Папаратнае. Гаворыць Аляксандр Мілінкевіч:

(Мілінкевіч: ) “Улады вельмі старанна рыхтуюцца, папярэджваюць, палохаюць людзей. Ня толькі ў дзяржаўных установах, але і на рынках адчуваецца, што на людзей наганяюць дадатковы страх. Аднак людзі нас падтрымліваюць, найбольш сьмелыя падыходзяць. І што было цікавае: калі адыходзілі з рынку, то адзін салідны такі мужчына ціха сказаў, запальваючы папяросу: “Вас усё роўна падтрымліваем”.

Каля 16-й гадзіны Аляксандар Мілінкевіч меў гутарку з шэрагам рабочых Беларускага мэталюргічнага заводу па-за межамі тэрыторыі прадпрыемства.

Апазыцыйны палітык лічыць надзвычай важнымі і карыснымі паездкі па рэгіёнах для сябе, каманды і для тых, хто не зьяўляецца актывістам. Што да праблемаў, якія выявіліся падчас паездак, то яны надзвычай падобныя ў розных гарадах ня толькі Гомельшчыны, але і іншых рэгіёнаў краіны:

(Мілінкевіч: ) “Праблемы ў Беларусі вельмі падобныя. Не адрозьніваецца ўсходняя і заходняя Беларусь. І гэта ўсё гаворыць пра тое, што цэнтральная ўлада вінаватая ў невырашэньні гэтых праблемаў. Напрыклад, праблема моладзі, немагчымасьці пабудовы кватэры. Цяжкасьці з адукацыяй, аховай здароўя. І працаўладкаваньне паўсюды аднолькавае. Чым меншы горад, тым цяжэй з працай. І яшчэ я скажу: як ні будзе старацца ўлада (яна ж паслухае тое, што мы кажам), яна ня вырашыць згаданых праблемаў. Той кірунак у эканоміцы, які ўзяты, ён беспэрспэктыўны абсалютна”.

Сустрэчамі ў Жлобіне завяршылася чатырохдзённая паездка на Гомельшчыну адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары. Са Жлобіна Аляксандар Мілінкевіч скіроўваецца ў Магілёўскую вобласьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG