Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Марыніч паскардзіўся ў Вярхоўны суд Беларусі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч падаў у Вярхоўны суд скаргу на прысуд, які быў вынесены яму год таму. Адвакат вязьня спадзяецца, што ў Вярхоўным судзе да справы Марыніча паставяцца паводле закону.

9 сьнежня ў менскай папраўчай калёніі на вуліцы Кальварыйскай Міхаіл Марыніч сустрэўся са сваёй адвакаткай Валянцінай Шаханцовай. Яны падрыхтавалі і накіравалі ў Вярхоўны суд Беларусі скаргу на прысуд, які быў вынесены Менскім раённым судом.

У сьнежні 2004 году Міхаіл Марыніч быў асуджаны Менскім раённым судом да 5 гадоў зьняволеньня. Пасьля абласны суд перагледзеў гэтае рашэньне і зьменшыў пакараньне да 3,5 гадоў. У выніку амністыі, прысьвечанай угодкам Перамогі, з пакараньня зьнялі яшчэ адзін год. Між тым, Міхаіл Марыніч дагэтуль не прызнаў сваёй віны. Паводле неафіцыйных крыніцаў, з гэтай прычыны да яго не было ўжытае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, на якое ён мог разьлічваць ужо ўлетку. Замест пакаяньня Міхаіл Марыніч вырашыў зьвярнуцца па апраўданьне ў апошнюю судовую інстанцыю — Вярхоўны суд Беларусі. Адвакат вязьня Валянціна Шаханцова распавяла пра аргумэнты, якія выкладзеныя ў скарзе яе падабароннага.

(Шаханцова: ) “Напісалі, што ён не рабіў злачынства. Што абвінавачаньне не прадставіла ніякіх доказаў. Што ўсе сьведкі абверглі абвінавачаньне ў тым, нібыта ён зрабіў злачынства праз злоўжываньне. Бо ўласьнік гэтай маёмасьці ня мае да яго прэтэнзіяў, паколькі ў іх існавала і дагэтуль існуе дамова, яна не спыненая. Зразумела, мы ня проста гэта пералічваем, а па-іншаму выкладаем гэтыя аргумэнты, бо скаргі ў розныя суды ўсё ж адрозьніваюцца. Але сутнасьць адна і тая ж: што ў ягоных дзеяньнях няма складу злачынства”.

Нагадаем, Міхаіл Марыніч быў асуджаны за крадзеж маёмасьці няўрадавай арганізацыі, якую сам жа і ўзначальваў. Кампутары ды іншую аргтэхніку, якая належала амбасадзе ЗША, сьледчыя знайшлі ў гаражы сына Міхаіла Марыніча. У судзе Марыніч даказваў, што трымаў гэтую тэхніку часова, пакуль ня будзе знойдзенае памяшканьне для офісу арганізацыі. З амбасады ЗША ў Беларусі паведамілі, што ня маюць прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча. Між тым, суд палічыў яго злодзеем і, акрамя пакараньня зьняволеньнем, сканфіскаваў усю маёмасьць былога міністра і амбасадара. Шмат хто ў Беларусі лічыць, што гэта паказальнае пакараньне, разьлічанае на тое, каб прадэманстраваць высокапастаўленым чыноўнікам наступствы пераходу ў апазыцыю.

У калёніі Міхаіл Марыніч перанёс інсульт, а таксама захворваньне вачэй. Як цяпер пачуваецца вязень? Адвакат Валянціна Шаханцова паведаміла, што падчас сустрэчы Міхаіл Марыніч выглядаў бадзёрым, але яна заўважыла, што ад інсульту ён дагэтуль не ачуняў. “Відаць, што ў яго цалкам не аднавілася адчувальнасьць паловы тулава, але ён не скардзіўся і перадаваў на волю прывітаньне ўсім сябрам і знаёмым”, — распавяла Валянціна Шаханцова.

* * *

Міхаіл Марыніч быў затрыманы летась у красавіку. У ягоным аўтамабілі знайшлі і канфіскавалі 90 тысяч даляраў, якія, як паведаміў Марыніч на сьледзтве, прызначаліся на парлямэнцкія выбары 2004 году. Раней Міхаіл Марыніч спрабаваў удзельнічаць ў прэзыдэнцкіх выбарах і не хаваў сваіх плянаў вылучацца на прэзыдэнта ў 2006 годзе. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG