Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВНУ Беласточчыны зьбіраюць подпісы супраць выключэньня Т.Хомы з БДЭУ


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія і беларускія студэнты, што вучацца ў Беластоцкай політэхнічнай акадэміі і Беластоцкім унівэрсытэце лічаць, што выключэньне студэнткі чацьвёртага курсу БДЭУ Тацяны Хомы за ўдзел у зьезьдзе студэнцкай арганізацыі ў Францыі, гэта чарговы крок ў абмежаваньні правоў студэнтаў у Беларусі.

Беластоцкія студэнты кажуць, што ў такой сытуацыі трэба актыўна пашыраць інфармацыю пра перасьлед студэнтаў у суседняй краіне, арганізоўваць акцыі салідарнасьці, каб кіраўніцтва тых беларускіх ВНУ, зь якіх выключаюць маладых людзей за грамадзкую і палітычную дзейнасьць, ведала, што пра такія рэпрэсіўныя захады даведаецца ўся Эўропа.

Паводле Радаслава Дамброўскага зь Беларускага Аб’яднаньня студэнтаў, які з’яўляецца адным з каардынатараў акцыі, беластоцкія студэнты вельмі ахвотна падпісваюцца – цягам некалькіх гадзінаў у першы дзень акцыі было сабрана 300 подпісаў.

(Дамброўскі: ) “Парлямэнт студэнтаў Беластоцкага ўнівэрсытэту прыняў рашэньне, што подпісы будуць зьбірацца па ўсіх факультэтах. У будынках будуць стаяць такія столікі, дзе можна будзе падпісвацца”.

Паводле Радаслава Дамброўскага, подпісы будуць зьбіраць таксама студэнты ў шэрагу іншых беластоцкіх ВНУ, а акцыя скончыцца ў аўторак на наступным тыдні – тады подпісы плянуецца даслаць у Беларусь.

(Дамброўскі: ) “Подпісы мы дашлем рэктару БДЭУ і ў міністэрства адукацыі Беларусі”.

Між тым Ілона Карпюк – старшыня БАС, сказала нашаму радыё, што збор подпісаў – гэта вынік больш цеснага супрацоўніцтва яе арганізацыі з Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў.

Паводле яе словаў, выпадкі, падобныя да таго, што сталася з Тацянай Хомай, гэта цяперашняя беларуская рэальнасьць, у якой беларускія студэнты патрабуюць дапамогі звонку.
XS
SM
MD
LG