Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто супраць аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў?


Вячаслаў Кулік, Менск Агляд некаторых публікацыяў у сёньняшнім недзяржаўным друку Беларусі.

“Народная воля” сёньня прапануе чытачам дыскусійную тэму “Ці трэба ствараць аб’яднаньне беларускіх пэнсіянэраў?”. Палеміка абяцае быць працяглай і гарачай: завочную спрэчку пачалі афіцыйныя кіраўнікі Беларускага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў і сябры аргкамітэту па утварэньню аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў.

Студэнтка Тацяна Хома ў інтэрвію “Народнай волі” заяўляе: “Я ўсё роўна скончу Беларускі эканамічны унівэрсытэт”. Новыя падрабязнасьці да скандальнай гісторыі з адлічэньнем выдатніцы вучобы за тое, што яна наведала Францыю. Паводле незалежнага выданьня, прадстаўнікі 40 краінаў сьвету выказаліся ў падтрымку беларускі.

У суды Менску накіроўваецца усё больш заяваў ад падпісчыкаў “Народнай волі”, якія пакрыўджаныя на прадпрыемства “Белпошта”. Пра гэта піша пісьменьнік Алесь Рыбак. Паводле яго словаў, “Народная воля” патрэбная людзям, якія “ачмураныя дзяржаўным прапагандысцкім афіцыёзам”. Свой пазоў да “Белпошты” Алесь Рыбак аформіў у судзе Першамайскага раёну сталіцы Беларусі.

“Комсомольская правда в Белоруссии” піша пра прысуд былому настаўніку гісторыі ў Берасьці Сяргею Мартынюку. Як паведамляецца, берасьцеец узначальваў групу скінхэдаў, якая, паводле “Камсамолкі”, распальвала нацыянальную варожасьць. Крымінальная справа разгледжаная ў Берасьцейскім абласным судзе. Па сукупнасьці прысудаў Сяргей Мартынюк асуджаны да 3 гадоў і 6 месяцаў абмежаваньня волі.

Навіна ад сёньняшняга “Слуцкага кур’еру”: у райцэнтры будзе заменены помнік савецкаму маршалу Жукаву. Як паведамляецца, ягоны цяперашні бюст з цэмэнту састарэў, а новы быў замоўлены ў пэрыяд падрыхтоўкі Слуцку да рэспубліканскіх “Дажынак” гэтага году.

І сумная навіна сёньня ў “Рэгіянальнай газэце” гораду Маладзечна. У філіяле Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына” скрадзена мэмарыяльная дошка. Некаторыя сродкі масавай інфармацыі пасьпяшаліся абвясьціць, што па гэтым факце заведзеная крымінальная справа. А як насамрэч – паведамляе аўтар сёньняшняй публікацыі ў “Рэгіянальнай газэце” Сяргей Занька.

(Занька: ) “Справа ня ўзбуджаная, а толькі яшчэ вядзецца праверка па факце. Я гутарыў зь міліцыянтам, які вядзе праверку, і зь Іванам Пяткевічам. Гэта кіраўнік па ахове гістарычных помнікаў аддзелу культуры Маладзечанскага райвыканкаму. Ён цяпер рыхтуе ацэначны кошт для міліцыі. “Даведка будзе падрыхтаваная на наступным тыдні”, паведаміў Іван Пяткевіч. За апошнія пяць гадоў было каля 20 падобных крадзяжоў. Злавілі толькі дваіх і асудзілі”.

Паведаміў журналіст “Рэгіянальнай газэты” Сяргей Занька. Выпадкова ці не, але мэмарыяльная дошка Максіму Багдановічу зьнікла напярэдадні чарговых угодкаў паэта. Беларускі клясык нарадзіўся 9 сьнежня 1891 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG