Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міжнародная амністыя” заканчвае акцыю "Свабода слова ў Беларусі"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская філія праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” падсумоўвае вынікі двухтыднёвае акцыі «Свабода слова ў Беларусі» – пра гэтую акцыю, як аказалася, стала вядома нават у такіх далёкіх краінах, як Японія ці Сынгапур.

Акцыя «Свабода слова ў Беларусі» палягала ў тым, што, “Міжнародная амністыя” ў супрацоўніцтве з найвялікшымі польскімі мэдыямі заклікала палякаў дасылаць у адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі і ў беларускую амбасаду ў Варшаве электронныя і звычайныя лісты з патрабаваньнем спыніць перасьлед незалежных газэтаў, актывістаў няўрадавых арганізацыяў, а таксама ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў.

23 лістапада вядучыя польскія газэты “Rzeczpospolita” і “Gazeta Wyborcza” выйшлі з чорнымі плямамі – сымбалямі цэнзуры – на першых старонках, а на вуліцах польскіх гарадоў і ў Брусэлі зьявіліся плякаты са здымкамі вядомых беларускіх журналістаў і грамадзкіх дзеячоў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў з боку ўладаў.

Павал Усакоўскі з агенцтва «Saatchi & Saatchi” – адзін з аўтараў канцэпцыі акцыі «Свабода слова ў Беларусі», задаволены яе вынікамі.

(Усакоўскі: ) «Акцыя, напэўна, была ўдалай, бо вельмі шмат палякаў выслалі лісты ў адміністрацыю беларускага прэзыдэнта і ў амбасаду. Цяжка дакладна падлічыць, колькі іх было, бо спасылкі на старонку «Міжнароднай амністыі» былі ня толькі на інтэрнэт-старонках буйных польскіх мэдыяў, але і на сотнях прыватных старонках розных людзей. Можна гаварыць пра сотні тысяч лістоў, бо толькі ў першы дзень акцыі іх было 100 тысяч. Шчыра кажучы, мы не разьлічвалі, што палякі так масава адгукнуцца на нашую акцыю».

Паводле спадара Усакоўскага, дзякуючы акцыі “Міжнароднай амністыі” пра рэпрэсіі ў Беларусі даведаўся ўвесь сьвет – пра акцыю пісалі вядучыя сусьветныя мэдыі, а таксама газэты ў Японіі і Сынгапуры.

Кіраўнік праекту “Міжнароднай амністыі” Яцак Бялас заявіў нашаму радыё, што ягоная арганізацыя будзе працягваць пільна сачыць за тым, што адбывецца ў Беларусі.

(Бялас: ) “Іншыя выпадкі парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі не застануцца па-за нашай увагай. Падобныя акцыі ў беларускай справе, з выкарыстаньнем мэдыяў, інтэрнэту, мы, напэўна, будзем рабіць у будучым”.

Сказаў беларускай "Свабодзе" Яцак Бялас.
XS
SM
MD
LG