Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раклевічы


Віталь Сямашка, Раклевічы, Дзятлаўскі раён (эфір 8 сьнежня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

На Дзятлаўшчыну з-за асаблівасьцяў рэльефу мясцовасьці нават ня ўсюды даходзяць сыгналы сотавай сувязі ды FM-радыёстанцыяў. Раён увогуле лічыцца адным з адсталых на Гарадзеншчыне. Гэта разумее і адзін з нашых будучых герояў.

(Спадар: ) “Мы жывем у сельскім раёне, прамысловасьці няма. Пэрспэктывы няма…”



Таму і тое, што хвалюе дзятлаўчан, звычайна носіць, як кажуць, чыста лякальны характар. Тым ня менш, на цэнтральнай плошчы Дзятлава ў 1989-м усталявалі помнік земляку — Ігнату Дварчаніну, выдатнаму паэту і літаратуразнаўцу, доктару філязофіі ды старшыні Аб’яднаньня беларускіх студэнтаў, што злучала ў 1920-я гады беларускую эміграцыю ў Празе. Пасьля Дварчанін быў абраны ў Польскі сойм, дзе стварыў беларускую фракцыю “Змаганьне”. Быў рэпрэсаваны спачатку дэфэнзівай, пасьля камуністамі ў справе Беларускага нацыянальнага цэнтру. Патрапіў на Салаўкі. У 1937-м быў расстраляны на будаўніцтве “Беламорканалу”. На малой радзіме даўгавечнікі дагэтуль згадваюць пра Ігнася Дварчаніна. Гэта мне распавёў Рычард Дзіцэвіч, чый сваяк Пётра Верабей шмат зрабіў дзеля таго, каб у Дзятлаве быў пастаўлены помнік. Ля яго мы і сустрэліся з Рычардам Мікалаевічам, каб разам ехаць у Раклевічы, мэту вандроўкі. Па дарозе ў нядаўнім мінулым галоўны заатэхнік гаспадаркі стаў выкладаць сваё бачаньне цяперашняй сытуацыі на сяле.



(Дзіцэвіч: ) “Проста ўсё разабралі, раскралі. Дай селяніну кавалак голай зямлі, дык што ён зробіць? Нічога! Як таму фэрмэру — патрэбны трактар. А дзе ён купіць? У яго грошай няма. Таму лепей хай будуць калгасы, гэта мая адназначная думка. Бо ў нас альтэрнатывы няма”.

(Шчыкарэвіч: ) “Зямля ёсьць, асноўныя сродкі, памяшканьні. Не 15 гадоў, каб да чаго іншага імкнуцца”, — гэтымі словамі нас сустрэў гаспадар катэджу на ўскраіне Раклевічаў, 44-гадовы Аляксандар Шчыкарэвіч.

Ён двухмэтровага росту і лічыцца тут ва ўсіх сэнсах найбуйнейшым фэрмэрам. За пяць гадоў засвоіў 108 гектараў зямлі, наймае сем рабочых, якім плаціць прыстойны, паводле тутэйшых мерак, заробак — 250 тысяч. Але, як ён кажа, на голай зямлі ня выжыў бы, каб не зрабіў стаўкі на сьвінагадоўлю. У яго статак 200 галоваў, больш за палову штогоду ідзе на продаж. Разьлік цалкам спраўдзіўся, кажа спадар Шчыкарэвіч.

(Шчыкарэвіч: ) “Эканамічна нявыгадна вырошчваць зерне і прадаваць пры цяперашніх цэнах. Гэта зерне трэба прапускаць, як у старажытнасьці казалі, праз корачак — празь перапрацоўку. Калі проста прадаць зерне, сёньняшні кошт 160 тысяч за тону. Калі мы гэта зерне перапрацуем у камбікармы і скормім сьвіньням, кошт удвая павялічваецца. І мяса на рынку запатрабавана. Тое зерне, што вырошчваю, перапрацоўваю на камбікормавым заводзе толькі для ўласнай гаспадаркі. Гаспадарка рэнтабэльная. І назад дарогі няма…”

Хутка пад’яжджаем да хаты, дзе жыве шматдзетная сям’я 55-гадовага Івана Мікалаевіча Кедалы. Адпрацаваў трыццаць гадоў мэханізатарам, цяпер на пэнсіі і па сумяшчальніцтве кладаўшчык. У яго шасьцёра дзяцей і ўжо чатыры ўнукі. Лічыць сябе прыхільнікам савецкага ладу жыцьця, не давярае, як ён кажа, ні новым часам, ні новым людзям.

(Кедала: ) “Мы толькі падтрымліваем горад. Наша прадукцыя ідзе за бесцань. Калі падлічыць затраты на вырошчваньне, атрымліваем мізэр”.

(Карэспандэнт: ) “Калі параўнаць заробкі савецкага часу і цяперашнія, наколькі для вас яны зьнізіліся?”

(Кедала: ) “Калі ўзяць тыя цэны, дык і ўдвая, і ўтрая. Я тады атрымліваў 180 на трактары і мог на кніжку пакласьці”.

(Карэспандэнт: ) “Каб час памяняўся, ці заводзілі б шасьцёра дзяцей, выцягнулі б?”

(Кедала: ) “Канечне, падумаў бы. Людзі зусім іншыя сталі, пабясіліся на далярах. А зямлю, каб узяць са сваёй сям’ёй, я б ніколі ня выжыў бы. Цяпер стаць фэрмэрам — трэба пабегаць. У прыватнай уласнасьці ня выжывеш — падаткі”.

Так атрымалася, што кропку ў гэтай дыскусіі паміж прадстаўнікамі розных сьветапоглядаў паставіў сваім расповедам 50-гадовы пастух і даяр Мікалай Падліпскі, якога я спыніў на вуліцы. Той сьпяшаўся з абедзеннай пярэрвы на поле — адказвае за сотню рагуляў. Але на кароткае інтэрвію згадзіўся.



(Карэспандэнт: ) “Калі вы і даяр, і скотнік-пастух — вы, відаць, за паўмільёна атрымліваеце?”

(Падліпскі: ) “Дый не! Папаліць, на што ж болей. Пэнсійныя і заробак — 190 у той месяц, добра выйшла…”

(Карэспандэнт: ) “А што, бывае проста 90?”

(Падліпскі: ) “А 60, 40 ня хочаце? Адзін месяц налічаць, а з другога зьніжаецца, зьніжаецца…”

(Карэспандэнт: ) “Яны ж павінны вам патлумачыць, па якіх крытэрах?”

(Падліпскі: ) “Не даб’есься! Кажуць, заўтра працаваць ня будзеш, на месцы мяне другі будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А што, шмат беспрацоўных у Раклевічах?”

(Падліпскі: ) “Хапае, у нас чалавек дзесяць ходзяць, хоць бы што”.

Няўрымсьлівы Рычард Дзіцэвіч тым часам адшукаў мясцовага краязнаўцу ды настаўніка гісторыі Аляксандра Васюкевіча, які дасьледаваў карані паходжаньня вёскі. Адразу зьвярніце ўвагу на дзіўнаваты пачатак нашай размовы.

(Васюкевіч: ) “Давайце я вам пра паходжаньне вёскі раскажу і больш ні пра што. Пры канцы 18 стагодзьдзя на месцы разьмяшчэньня сучаснай вёскі вяліся вялікія тарфяныя распрацоўкі. Працаваць сыходзіліся з навакольных вёсак, і вяртацца дадому было вельмі далёка. Пабудавалі першыя хаціны. Непадалёк пачалі ўзьнікаць рэчышчы — маленькія-маленькія саджалкі. Рабочыя пачалі разводзіць у іх ракаў. Затым уся мясцовасьць назвалася Рачышчы. А ўжо ў зямельных інвэнтарах вёска Раклевічы згадваецца 1878 годам. Радовішчы невялікія былі — і цяпер няма, а ракі водзяцца за два-тры кілямэтры ў рацэ Молчадзь…”

Толькі пасьля даведаўся, што, як ён выказаўся, “больш ні пра што” мой суразмоўца хутчэй за ўсё не пажадаў гаварыць, бо зьяўляецца старшынём мясцовай філіі БРСМ і некалі браў удзел у сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Кажуць, пазьбягае з той пары ўсякіх размоваў пра палітыку. Тым ня менш, у Раклевічах яго лічаць за фаната моладзевага руху — арганізоўвае спартовыя спаборніцтвы, футбольныя матчы. Такое я пачуў, у прыватнасьці, ад дырэктаркі клюбу Ганны Юрчук, якой Васюкевіч зарганізаваў маладзёнаў на дабрачынную працу дзеля ўпарадкаваньня памяшканьня. Клюб, між іншым, узорна-паказальны на Дзятлаўшчыне, кажа спадарыня Юрчук.



(Юрчук: ) “Зроблены быў капітальны рамонт, танцзаля, глядзельная заля. Калі што прыкупіць, выжываем за свае грошы. У нас платныя паслугі някепскія. Праводзім шоў-праграмы, дыскатэкі, агеньчыкі. У нас нямала моладзі з навакольных вёсак, зь Дзятлава нават — у нас дыскатэка тысяча рублёў, а ў Дзятлаве дзьве”.

Але галоўныя свае спадзевы на будучыню Ганна Сьцяпанаўна, як і многія ў Раклевічах, ускладае на наступны год, калі на месцы сёньняшняга сельскагаспадарчага комплексу “Русь-агра” ўзьнікне аграгарадок, які, як яна мяркуе, дапаможа і культуры.

(Юрчук: ) “Думаю, што можа. Будзе больш сем’яў прыяжджаць, моладзі больш. А праца школы і клюбу плянуецца разам”.

Сёньня паўтысячныя з навакольлем Раклевічы маюць,як лічыцца, неблагі ўраджай зерня, ільну, буракоў, статак кароваў 2,5 тысячы, што дае магчымасьць выплачваць сярэдні заробак 280 тысяч. Галоўны эканаміст Павал Грыцук, ва ўсялякім выпадку, адчувае сябе гаспадаром становішча.

(Грыцук: ) “У нас ня толькі застаецца мясцовая моладзь, але і дзятлаўская прыяжджае працаваць, таму што заробак плаціцца рэгулярна. Дапусьцім, у Дзятлаве цяжка знайсьці рабочае месца, а тут прасьцей. Наша гаспадарка другая ў раёне стане аграгарадком”.

(Карэспандэнт: ) “Што рэальна ад яго чакаеце — як эканаміст?”

(Грыцук: ) “Чакаем укладаньня грошай у сацыяльную сфэру. Найперш, дарогі. Школу перанесьлі ў дзіцячы садок — плянуецца дабудаваць”.

І ўсё-ткі галоўнае, чым плянуюць утрымаць у Раклевічах моладзь, гэта жытло. Я пабываў у моладзевым пасёлку, што ўзьнік з дванаццаці здадзеных так званых прэзыдэнцкіх дамкоў. Заходжу да агранома, 29-гадовага Андрэя Андрукевіча. Фатаграфую яго пасярод двух хлеўчыкаў: невялічкага, так бы мовіць, прэзыдэнцкага, куды ня ўсякае сьвінчо ўлезе, і пабудаванага сваімі рукамі — тут можна трымаць карову. Але падводныя камяні таго, што адбылося, усплылі для Андрэя толькі нядаўна. Пачыналася ж так…



(Андрукевіч: ) “Мне пашанцавала: год таму было вясельле, і ўсе дарэньні мы ўклалі ў хату. Дамовы далі, дзе сказана, што гэта службовае жыльлё, і ўсё. На сорак гадоў крэдыт, а гэта на ўсё жыцьцё, што засталося. Гэтак… У мяне былі прапановы ісьці ў іншыя гаспадаркі старшынём у суседні раён — я заканчваў курсы ў Менску, але губляю жыльлё, і пры дапамозе родных пабудавалі гараж ды склеп — аграканцлягер”.

З маім добраахвотным гідам Рычардам Дзіцэвічам мы зноў у Дзятлаве, ля помніку Ігнату Дварчаніну. Рычард Іванавіч разважае пра замежную палітыку дзяржавы — тэма, якая, відаць, даўно яго хвалюе.

(Дзіцэвіч: ) “Трэба з суседзямі жыць дружна. Я з суседзямі жыву заўсёды па-сяброўску: якая іхная курыца прыйдзе, ну і бог зь ёй, ці там авечкі ўваб’юцца. А Лукашэнка сварыцца”.

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць жа апазыцыйная кандыдатура Аляксандра Мілінкевіча…”

(Дзіцэвіч: ) “Гэтую кандыдатуру я яшчэ ня вывучыў…”

(Карэспандэнт: ) “А за Лукашэнку ёсьць жаданьне галасаваць ці няма?”

(Дзіцэвіч: ) “Не задавай правакацыйных пытаньняў, Віталь”.

Пытаюся: як, на ягоную думку, пачуваўся б у сучаснай Беларусі ягоны зямляк Ігнат Дварчанін? Памаўчаўшы, Рычард прамаўляе, здавалася б, не да месца:

(Дзіцэвіч: ) “У нас пустых хатаў няма — усюды жывуць. Раклевічы будуць жыць вечна”.
XS
SM
MD
LG