Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

9 сьнежня 1268 году быў забіты Войшалк


rfe/rl

9 сьнежня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся восеньскі або зімовы Юр’я. Усяго Юр’яў два на год. Зімовага называлі халодным, а веснавога – галодным. Абодва яны мелі дачыненьне да жывёлаў. Калі веснавы адмыкаў ключамі зямлю і сяляне пачыналі пасьвіць кароваў, дык зімовы, гэта значыць, сёньняшні адмыкае пашчы ваўкам і крыважэрныя драпежнікі пачынаюць нападаць на свойскую жывёлу.

9 сьнежня 1268 году быў забіты Войшалк – вялікі князь літоўскі, адзін зь сярэднявечных кіраўнікоў нашага краю. Войшалк быў сынам Мяндоўга і спачатку кіраваў Наваградзкім княствам. На гэтую пасаду яго абралі самі наваградцы. Але пад націскам галіцкага князя Рамана Войшалк мусіў саступіць горад і княства. Тады ён сабраўся зь сіламі і адбіў Наваградак, а яшчэ далучыў да яго іншыя землі летапіснае Літвы, падпарадкаваў сабе Полацак і Віцебск. Галіцкія князі тым часам не пакідалі сваіх захопніцкіх плянаў. Вось жа аднойчы князь Леў Данілавіч напаў на абоз Войшалка і забіў яго.

Сёньня – дзень нараджэньня Максіма Багдановіча, які прыйшоў на сьвет 9 сьнежня 1891 году. Хоць нарадзіўся Максім у Менску, але большую частку свайго жыцьця правёў за межамі Беларусі і памёр далёка ад радзімы. Усяго было яму адведзена 26 гадоў жыцьця – акурат столькі Багдановічу хапіла, каб стаць любімым паэтам многіх пакаленьняў і клясыкам беларускай літаратуры.

Цяпер – пра каляндарныя даты заўтрашняе суботы.

Заўтра ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. Акурат 10 сьнежня 1948 году Генэральная Асамблея ААН зацьвердзiла i абвясьцiла Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.

10 сьнежня ў 1520 годзе Марцін Лютэр публічна спальвае ў двары Вітэнбэрскага ўнівэрсытэту папскую булу пра адлучэньне яго ад царквы. З гэтага дня пачынаецца аддзяленьне ад каталіцызму Рэфарматарскай царквы, якую стануць называць лютэранскай.

10 сьнежня 1878 году прыйшоў на сьвет Мікола Бліадуха, беларускі акадэмік, геоляг. На самым пачатку ХХ ст. ён скончыў Пецярбурскі горны інстытут, а з 1922 году быў загадчыкам катэдры геалёгіі БДУ. Пасьля ўзначаліў інстытут геалёгіі Акадэміі навук. Мікола Бліадуха вывучаў карысныя выкапні Беларусі і лепш за іншых ведаў, чым багатая беларуская зямля. Пра вялікі аўтарытэт вучонага сьведчыць тое, што на ягонае пахаваньне ўзімку 1935 году прыйшло вялікае мноства народу. А спачыў акадэмік на менскіх Вайсковых могілках. Ягоны помнік дагэтуль зьвяртае на сябе ўвагу, бо ён адзін зь нешматлікіх тут падпісаны па-беларуску.

10 сьнежня 1930 году ў ВЕцявічах на Слонімшчыне нарадзіўся беларускі паэт і літаратуразнавец Мікола Арочка.
XS
SM
MD
LG