Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.-Г. Вік: неабходна падтрымаць грамадзянскую супольнасьць Беларусі


Алена Струвэ, Менск Былы кіраўнік нямецкай выведкі BND Ганс -Георг Вік не выключае, што беларускі рэжым выкарыстае ў сваіх прапагандысцкіх мэтах скандал вакол незаконных дзеяньняў ЦРУ, які з кожным днём набірае ўсё большыя абароты як у Нямеччыне,так і ў іншых эўрапейскіх краінах. У адной з праграмаў нямецкага радыё Deutschlandfunk спадар Вік дыскутуе на тэму, наколькі мэтазгодна рассакрэчваць тайную інфармацыю.

Абмяркоўваючы ў перадачы Deutschlandfunk выпадак зь нямецкім грамадзянінам, якога памылкова скралі амэрыканскія агенты, а таксама тайныя пералёты ЦРУ над Эўропай, вядомы дыплямат і колішні шэф фэдэральнай выведкі, выказвае наступнае меркаваньне: спэцслужбы, якія задзейнічаныя ў справе, могуць і не рассэкрэчваць тайную інфармацыю. Спадар Вік не выключае, што агучваньні розных падазрэньняў адносна дзеяньняў ЦРУ могуць быць контрпрадуктыўнымі. Як лічыць Ганс-Георг Вік, рэжым Лукашэнкі выкарыстае ўсе гэтыя абвінавачваньні ў сваіх прапагандысцкіх мэтах.

Аднак, перакананы колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску, ўсё гэта ніяк ня мусіць адбівацца на важнасьці агульных намаганьняў Захаду па ажыцьцяўленьні дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Усе крокі па падтрымцы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, паводле Ганса-Георга Віка, павінны працягвацца незалежна ад апошніх скандалаў, падае нямецкае радыё Deutschlandfunk.

Некалькі дзён запар са старонак амэрыканскіх газэтаў Chicago Sun-Times, Сhicago Tribune, інтэрнэт-выданьня Pioneer Press Online ды іншых не зыходзяць паведамленьні пра чарговага фігуранта гэтак званай “менскай” справы па арганізацыі дзіцячай парнаграфіяй у Інтэрнэце. Год таму перад амэрыканскім правасудзьдзем паўсталі два беларускія кампутаршчыкі, супрацоўнікі разьмешчанай ў Менску фірмы, якая займалася вытворчасьцю падобнай парнапрадукцыі, а таксама стварэньнем сыстэмы доступу кліентаў да парнасайтаў, арганізацыяй іхных крэдытных пляцяжоў праз Інтэрнэт, аказаньнем пасярэдніцкіх паслугаў паміж ўладальнікамі парнасайтаў і банкамі і .г.д. Прыбыткі, якія менчукі атрымлівалі ад свайго бізнэсу, складалі мільёны даляраў. Як пішуць чыкаскія выданьні, сярод кліентаў менскай фірмы, нямала грамадзянаў ЗША, у тым ліку, жыхароў штату Ілінойс -дзіцячыя лекары, настаўнікі, сьвятары.

16-га сьнежня адбудуцца слуханьні па справе аднаго з кліентаў – 29-гадовага настаўніка Томаса Мілера. У ягоных пэрсанальных кампутарах фэдэральныя агенты знайшлі 35 парнаграфічных карцінак зь цяжкімі сэксуальнымі вычварэньнямі. Паведамляецца, што ў сакавіку 2003 Мілер стаў кліентам аднаго з адпаведных інтэрнэт-клюбаў. Набыўшы крэдытную картку кампаніі RegPay, ён атрымаў доступ да вэб-сайтаў і быў зарэгістраваны менскай білінгавай Інтэрнэт-кампаніяй.

Паводле ранейшых паведамленьняў у амэрыканскіх і нямецкіх выданьнях, расшыфроўка банку дадзеных сэрвісу двух прадстаўнікоў гэтай білінгавай кампаніі –асуджаных летась у ЗША беларускіх кампутаршчыкаў, дапамагла сьледчым ФБР і Інтэрполу зрабіць звыш за 1000 затрыманьняў, прычым больш за 200 пэдафілаў былі арыштаваныя ў ЗША. Нагадаем, што 20 год таму ЗША першыя ў сьвеце распачалі барацьбу зь дзіцячым порна. Паводле экспэртаў, дзіцячая парнаграфія ёсьць на сёньня самым вялікім нелегальным бізнэсам у Інтэрнеце. Сьледчым вядомыя чатыры буйныя арганізаваныя групы ва ўсясьветнай порнаіндустрыі. Да ўсіх іх маюць непасрэднае дачыненьне былыя ці сапраўдныя грамадзяне Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG