Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачыненая ўладамі барысаўская газэта выходзіць у Інтэрнэце


Міхал Стэльмак, Менская вобласць У Барысаве, нягледзячы на спробы ўладаў ліквідаваць мясцовую незалежную прэсу, журналісты працягваюць сваю прафэсійную дзейнасьць. У жніўні гаспадарчы суд задаволіў пазоў Менскага аблвыканкаму зьліквідаваць недзяржаўнае прадпрыемства “Прэс-сэрвіс” – выдаўца “Курьера из Борисова”. Была вымушаная спыніць выхад і газэта.

Але калектыў не распаўся. Ён прыкладае вялізныя намаганьні, каб выжыць. Журналісты стварылі інтэрнэт-сайт “Электронны Барысаў”. Гаворыць лідэр калектыву Людміла Атчанашанка:

(Атчанашанка: ) “Усё, што было ў “Кур’еры”, мы імкнёмся ўвасобіць і на гэтым сайце. Доступ да інфармацыі стаў абмежаваным. То бок, тлумачаць тым, што мы такой газэты ня ведаем і даваць інфармацыю ня будзем. Мы займаемся ўсім, чым толькі можам і на чым можам зарабіць грошы”.

Каб зарабіць на жыцьцё, журналісты займаюцца, у прыватнасьці, выданьнем рознай друкаванай прадукцыі: календароў, плякатаў, візытовак і г.д. Працуюць у якасьці рэклямных агентаў. Безумоўна, яны сталі менш увагі ўдзяляць журналісцкім матэрыялам, паколькі такая праца не аплачваецца – любы наведнік інтэрнэт-сайту “Электронны Барысаў” можа прачытаць іх бясплатна. Нягледзячы на тое, падрыхтаваны шэраг зьмястоўных матэрыялаў пра мясцовае жыцьцё, сустрэчы барысаўскай грамадзкасьці з апазыцыйнымі палітыкамі. Адзін з апошніх артыкулаў прысьвечаны тэме эміграцыі зь Беларусі: апошнім часам у сувязі зь ціскам на недзяржаўныя мэдыі гэтая зьява актыўна абмяркоўваецца і ў журналісцкім асяродзьдзі. Журналістка Алена Аўтушка:

(Аўтушка: ) “Я не магу рашыцца зьехаць. Можа я пакуль не ў такой цяжкай сытуацыі, можа я пакуль што баюся нешта мяняць у сваім жыцьці. Але, я думаю, што іншыя людзі, якія выяжджаюць, маюць на гэта права, маюць прычыны. Ва ўсялякім разе я ня схільная іх за гэта асуджаць. Гэта можа быць. Гэта можа быць альтэрнатывай, калі тут ужо зусім немагчыма будзе ні жыць, ні працаваць. Таму што вядома, што многія журналісты, у тым ліку і я, усе мы ходзім пад пагрозай. Можа ўсё здарыцца. І самае горшае. Таму, канечне, некаторыя людзі ўжо задумваюцца, што рабіць. Тым больш, апошнія зьмены ў Крымінальны кодэкс нічога добрага нам не абяцаюць”.

У Барысаве засталася яшчэ адна недзяржаўная газэта -- “Барысаўскія навіны”, якая пакуль выходзіць. Разам з тым, гэтае выданьне, і найперш рэдактар Анатоль Букас сёлета неаднаразова адчувалі ціск уладаў. Спадара Букаса, напрыклад, суд прызнаў вінаватым у парушэньні крымінальнага заканадаўства за крытычны артыкул на адрас кіраўніка мясцовай раёнкі. “Барысаўскія навіны” пакуль выходзяць, аднак у наступным годзе іх чакаюць сур’ёзныя праблемы. Хаця рэдакцыя не здаецца і шукае розныя шляхі, каб газэта па-ранейшаму даходзіла да мясцовага чытача. Журналіст Алесь Абрамовіч:

(Абрамовіч: ) “Белпошта” не ўключыла “Барысаўскія навіны” у падпісны каталёг. Зараз “Барысаўскія навіны” самастойна праводзяць падпісную кампанію. Падпісваюць людзей у рэдакцыі. Друкуюць абвесткі на старонках газэты, што людзі могуць падпісацца, калі пералічаць пэўную суму грошай на банкаўскі рахунак. Супрацоўнікі газэты наважаныя хадзіць па кватэрах, грукацца ў дзьверы і прапаноўваць падпісацца на газэту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG