Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шосты запар чалавек пацярпеў ад электратоку ў сталічным тралейбусе


Любоў Лунёва, Менск. 18-гадовы Аляксандр Шыманскі заходзіў у тралейбус №29 ля заводу “Гарызонт”, а апынуўся ў рэанімацыі. Зараз юнак знаходзіцца ў аддзяленьні кардыялёгіі Другога клінічнага шпіталю Менска, і лекары занепакоеныя ягоным станам.

Аляксандр Шыманскі распавёў Радыё Свабода, што калі заходзіў у тралейбус, раптам адчуў моцны боль. Ён кажа, што нешта нібыта адштурхнула яго назад, хлопец паваліўся на зямлю. Потым нейкі мужчына дапамог яму ўстаць, і Аляксандр зноў стаў на прыступку тралейбусу. Зноў адчуў моцны ўдар, боль і страціў прытомнасьць. Кіроўца выключыў электрычнасьць і пасажыры адразу выйшлі з тралейбуса. Нехта выклікаў “хуткую”.

Аляксандр Шыманскі знаходзіцца цяпер у аддзяленьні кардыялёгіі другога клінічнага шпіталю. Мэдыкі зрабілі яму кардыяграму і паведамілі, што ў працы сэрца адбыліся зьмены. Аляксандр паведаміў “Свабодзе”, што цяпер ён баіцца карыстацца тралейбусамі.

(Шыманскі: ) “Пасьля гэтага выпадку ня ведаю, буду карыстацца тралейбусам ці – не. Зьявіўся страх… На выгляд тралейбус быў такі новы. Мне ў галаву не магло прыйсьці, што мяне там можа ўдарыць токам. Цяпер я падумаю – карыстацца мне тралейбусам, ці езьдзіць на аўтобусе”.

Кардыёлягі шпіталя кажуць, што пасьля ўдару токам цягам трох гадоў сэрца чалавека можа раптоўна безь відавочных прычынаў спыніцца. Могуць зьявіцца розныя хваробы, у тым ліку арытмія.

Пасажыры ў тралейбусах абмяркоўваць выпадкі, якія адбыліся ў тралейбусах цягам апошніх тыдняў.

У выніку ўдару электратокам у шпіталі трапілі Ала Сінюк, Тамара Патаповіч, Вольга Ігнатовіч, Зьміцер Сайко, а цяпер і Аляксандр Шыманскі.

Студэнтка Дар’я Голуб загінула 25 лістапада ў сталічным тралейбусе.

Прадстаўнікі дэпо адной з прычынаў здарэньняў называюць соль, якой пасыпаюць вуліцы. Маўляў, яна дзейнічае як каталізатар. Аляксандру зрабілі заўвагу, што ў яго былі мокрыя красоўкі. Пры гэтым не патлумачылі, як яны маглі быць сухімі, калі на вуліцы мокры сьнег.

Аляксандр Шыманскі казаў, што да яго ў шпіталь прыходзіла жанчына, якая паведаміла, што яна са страхавой кампаніі. Яму належыць грашовая кампэнсацыя. Аляксандр са сваёй маці яшчэ ня вырашылі, ці будуць яны зьвяртацца ў суд на камунальнікаў па маральную кампэнсацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG