Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя вэтэрынарнай акадэміі цісьне на студэнтку, актывістку “Зубра”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Адміністрацыя віцебскай вэтэрынарнай акадэміі зрабіла ператрус у пакоі студэнткі – актывісткі “Зубра”. З пакоя другакурсьніцы Любові Кучынскай у ейную прадстаўнікі адміністрацыі забраныя налепкі з лічбай “16” ды іншыя друкаваныя матэрыялы да Дзён салідарнасьці.

Паводле Любові Кучынскай, ператрус у інтэрнацкім пакоі, дзе яна жыве, праводзіўся ў ейную адсутнасьць і без аніякіх дазвольных дакумэнтаў.

(Кучынская: ) “Справа была такая: я прыйшла з заняткаў, і мне распавялі, што ў маім пакоі быў ператрус. Што, як, чаму – невядома. Але мяне тут жа выклікалі да прарэктара. Спачатку прарэктар мне казаў, што ўсе матэрыялы, забраныя ў мяне, ён перадасьць адразу ў КГБ, і што зь ягонага пакою я выйду ў наручніках. А ўжо сёньня мяне выклікаў сам рэктар, і ён пагражаў, што мяне выключаць з гэтай навучальнай установы.”

Як распавялі спадарыні Кучынскай суседзі, ператрус у ейным пакоі зладзілі адзін з кіраўнікоў прафкаму спадар Аўдачонак, прарэктар па выхаваўчай працы спадарыня Лукіна і невядомы чалавек у цывільным.

Нагодай для ператрусу нібыта стаў ананімны тэлефонны званок пра тое, што ў пакоі студэнткі ёсьць забароненыя друкаваныя матэрыялы.

У асабістых рэчах Любові Кучынскай знайшлі каля тысячы паасобнікаў розных улётак і налепак. Усё гэта ініцыятары ператрусу забралі з сабой.

Прадстаўнікі адміністрацыі прайшліся таксама і па іншых студэнцкіх пакоях. але там ператрусаў не было. Наведнікі хіба зьвярнулі ўвагу на тое, што па інтэрнаце расклеена шмат налепак з лічбай “16” – такіх самых, якія знайшлі ў Любові Кучынскай.

Спадарыня Кучынская гаворыць, што ў распаўсюдзе налепак абвінавацілі яе, і што з тае пары, як летась яе былі затрымалі за распаўсюд налепак у горадзе, яна адчувае звышпільную ўвагу з боку кіраўніцтва акадэміі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG