Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто скраў фотаапарат Саюзу палякаў?


Міхал Карневіч і Сяргей Астраўцоў, Горадня Старшыня праўладнага Саюзу палякаў Юзаф Лучнік абвінавачвае Анджэя Пісальніка ў крадзяжы рэдакцыйнага фотаапарата. Тым часам справу супраць актывістаў Саюзу палякаў перадалі сьледчаму, які “спэцыялізуецца” на гэтай арганізацыі.

Справа аб запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана была запатрабавана з раённай у абласную міліцыю, пасьля чаго яе аддалі сьледчаму Дзьмітрыю Лабоцкаму. Ён працяглы час займаецца крымінальнай справай аб фінансавых злоўжываньнях у Саюзе палякаў. Менавіта гэты сьледчы дзясяткі разоў дапытваў Анжаліку Борыс ды яе паплечнікаў.

Падазраванымі ў крымінальнай справе аб запалохваньні спадара Богдана зьяўляюцца намесьнікі Анжалікі Борыс Веслаў Кеўляк і Юзаф Пажэцкі, а таксама галоўны рэдактар газэты “Glos znad Niemna” у эміграцыі” Анджэй Пісальнік і галоўны рэдактар часопіса “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут.

Усім чатыром у сувязі з гэтым забаронены выезд за мяжу. Сьледзтва цягнецца ўжо чацьверты месяц.

***

Тым часам старшыня праўладнага Саюзу палякаў Юзаф Лучнік падаў у суд Ленінскага раёна зыск на былога рэдактара газэты “Glos znad Niemna”: ён сьцьвярджае, што Анджэй Пісальнік скраў рэдакцыйны фотаапарат вартасьцю ў паўтары тысячы даляраў і патрабуе, каб той яго вярнуў.

Сёньня ў судзе Ленінскага раёна Горадні адбылася папярэдняя сустрэча судзьдзі з Анджэям Пісальнікам і прадстаўніком Саюза палякаў – юрыстам Яўгенам Калошам.

Анджэй Пісальнік патлумачыў судзьдзі, што ў траўні пад расьпіску, як асоба матэрыяльна адказная, прымаў гэты фотаапарат. І увесь час сябры рэдакцыі ім карысталіся. Але ў ліпені адбыўся штурм Дома польскага. АМОН і міліцыя сілаю вывелі каля 20 сябраў СПБ разам з Анжэлікай Борыс з будынка. Забраць фотаапарат ніякай магчымасьці, па словах Пісальніка, не было. Тады апячаталі ўнутры ўсе дзьверы. Усіх затрыманых адразу адвезьлі ў міліцыю, дзе дапытвалі і пратрымалі некалькі гадзінаў. А пасьля гэтага ў будынку дзяжурылі ўвесь час міліцыянты і нікога туды не ўпускалі.

З таго часу А.Пісальнік наагул ніводнага разу не наведваў Дом польскі. Перадачы маёмасьці, як гэта прынята згодна заканадаўства, новым супрацоўнікам Саюза палякаў, у тым ліку і новаму рэдактару газэты “Glos znad Niemna” не праводзілася.

Разгляд справы ў судзе прызначаны на 22 сьнежня.
XS
SM
MD
LG