Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беластоцкая “Ніва” выказвае салідарнасьць “Нашай Ніве”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. З найбольш цікавымі публікацыямі вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

“Час праўды” – такі загаловак мае артыкул галоўнага рэдактара “Нівы” Яўгена Вапы.

Спадар Вапа піша: “Няма жартаў з усеўладным прэзыдэнтам Беларусі. Згодна з найлепшымі традыцыямі дыктатуры працоўнага пралетарыяту, у якой кожны павінен баяцца кожнага, жыхарам Беларусі прапануецца ўдзел у жахлівым гістарычным экспэрымэнце пад назовам “ Зямля пад чорнымі вусамі”. Час экспэрымэнту вызначаецца пажыцьцёвым тэрмінам кіраўніка дзяржавы і, мабыць, ягоных спадкаемцаў. Гэта не абсурдныя жарты, а рэальнасьць... Для гэтай новай рэальнасьці, каб яна змагла трымацца, трэба, каб зьнікла ўсё нашае, беларускае...

Пад зачыстку адміністрацыі трапілі зараз апошнія недабіткі беларускамоўнай прэсы, якіх кволы наклад мог бы тэарэтычна быць хаця б нейкім апраўданьнем для ўладаў наконт свабоды мэдыяў перад міжнароднай супольнасьцю. “Нашу Ніву” ня хочуць распаўсюджваць якраз напярэдадні стогадовага юбілею газэты... Такі падарунак – зьдзек з народу. Замест нацыянальных падмуркаў, трэба зрабіць род прыдуркаў без памяці. Гэта і ёсьць сутнасьць сёньняшняй ідэалёгіі ўлады ў “краіне пад чорнымі вусамі”.

Далей Яўген Вапа зьвяртаецца са словамі падтрымкі да “нашаніўцаў”, заклікае польскіх беларусаў быць салідарнымі з журналістамі зь Беларусі ды адзначае, што праўда “была ёсьць і будзе па-нашаму, па-беларуску”.

Тэме вольнай прэсы часткова прысьвечаны і артыкул Уладзімера Хільмановіча “Па кім б’е звон”. Спадар Хільімановіч піша, што праглядаючы напярэдадні беларускія газэты сярэдзіны дзевяностых гадоў, у яго зьявілася адчуваньне, што мінула цэлая эпоха – настолькі цягам апошніх гадоў зьмянілася сытуацыя ў краіне.

“Беларускае грамадзтва ўсё больш выразна і хутка структурызуецца на апрычнікаў рэжыму і “ворагаў народа”. Некалі гісторыкі будуць разважаць над тым, што ўсё ж здарылася з краінай у цэнтры Эўропы, чаму Усявышні папусьціў такому жорсткаму экспэрымэнту над вялікім ліцьвінскім народам. Будуць шукаць азначэньня гэтаму пэрыяду і знойдуць трапныя характарыстыкі: “эпоха калябарацыянізму”, “унутраная акупацыя”, “вяртаньне ў СССР”, “час хамства і халуйства”, – напісаў у сёньняшнім нумары “Нівы” гарадзенскі публіцыст Уладзімер Хільмановіч.
XS
SM
MD
LG