Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рахунак” Аўтуховічу ад падаткавай інспэкцыі – 300 мільёнаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сьледзтва па крымінальнай справе Аўтуховіча закончанае. Апроч сьледчага і адвакатаў, якія маюць доступ да арыштаванага, наведаць яго змог яшчэ Віктар Сівохін — намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане”, сябрам якога зьяўляецца Аўтуховіч.

Віктар Сівохін дзьве гадзіны размаўляў зь Мікалаем Аўтуховічам і лічыць ягоны стан пасьля працяглай галадоўкі — крытычным.

Тым часам каля 600 жыхароў Ваўкавыску паставілі подпісы пад зваротам да прэзыдэнта Лукашэнкі, яны просяць зьмяніць арыштаванаму меру стрыманьня.

Адвакат Галіна Іванова паведаміла, што Мікалай Аўтуховіч сёньня кепска адчуваў сябе, і калі сьледчы абвяшчаў яму аб заканчэньні сьледзтва, прысутнічаў турэмны доктар. Пачатковую суму неаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў у канчатковым абвінавачаньні яму зьнізілі амаль на 300 мільёнаў.

Арыштаваны просіць выпусьціць яго з-за кратаў з падпіскай аб нявыезьдзе, каб ён мог падлячыцца і падрыхтавацца да суду.

Віктар Сівохін з арганізацыі вэтэранаў савецка-афганскай вайны, які наведаў Аўтуховіча ў турме, прызнаецца, што калі ўбачыў яго, дык заплакаў, хаця, падкрэсьлівае, што зьяўляецца баявым палкоўнікам... Ён зазначае, што вэтэраны аўганскай вайны вымушаны зьвярнуцца да генэральнага пракурора з просьбай зьмяніць меру стрыманьня Аўтуховічу, які нікуды не зьбіраецца ўцякаць.

(Сівохін: ) “Вэтэран вайны ў Аўганістане, які сумленна працаваў, даў працу людзям, вэтэранам вайны, заробкі, ён чамусьці ізаляваны ад грамадзтва, хаця ягоны стан сёньня практычна крытычны — гэта я вам кажу, таму што я яго ведаў і бачыў такім жыцьцярадасным і магутным”.

Віктар Сівохін зазначае, што ўсе, хто ваяваў у Аўганістане, вярнуліся з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці. Гэта датычыць і Мікалая Аўтуховіча, кавалера ордэна Чырвонага сьцягу і мэдалёў За адвагу і За баявыя заслугі. Віктар Сівохін не дае веры таму, што арыштаваны можа нешта ўжываць, галадаць ня поўнасьцю.

(Сівохін:) “Які мёд! Гэта казкі! Я бачыў гэтага чалавека. Калі доктар даў яму таблетку вітамінную, яго адразу званітавала са сьлізьзю, у яго страўнік ужо адпрэчвае нават гэтыя вітаміны. Таму сёньня сытуацыя такая, што можам страціць чалавека ў мірны час. Я ня ведаю, якую пагрозу ён прадстаўляе у Ваўкавыску і Гарадзенскай вобласьці, я не уяўляю — якую пагрозу”.

Віктар Сівохін дадае, што Аўтуховіч нагадвае сёньня зьнятага з крыжа, гэта “худы, абцягнуты скурай чалавек”, гаворыць ён.

(Сівохін: ) “У нас сярэдні ўзрост тых, хто памёр пасьля Аўганістану, — 48 гадоў. Пяць тысяч хлопцаў памерлі. 771 чалавек загінуў за 10 гадоў вайны ў Аўганістане, і 5 тысяч сёньня на могілках — па Беларусі”.

Мікалаю Аўтуховічу 42 гады.

***

Прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG