Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы не былі свабодныя ні пры камуністах, ні пры гэтай уладзе!”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Апытаньне ў Віцебску: калі беларусы пачуваліся вальней: у Савецкім Саюзе альбо ў цяперашняй Беларусі?

8 сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы было падпісана пагадненьне аб стварэньні Судружнасьці Незалежных Дзяржаваў, гэтак 14 гадоў таму спыніў сваё існаваньне СССР. Калі беларусы пачуваліся больш свабодна: за саветамі ці ў сучаснай Беларусі? Гэтае пытаньне віцебчукам задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Як на вашую думку, калі беларусы пачуваліся больш свабодна: пры Савецкім Саюзе альбо ў цяперашняй Беларусі?”

(Спадар: ) “Была ў нас, можна сказаць, клетка, у якой мы жылі, і жыць было страшней пры Савецкім Саюзе. Але дужа шмат свабоды і цяпер не адчуваецца, асабліва — свабоды інфармацыі”.

(Дзяўчына: ) “Цяпер народу жыць вальней, як пры Савецкім Саюзе. Хаця я і не лічу сёньняшнюю Беларусь дужа свабоднай краінай. Але за саветамі было горш, прынамсі, так гавораць і мае тата з мамай, і мае бабуля зь дзядулем”.

(Спадар: ) “За ўсе мае 66 гадоў жыцьця я так і ня бачыў, каб беларусы былі свабодныя! Ні тады, ні цяпер. Ні пры камуністах, ні пры гэтай уладзе!”

(Спадар: ) “Пакуль што час такі яшчэ не наступіў, каб людзі адчувалі сябе, як пры савецкай уладзе. Нейкія парасткі свабоды ёсьць, але яны паступова, паступова зьнікаюць. Шкада, што беларусы не дамагліся свабоды для сваёй дзяржавы — сапраўднай незалежнасьці, бо ў 1991 годзе яны не змагаліся за яе, усё склалася выпадкова. І вось цяпер усё вяртаецца да таго, як было да 1990 году”.

(Спадарыня: ) “Мне здаецца, што ўзровень страху прыкладна аднолькавы: што тады, што ў сёньняшняй Беларусі. Людзі, як і тады, баяцца выказаць нейкае ўласнае меркаваньне, баяцца начальства і ўвогуле ня ведаюць сваіх правоў”.

(Спадар: ) “А па мне, дык аднолькава. А ня бачу ніякіх перашкодаў, каб людзі маглі свабодна выказваць свае думкі цяпер, і ня памятаю, каб яны былі раней — калі хто хацеў штосьці сказаць, то і казаў”.

(Спадар: ) “Прыстасаваліся ўжо, звыклі да гэткага жыцьця! Каб быць свабодным, трэба мець унутраную свабоду, нягледзячы на тое, што навокал адбываецца. Вось асабіста я свабодны, мяне ўжо ў стойла не загоніш! А іншыя людзі? Яны мусяць змагацца за сваю свабоду, гэта вельмі нялёгкая справа — выціскаць зь сябе па кроплі раба”.

(Спадарыня: ) “Той Савецкі Саюз, які быў за жалезнай заслонай, я памятаю дрэнна. Але памятаю той, які быў напрыканцы 1980-х гадоў. Вось пры тым Савецкім Саюзе было нашмат вальней. А цяпер людзі баяцца самавыявіцца нават у нейкіх дробязях: нам страшна не пайсьці на суботнік, я ўжо не кажу пра тое, што нам страшна не зьмясьціць дзяржаўнай сымболікі ў кабінэце, не павесіць адпаведных партрэтаў там, дзе нам сказалі іх павесіць. А што рабіць, калі я лічу інакш?”

(Хлопец: ) “Фармальна свабоды ў цяперашняй Беларусі стала болей. Вось пры Савецкім Саюзе была аднапартыйная сыстэма, а ў цяпер у нас шмат партыяў. І нават выбары, што ні кажы, усё ж праходзяць на альтэрнатыўнай аснове. Але ўсё адно пры Савецкім Саюзе на ніжэйшым узроўні было болей нейкай унутранай, унутраначалавечай свабоды. Забаранялася вельмі многае, і кожны чалавек адчуваў сябе пад каўпаком, але вось такой чалавечай шэрасьці і зацюканасьці раней не было!”

Гл. таксама • С.Шушкевіч успамінае пра Белавескія пагадненьні • http://archive.svaboda.org/articlesfeatures/politics/2005/12/96C8E5BA-C899-4337-A823-04068CB4EB9C.html
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG