Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту – пра Белавескія пагадненьні


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч заявіў нашаму радыё, што Белавескія пагадненьні мелі вялізнае значэньне для гісторыі Эўропы.

(Анышкевіч: ) “Распад Савецкага Саюзу, ці ліквідацыя гэта званай “унутранай імпэрыі”, бо “зьнешняя імпэрыя” распалася яшчэ ў 1989 годзе, калі вызваліліся ад таталітарызму Польшча і іншыя краіны, дык вось распад Савецкага Саюзу меў вялізнае значэньне. Канечне, потым былі і падзеі драматычныя – путч Янаева. Але ўсё гэта адкрыла дарогу да свабоды шэрагу краінаў, апошні прыклад – Украіна. Але я спадзяюся, што так будзе і зь Беларусьсю. Беларусь лічыцца незалежнай краінай, хаця з поўнай ўпэўненасьцю так сказаць нельга, а вось што гэта не свабодная краіна – гэта дакладна”.

***

Януш Анышкевіч таксама пракамэнтаваў для нашага радыё прыняцьцё Палатай прадстаўнікоў і Саветам рэспублікі паправак ў заканадаўства, якія дазваляюць садзіць у турму за “дыскрэдытацыю краіны”, “не зьмяшчаецца ў межах сучаснай эўрапейскай палітычнай думкі”.

(Анышкевіч: ) “Гэта чарговы крок у пабудове ў Беларусі палітычнай сыстэмы, якую, як я разумею, пачынаюць называць ужо толькі “лукашызмам”. Гэта сыстэма, якая ўжо затыкае рот усім тым, хто выказваецца супраць палітыкі цяперашняга кіраўніка краіны, а цяпер будзе мець магчымасьць рабіць гэта яшчэ больш эфэктыўна. Гэта абурае і не зьмяшчаецца ў межах сучаснай эўрапейскай палітычнай думкі. Але, з гэтым, аднак прыходзіцца мець дачыненьне”.

Гл. таксама • Успаміны С.Шушкевіча пра Белавескія пагадненьні
XS
SM
MD
LG