Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі камэнтуюць Лукашэнкаўскія папраўкі


Алесь Дашчынскі, Менск Міжнародная супольнасьць шмат разоў выказвала занепакоенасьць з нагоды новага законапраекту, ухваленага Палатай прадстаўнікоў. Як сусьветныя і беларускія палітыкі камэнтуюць прыняцьце Нацыянальным сходам паправак у Крымінальны кодэкс?

Дзярждэпартамэнт ЗША і Эўрапейскі Зьвяз разам з Украінай у адмысловых заявах нагадалі афіцыйнаму Менску, што гэтыя папраўкі парушаюць нормы міжнароднага права і супярэчаць забавязаньням Беларусі ў галіне правоў чалавека. Гэты законапраект, падкрэсьліў Дзярждэпартамэнт ЗША, “накіраваны на абмежаваньне правоў беларускіх грамадзянаў і на ўдушэньне свабоды слова перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.

Улады ЗША і краіны Эўразьвязу заявілі, што прыняцьце такога недэмакратычнага закону можа мець сур’ёзныя наступствы для беларускіх уладаў. Крытычна паставіліся да гэтага законапраекту сябры Эўрапарлямэнту, парлямэнтары Рады Эўропы і АБСЭ. Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Аке Пэтэрсан падкрэсьліў, што гэтыя папраўкі “могуць нанесьці сур’ёзны ўдар па грамадзянскай супольнасьці і пэўных асобах”. Паводле Пэтэрсана, прынятыя палажэньні “могуць прывесьці да грубых парушэньняў шэрагу прынцыпаў і забавязаньняў АБСЭ, прынятых Беларусьсю, а таксама перашкодзіць выкананьню мандату офісу”.

Дэмакратычная апазыцыя таксама выказалася супраць палітычных паправак, а праваабаронцы заклікалі кіраўніка краіны і Нацсход адхіліць гэты рэпрэсіўны законапраект. Былы старшыня Савету рэспублікі акадэмік Аляксандар Вайтовіч падсумоўвае вынікі галасаваньня ў Савеце Рэспублікі:

(Вайтовіч: ) “Савет Рэспублікі заўсёды быў менш самастойны і менш разважлівы, чым Палата прадстаўнікоў. Прыняцьце гэтага законапраекту — гэта яшчэ адзін штрых да нашага заканадаўства. Наша заканадаўства і так настолькі дрэннае… Гэта не дадасьць нічога станоўчага да іміджу краіны, а штрых у адмоўнае — дадасьць”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч напярэдадні заклікаў Савет Рэспублікі вярнуць законапраект на дапрацоўку. І што ў выніку?

(Гайдукевіч: ) “Вялікае пачуцьцё шкадаваньня. Яго трэба было б адкарэктаваць. Крыўдна, незразумела — чаму? Можа, не чытаюць? Гэта ж закон вялікі, яго ж трэба ўзяць, прачытаць усе палажэньні, удумацца. Можа, ня хочуць гэтага — ні чытаць, ні думаць. Гэтым законам цяпер можна маніпуляваць”.

Паводле старшыні штабу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргея Калякіна, гэты “акт застрашэньня” не стрымае палітыкаў. Апазыцыя, паводле спадара Калякіна, будзе дзейнічаць. Пры гэтым палітык не выключае прыняцьця міжнародных санкцыяў да аўтараў законапраекту.

(Калякін: ) “Гэта ўсё прызначаныя структуры, і яны будуць выконваць загад. Вось да іх трэба прымаць санкцыі, паколькі яны парушаюць і Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, і ўсе магчымыя канвэнцыі ў правах грамадзянаў, якія існуюць у сьвеце і пад якімі стаіць подпіс Рэспублікі Беларусі”.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч заявіў:

(Парфяновіч: ) “Гэты закон нашую краіну дыскрэдытуе ў вачах міжнароднай супольнасьці. Таму выбары ў Беларусі ў бліжэйшы час не адбудуцца, бо няма выбару. Калі ёсьць выбары, ёсьць сродкі інфармацыі, да якіх ёсьць доступ іншай думкі. А ў нас толькі адна думка”.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Людміла Гразнова лічыць, што ў Нацсходзе цяпер людзі, якія баяцца страціць свае пасады:

(Гразнова: ) “Тое, што ім загадвае Лукашэнка і адміністрацыя прэзыдэнта, тое яны і выконваюць. Ніякай павагі да такіх людзей у мяне няма. Канец такога рэжыму ўжо набліжаецца”.
XS
SM
MD
LG