Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо месяц знаходзіцца за кратамі ў Брусэлі Зьміцер Піменаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня мінае месяц, як ў Брусэлі ў часе галадоўкі беларускіх палітычных уцекачоў быў арыштаваны старшыня Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў. Паводле адваката спадара Піменава, яму дагэтуль не прад’яўленыя абвінавачаньні.

Увечары 8 лістапада Зьмітра Піменава затрымала бэльгійская паліцыя, калі ён спрабаваў дамагчыся для галадоўнікаў дазволу застацца ўначы на пляцы Шумана ў Брусэлі, каля будынкаў найбольш важных эўрапейскіх арганізацыяў.

На пачатку зьявілася інфармацыя, што спадара Піменава абвінавачваюць у нелегальным знаходжаньні на тэрыторыі Бэльгіі, потым, аднак, высьветлілася, што ён мае легальнае права на жыхарства на тэрыторыі краіны і што тры месяцы рэгіструецца ў адпаведных орагнах.

Такім чынам, на сёньняшні дзень невядома, за што канкрэтна арыштавалі Зьмітра Піменава, які цяпер знаходзіцца ў брусэльскай турме “Ворст”.

Гаворыць адвакат Піменава Вінцэнт Вэрэкэ:

(Вэрэкэ: ) “Абвінавачаньняў ніякіх няма. Яны гавораць увесь час пра нейкія старыя справы. Я абскардзіў рашэньне аб арышце спадара Піменава і 19 сьнежня адбудуцца папярэднія слуханьні, у часе якіх суд вырашыць, законна ці не мой кліент быў затрыманы”.

Між тым беларуская грамада ня толькі ў Бэльгіі выказвае салідарнасьць са Зьмітром Піменавым. Гаворыць Ігар Лазарчук зь Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня:

(Лазарчук: ) “Вельмі вялікая салідарнасьць. Спадарыня Івонка Сурвіла турбуецца. Айцец Аляксандар Надсан і Зьвяз беларусаў Вялікай Брытаніі таксама бяруць удзел у гэтым, дапамагаюць”.

Бэльгійскія беларусы шукаюць таксама дадатковых адвакатаў для Зьмітра Піменава, а грэка-каталіцкі сьвятар з Антвэрпэну айцец Ян Майсейчык мае намер выступіць у якасьці грамадзкага абаронцы ў часе судовых слуханьняў.

***

Зьміцер Піменаў даслаў з-за кратаў адкрыты ліст:

Браты Беларусы, суайчыньнікі!

Да Вас мушу зьвярнуцца з-за кратаў, але гэтымі кратамі немагчыма спыніць маё змаганьне за Беларусь. Маё вызваленьне такое ж відавочнае, як і будучая незалежнасьць нашай Радзімы – Беларусі. Браты Беларусы, ні на хвіліну не ўпускайце ў сваё сэрца злосьці і непавагі да гэтай маленькай і беднай на хрысьціянскія каштоўнасьці бэльгійскай краіны. Тыя чорныя сілы, якія вымусілі чыноўнікаў ад юстыцыі зачыніць мяне, паставілі ўсю прававую сыстэму па-за агульначалавечымі і дэмакратычнымі каштоўнасьцямі. Бо мая віна перад гэтай краінай толькі ў тым, што мусіў выбраць яе як часовы прыстанак для барацьбы супраць акупацыйнай палітыкі былой савецкай усходняй імпэрыі.

Падчас малітвы я шчыра прашу прабачэньня для гэтага няшчаснага люду, што прымусіў праваахоўныя структуры стаць па-за міжнароднымі прававымі нормамі. У малітве сваёй да Госпада Бога прашу, каб Ён даў ім разуменьня і сьмеласьці годна выйсьці з гэтае складанае палітычнае сытуацыі. І Вас, браты, прашу, памаліцеся за тых, хто стаў на шлях здрады сваёй Бацькаўшчыне, каб Госпад Бог уклаў у іхныя сэрцы любоў і павагу да нашай шматпакутнай Маці-Беларусі.

Той факт, што супраць мяне зьдзейсьнена палітычная дывэрсія кажа аб тым, што вораг нас баіцца, а значыць праўда на нашым баку і мы пераможам.

Шчыра дзякую ўсім, хто не застаўся абыякавы да майго часовага прыпынку на шляху да вызваленьня нашае Бацькаўшчыны – Беларусі. Шчыльней станем у шэрагах вызвольных сілаў за Незалежнасьць Беларусі. З намі Бог! Жыве Беларусь!

З павагай да ўсіх,

Зьміцер Піменаў, старшыня Беларуска-эўрапейскага Задзіночаньня
XS
SM
MD
LG