Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расейцы ніколі не адмовяцца ад уплываў у Беларусі і Польшчы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Вядомы польскі гісторык, журналіст (ад 1975 па 1985 года працаваў на польскай службе Радыё Свабодная Эўропа) і палітоляг, былы палітвязень, прафэсар Юзэф Шаняўскі лічыць, што Беларусь магла б, пры жаданьні, значна раней далучыцца да Эўрапейскага зьвязу, чым Украіна. Са спадаром Шаняўскім размаўляў наш варшаўскі карэспандэнт.

Найбольш знаная праца Юзэфа Шаняўскага – вялікая кніга пра Рышарда Кукліньскага – палкоўніка генштабу арміі ПНР, які перадаў амэрыканскай выведцы сотні сакрэтных дакумэнтаў пра агрэсіўныя пляны Варшаўскай дамовы і, сярод іншага, паінфармаваў Захад пра намер камуністычных уладаў увесьці ў Польшчы ваеннае становішча.

Прафэсар Шаняўскі, які ў камуністычныя часы атрымаў 15 гадоў турэмнага зьняволеньня за апазыцыйную дзейнасьць, кажа, што галоўная праблема Беларусі, але таксама і Польшчы была і будзе ў тым, што гэтыя краіны месьцяцца на шляху з Расеі на Захад.

(Шаняўскі: ) “Расейцы могуць адмовіцца ад уплываў у Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі ці Вугоршчыне, але ніколі не адмовяцца ад уплываў у Беларусі й Польшчы. У нас дагэтуль расейскія ўплывы вельмі моцныя. Празь Беларусь і Польшчу праходзіць найбольш кароткі шлях ў Заходнюю Эўропу. Мы важныя для Расеі і я, з пункту гледжаньня стратэгіі, іх разумею. Але калі мы важныя, дык няхай не ставяцца да нас, як да заваяваных дзяржаваў”.

Юзэф Шанаўскі мяркуе, што цяпер Расея адыходзіць ад дэмакратыі і ў дзяржаўным будаўніцтве выкарыстоўвае, сярод іншага, найгоршыя рысы расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу.

(Шаняўскі: ) “Я сябрую з двума вялікімі расейскімі антыкамуністамі – Уладзімірам Букоўскім і Віктарам Суворавым, якія кажуць, што Расея можа быць альбо імпэрыяй, альбо ўвогуле перастане існаваць. Расейскую палітыку, але толькі на пачатку, хацеў зьмяніць Ельцын, цяпер на гэта можна забыцца. Калі Расея цяпер іншая, то навошта ёй такое вялізнае войска, атамныя падводныя лодкі, навошта ім такая маленькая Чачэнія, што ўжо казаць пра Польшчу ці Беларусь”.

Паводле спадара Шаняўскага, Беларусь, калі б гэтага хацела кіраўніцтва краіны, магла б значна хутчэй далучыцца да Эўразьвязу, чым, прыкладам Украіна, якая такое жаданьне ўжо выказала, бо Беларусь – дзяржава больш кампактная і на яе рэформу патрэбна менш выдаткаў.

(Шаняўскі: ) “Мне цяжка ацаніць тое, што робіць цяпер Лукашэнка ў Беларусі, але, канечне, прыкладам, апошнія зьмены ў заканадаўстве, якія дазваляюць пасадзіць у турму за “дыскрэдытацыю краіны”, гэта тыповы для таталітарных уладаў крок. Ведаеце, калі ў Польшчы увялі ваеннае становішча, дык у краіне адключылі амаль на сто дзён усе тэлефоны – была ж зіма, а тэлефоны адключылі ўсе, у тым ліку і, скажам, хуткай дапамогі – гэта быў беспрэцэдэнтны крок, але мы перамаглі, перамогуць і ў Беларусі дэмакратычныя сілы.

Але тут яшчэ раз зьвярну ўвагу на небясьпеку з усходу – нічога істотнага ў Беларусі бяз згоды Крамля не адбываецца. І нават калі ў вас пераможа дэмакратыя, дык для беларусаў, таксама як і для іншых невялікіх эўрапейскіх народаў, якія пазбавіліся ад таталітарызму, Расея будзе заставацца вельмі небясьпечнай”.

Заявіў беларускай “Свабодзе” прафэсар Юзэф Шаняўскі.
XS
SM
MD
LG