Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Кавалёў: “Пуцін нікуды тэлефанаваць ня стане”


Радыё Свабода “Самы цяжкі пэрыяд галадоўкі – гэта першы тыдзень” – гаворыць былы савецкі дысыдэнт Сяргей Кавалёў. Сам ён галадаў у зьняволеньні некалькі разоў, двойчы яго кармілі прымусова.

Дарэчы, роўна 30 гадоў таму, у сьнежні 1975 годзе Сяргей Кавалёў быў асуджаны па сумнавядомым артыкуле “Антысавецкая прапаганда і агітацыя” да 7 гадоў лягераў строгага рэжыму і 3 гадоў ссылкі. Тэрмін ён адбываў у пермскіх лягерах і Чыстапальскай турме, у ссылку быў адпраўлены на Калыму.

На наступным тыдні выйдзе ў эфір гутарка зь Сяргеем Кавалёвым ў перадачы “Госьць на Свабодзе”. Сёньня прапануем вам паслухаць фрагмэнт перадачы, дзе Сяргей Кавалёў гаворыць пра сёньняшнія беларускія палітычныя галадоўкі і прыгадвае досьвед галадовак савецкіх дысыдэнтаў:

(Кавалёў: ) “Калі чалавек плянаваў доўгую галадоўку, то як правіла сухая галадоўка не абвяшчалася. Вы самі разумееце, што без вады чалавек стварае свайму здароўю больш цяжкую і хуткую рызыку, чым бяз ежы. Насамрэч, галадоўкі ў Савецкім Саюзе істотна адрозьніваліся, скажам, ад ірляндзкіх галадовак у ангельскіх турмах тым, што ў Савецкім Саюзе дзейнічала інструкцыя аб прымусовым сілкаваньні. Чалавеку не давалі памерці. Я ня ведаю, якая сытуацыя і якія правілы зараз у Беларусі.

Напачатку 80-х у Паўночнай Ірляндыі было некалькі сьмерцяў ад турэмных галадовак, бо паводле ангельскіх правілаў ніякага прымусовага сілкаваньня не ўжывалася.

У любым выпадку галадоўка – гэта акт адчаю. Калі б я ізноў апынуўся ў зьняволеньні, я б, відаць, галадаваў радзей, чым калі я сядзеў. Але не гарантую, што наагул бы не галадаў.

Tая пэнітэнцыярная сыстэма, якая была ва ўсім Савецкім Саюзе – я ўпэўнены, што ў Беларусі яна захавалася. Я ў беларускай турме ані разу ня быў і, відаць, ня буду. Калі я ежджу ў замежныя краіны, то ў кожнай зь іх я наведваю турмы. І мне даюць такую магчымасьць. У Беларусі дадуць наўрад ці. Але я думаю, што там захавалася нармальная, родная савецкая сыстэма – зьдзеклівая і зьверская. Яна і ў нас ня зжытая, гэта ўсё міты, што нашая турма стала прынцыпова іншай.

Я думаю, што гэты акт адчаю менавіта з гэтых прычынаў захоўваецца ў Беларусі і ў Расеі ў меншай ступені. Што можна тут зрабіць? Можна адзінае – апэляваць да грамадзкай думкі, да міжнароднай грамадзкай думкі і заклікаць да ўсіх формаў дыпляматычнага ціску.

Але, на жаль, у Маскве размаўляць пра беларускія варункі ўжо проста няма з кім. Няма з кім, прайшлі часы Барыса Мікалевіча Ельцына, які ў адказ на маю просьбу, якую я перадаў праз Грыгорыя Аляксеевіча Яўлінскага, адрэагаваў тэрміновым паўграматным, сьмешным званком Лукашэнку. Гэтыя часы прайшлі. Пуцін нікуды тэлефанаваць ня стане. Ну толькі калі папросіць які-небудзь Блэр ці хтось іншы. Баюся, што Блэр таксама не папросіць. Вось у такіх новых варунках мы цяпер жывем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG