Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

8 сьнежня 1991 году былі падпісаныя Белавескія пагадненьні


RFE/RL Каляндар Свабоды

8 сьнежня 1937 году Беларусь страціла трох сваіх выдатных дзеячоў. Органамі НКВД былі зьнішчаныя фальклярыст і кампазытар Антон Грыневіч, палітык і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін, а таксама яшчэ адзін дзеяч беларускага руху ў Заходняй Беларусі Язэп Гаўрылік. За сваю беларускую дзейнасьць на Віленшчыне Дварчанін і Гаўрылік былі арыштаваныя польскімі ўладамі і прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня, пасьля шляхам абмену палітвязьняў яны трапілі ў Савецкі Саюз, дзе іх і расстралялі.

8 сьнежня 1991 году былі падпісаныя Белавескія пагадненьні. Адбылося гэта ў рэзыдэнцыі Віскулі ў Белавескай пушчы. Тут кіраўнікі Беларусі, Расеі і Ўкраіны Шушкевіч, Ельцын і Краўчук, а таксама кіраўнікі ўрадаў трох краінаў афіцыйна дэнансавалі дагавор аб утварэньні СССР і ўтварылі Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў.

8 сьнежня 1994 году празь нязгоду з курсам прэзыдэнта Лукашэнкі зь ягонай каманды афіцыйна сышоў Віктар Ганчар.

8 сьнежня 1999 году кіраўнікі Беларусі і Расеі Лукашэнка і Ельцын падпісалі дамову аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Дамова адкрыта супярэчыла першаму артыкулу беларускай Канстытуцыі, у якім сказана, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца ўнітарнай дзяржавай і не заключае міжнародных дамоваў, якія супярэчаць асноўнаму закону. Камэнтуючы гэтую падзею на Радыё Свабода, народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў заявіў: “Падпісаньне саюзнай дамовы – гэта ня толькі сумная справа, гэта ўвогуле злачынства стагодзьдзя. Гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі – канец яе гісторыі”.

Зь вядомых людзей сьвету, што нарадзіліся 8 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня рымскага паэта Гарацыя, фінскага кампазытара Яна Сыбэліюса і кінаакторку Кім Бэсынджэр.

8 сьнежня 1914 году прыйшоў на сьвет Часлаў Сіповіч, беларускі ўніяцкі біскуп, заснавальнік Беларускае бібліятэкі і музэя імя Францішка Скарыны ў Лёндане. З нагоды ягоных леташніх 90-х угодкаў у менскім чырвоным касьцёле сьвятых Сымона і Алены адбылася прэзэнтацыя кнігі пра Часлава Сіповіча, якую прадставіў яе аўтар, наступнік біскупа Сіповіча, айцец Аляксандар Надсан, апостальскі візытатар для беларусаў каталікоў усходняга абраду.
XS
SM
MD
LG