Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Карэспандэнт TIME: “Менск падобны на Ашгабад 70-ых. Вельмі там сумна.”


Сяргей Навумчык, Прага У апошнім нумары амэрыканскага часопісу TIME зьмешчаны вялікі артыкул пад назовам “Там, дзе кіруе тыранія”, прысьвечаны сытуацыі ў Беларусі. Аўтар публікацыі наведаў Менск, гутарыў са студэнтамі, бізнэсоўцамі, з праваабаронцамі і апазыцыйнымі палітыкамі – Анатолем Лябедзькам, Андрэем Саньнікавым, а Міколу Статкевіча ён наведаў у месцы зьняволеньня. Факты і зьявы, якія падаюцца ў публікацыі TIME, з большага, добра вядомыя нашым слухачам – яны гучаць у эфіры Свабоды, падаюцца на вэб-сайце. Нам падалося цікавым распытаць аўтара рэпартажу, журналіста Юрыя Зараховіча, пра ягоныя ўражаньні ад наведаньня Менску.

Чым тлумачыцца цікавасьць TIME да беларускай праблематыкі?

(Зараховіч: ) "Тлумачыцца цікавасьць, думаю, тым, што выклікае зьдзіўленьне існаваньне ў Беларусі цяперашняга рэжыму як нейкай зьявы, -- я б нават не сказаў, што гэта анахранізм, таму што, шчыра кажучы, я для сябе яшчэ ня вырашыў, анахранізм гэта, альбо пачатак нейкага новага вычварэньня таталітарызму, які пагражае нам у 21-ым стагодзьдзі".

Шмат якія замежнікі пасьля наведваньня Менску, кажуць, што іх уразіла чысьціня гораду. Адзначае гэта і карэспандэнт TIME.

(Зараховіч: ) "Мае амэрыканскія сябры, якія памятаюць Маскву 70-ых, пытаюцца -- "Што, Менск на тагачасную Маскву падобны?". Я адказваю: не, на жаль,ён больш падобна на Ашгабад 70-ых. Таму што чысты, вылізаны горад -- і вельмі там сумна. Вось такі парадак бывае толькі пры дыктатуры. Жыцьця няма. Разумееце, з аднаго боку. канешне, цудоўна, калі ведаеш, што на вуліцы няма злачынцаў - манаполію на злачыннасьць дзяржава цьвёрда трымае у руках. А з другога боку, няўгодных рэжыму зьбіваюць сярод белага дня".

У артыкуле адзначаецца, што “рэжым Лукашэнкі карыстаецца падтрымкай Крамля; расейскія кіраўнікі гэтак жа рашуча, як і ён імкнуцца не дапусьціць чарговай народнай рэвалюцыі.” Ці лічыць карэспандэнт TIME слушнымі спадзяваньні на тое, што Масква дапаможа дэмакратызаваць Беларусь?

(Зараховіч: ) "Абсалютна не. Максымум таго, што Масква можа зрабіць -- гэта, напэўна, паспрабаваць у выпадку зручнай сытуацыі замяніць Лукашэнку на некага менш адыёзнага, больш паслухмянага, больш кіруемага, які зьнешне будзе больш прэзэнтабэльным, чым Лукашэнка, будзе менш скампрамэтаваны, але -- ручны. Ручны ў адносінах да Масквы, бо ў адносінах да Масквы Лукашэнка далёка не ручны".

У публікацыі ў TIME распавядаецца пра тактыку адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Цытую “Паколькі свабодныя выбары ў Беларусі болей немагчымыя, апазыцыя можа паспрабаваць паўтарыць украінскі варыянт, заклікаўшы грамадзян выйсьці на вуліцы і выказаць свой пратэст супраць фальсыфікацыяў”. Часопіс пераказвае словы Мілінкевіча, якому адзін з высокапастаўленых супрацоўнікаў праваахоўных органаў сказаў, што міліцыя пяройдзе на бок мітынгуючых, калі дзесяткі тысяч выйдуць з пратэстамі супраць фальсыфікацыі выбараў.
XS
SM
MD
LG