Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня -- гадавіна Белавескіх пагадненьняў, якія паклалі канец СССР


Ігар Карней, Менск 8 сьнежня 1991 году ва ўрадавай рэзыдэнцыі “Віскулі” у Белавескай пушчы тагачасныя лідэры Беларусі, Украіны і Расеі Станіслаў Шушкевіч, Леанід Краўчук і Барыс Ельцын падпісалі трохбаковае пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Такім чынам спыніў сваё існаваньне СССР, і быў пакладзены пачатак прынцыпова іншай форме міждзяржаўных адносінаў. Пра абставіны і герояў таго гістарычнага пагадненьня Ігар Карней.

Як кажа Станіслаў Шушкевіч, штуршком да “сэансу абурэньня” лідэраў савецкіх рэспублік стаў праект новай саюзнай дамовы, прадстаўлены прэзыдэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым 21 кастрычніка 1991 году ў падмаскоўным Нова-Агарове. Неабходнасьць пераўтварэньняў у межах СССР чарговым разам ігнаравалася. Між тым, сустрэчу ў Віскулях ніхто з кіраўнікоў Расеі, Беларусі і Ўкраіны не называе сплянаванай акцыяй на развал Саюзу: за час палёту зь Менску на бліжэйшае да Віскулёў ваеннае лётнішча Станіслаў Шушкевіч і Леанід Краўчук нават не падазравалі, што могуць зайсьці так далёка.

(Шушкевіч: ) “Я ехаў без такіх намераў. Краўчук гэтаксама ехаў без такіх плянаў, але пасьля рэфэрэндуму аб незалежнасьці ён быў на “белым кані” і мог паводзіць сябе з пазыцыі незалежнай Украіны, за якую выказаліся 90% насельнікаў. У нас былі агульныя інтарэсы ў эканамічных пытаньнях, але ён рэзумаваў: калі б толькі дзеля гэтага, то і ехаць ня варта было. Але ў нас не хапіла рашучасьці ў гэтым паўгадзінным палёце сказаць, што мы падпішам такія словы: СССР як геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне. Мы толькі гаварылі: Гарбачоў не кіруе дзяржавай, яму не падпарадкоўваюцца; быў жнівеньскі путч, можа і іншы будзе. І мы занепакоеныя гэтым... Рэдкая зьява, але насьпела калектыўная неабходнасьць заявіць: Саюз развальваецца. І мы знайшлі прыстойную форму, як пра гэта сказаць”.

Паводле Шушкевіча, ці ня большай справай “белавескія пагадненьні” было папулярна давесьці да дэпутатаў Вярхоўнага Савету. У бальшыні сваёй камуністычны і, адпаведна, прасавецкі парлямэнт элемэнтарна мог заблякаваць ідэю палітычна-тэрытарыяльных пераўтварэньняў.

(Шушкевіч: ) “У мяне ня тое, што сумнеў – страх быў. Я не дазволіў сабе расслабіцца нават пасьля падпісаньня пагадненьня. Думаў: як усё гэта падаць супэрпракамуністычнаму Вярхоўнаму Савету? Але было шмат пазыцый, да якіх можна было апэляваць (асабліва гэта ўзьдзейнічала на гаспадарчых і партыйных работнікаў): навошта ў Маскве вырашаць пытаньне аб асфальтаваньні плошчы Незалежнасьці, калі можна тут вырашыць? Чаму праз Маскву трэба вырашаць, што прадаваць і купляць? Я добра памятаю, як праводзіў у Маскве паседжаньні Лук’янаў. У яго катэгарычна іншая пазыцыя, але ягоныя маніпуляцыі былі мне зразумелыя і я маніпуляваў гэтак жа. Я рабіў гэта дзеля Беларусі, дзеля беларускай незалежнасьці. І заўважце: выступілі ў падтрымку ўсе старыя камуністы. Думаю, у душы яны былі людзі сумленныя, таму што іх доўга падманвалі і яны зразумелі – нешта ня так”.

Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў экс-дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня і новы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка пачаў множыць вэрсію: ён, маўляў, быў ледзьве не адзіным дэпутатам, хто супраціўляўся ратыфікацыі “белавескіх пагадненьняў”. Аднак пераемнік Шушкевіча на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб кажа: зараз дакладна вядома, хто галасаваў супраць. І гэта быў не Лукашэнка.

(Грыб: ) “Кажуць, што адзіным дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, які галасаваў супраць ратыфікацыі “белавескіх пагадненьняў” – аб распадзе СССР і ўтварэньні СНД – быў Лукашэнка. Насамрэч, як сёньня гэта ўжо ўсім вядома, гэтым адзіным дэпутатам быў Валер Ціхіня, а не Лукашэнка. Як ён насамрэч галасаваў – сказаць цяжка, але ён дакладна не галасаваў супраць”.

Цягам апошняга дзесяцігодзьдзя Аляксандар Лукашэнка не прапускае ніводнага зручнага моманту, каб “прыцягнуць да адказнасьці” Шушкевіча за развал Саюзу. Апошнім разам кіраўнік краіны ў сваёй рэзыдэнцыі пужаў Шушкевічам-нацыяналістам расейскіх журналістаў 23 лістападу.

(Лукашэнка: ) “Калі нацыяналісты на чале з Шушкевічам прыйшлі да ўлады, частку ўлады яны захапілі заканадаўча, Вярхоўны Савет усім кіраваў, урад прызначаў. Яны, нацыяналісты, усё пад сябе “падмялі”. Тады расейцаў на чамаданы пасадзілі цягам некалькіх сутак. Яны зараз хочуць зноў вярнуцца да ўлады, і рускім трэба памятаць, як яны сядзелі тут на чамаданах”.

Адзінства ў адзнаках падзеяў 14-гадовай даўнасьці няма ня толькі зараз. Станіслаў Шушкевіч ня можа адназначна сказаць: ці былі яны адной камандай з тагачасным прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам?

(Шушкевіч: ) “Скажу шчыра: калі Кебіч у нармалёвым стане – гэта добры кіраўнік, добры працаўнік… Але час ад часу ён ад гэтага стану адыходзіў і тады ягоныя бліжэйшыя паплечнікі вытваралі што хацелі. Гэта была вялікая бяда. Але мне больш за ўсё крыўдна, што ў 1996 годзе Кебіч сказаў: чэснай, справядлівай працай і ўчынкамі ён змые тую ганьбу, якую адбілі на ім Віскулі. Бы пакаяўся, што зрабіў ня тое. Думаю, ранавата ён гэта сказаў, зарана пачаў прыслужнічаць чалавеку значна меншых здольнасьцяў, меншай адукаванасьці і меншага клопату аб Беларусі. Але я зь ім не сустракаюся. Аднойчы кантактавалі (была нейкая гадавіна СНД), перакінуліся парай словаў. Але сэнсоўных кантактаў няма, і патрэбы няма”.

Вячаслаў Кебіч, які ад сярэдзіны 1990-х адышоў у цень і займаецца бізнэсам, ня хоча ўспамінаць белавескія падзеі. А словы спадара Шушкевіча пакінуў без камэнтароў.

(Кебіч: ) “Я такога не гаварыў, гэта вы так усё прыдумалі… Але гэта асобная размова…”.

СНД, народжанае намаганьнямі Ельцына, Шушкевіча і Краўчука амаль паўтара дзесятка гадоў таму, перажывае магчымасьць новай рэвізыі. Намеры выхаду з СНД раз-пораз чуюцца то з Закаўказьзя, то зСярэдняй Азіі, то са славянскіх тэрыторый. Дый сам Лукашэнка выступае пасьлядоўным крытыкам Садружнасьці, пужаючы сьвет новымі тэрытарыяльнымі альтэрнатывамі. Але ў лягеры лукашэнкавых аднадумцаў ягоныя ідэі знаходзяць гарачы водгук. Ідэоляг Кебіча, а потым і Лукашэнкі Ўладзімер Замяталін, застаўшыся бяз працы, усё адно аддае належнае высілкам Лукашэнкі.

(Замяталін: ) “Тым больш, што абсалютна вядома, хто ўжо быў раней ва ўладзе, што, уласна кажучы, яны рабілі і куды кацілася рэспубліка. Калі сказаць асбалютна пэўна – у нікуды. А зараз пра Беларусь ведаюць усюды. Ведаюць яе як сувэрэнную краіну. І большага захавальніка сувэрэнітэту, чым Лукашэнка, такога чалавека ў Беларусі няма”.

Пасьля 8 сьнежня 1991 году Станіслаў Шушкевіч атрымаў мянушку “Белавескі зубар”. Але ён кажа, што мянушка гэтая зусім ня крыўдная.

(Шушкевіч: ) “Я нават пераканаўся ў тым, што гэта вельмі добрая і прыемная мянушка. Асабліва калі бываеш у замежжы, нехта можа запамятаваць прозьвішча, але хто такі “белавескі зубар” памятаюць. Але ўдакладняюць, што тры “зубры” былі. Таму я вельмі задаволены, што ўрэшце рэшт добрыя і прыстойныя мянушкі ёсьць ня толькі ў мяне, але ў Ельцына і Краўчука”.
XS
SM
MD
LG