Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У сядзібе БНФ абмеркавалі сытуацыю ў Курапатах


Галіна Абакунчык, Менск У штаб-кватэры партыі БНФ адбылося паседжаньне прадстаўнікоў грамадзкасьці ў справе ўратаваньня Курапатаў. Гэта сябры Міжнароднага праваабарончага таварыства “Мэмарыял”, Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, вядомыя гісторыкі, археолягі й палітыкі. Удзельнікі паседжаньня прынялі рашэньне аб зборы подпісаў пад зваротам да грамадзкасьці, а таксама вырашылі патрабаваць ад уладаў даць прававую ацэнку акту вандалізму ў Курапатах.

Па заканчэньні паседжаньня ягоныя ўдзельнікі распачалі збор подпісаў пад зваротам да грамадзкасьці й уладаў з заклікам даць юрыдычную ацэнку й спыніць вандалізм у Курапатах. Гэта і было галоўнаю мэтаю сустрэчы – кажа вядомы гісторык і дасьледчык Ігар Кузьняцоў.

(Кузьняцоў: ) “Апаганьваньне – гэта чыста крымінальны артыкул, а гэта ўжо носіць дзяржаўнае адценьне. Гэта азначае адносіны дзяржавы да нэасталінізму, нэанацызму ў нашай краіне. Бязьдзеяньне дзяржавы можна будзе расцэньваць як адсутнасьць рэакцыі на гэтыя падзеі. Таму мы хацелі бы, каб у Беларусі, якая сапраўды найбольш пацярпела ў апошнюю вайну, дзе грамадзтва заўсёды востра рэагавала на праявы фашызму, гэтаксама адрэагавала й гэтым разам. Каб зрэагавалі ўсе праваахоўныя органы, камітэт дзяржбясьпекі, міністэрства ўнутраных справаў далі ацэнку гэтым падзеям. Не палітычную, а прававую”.

Сход таксама прыняў рашэньне не прыбіраць апаганеныя крыжы й помнікі да тае пары пакуль сьляды злачынства не прыбяруць улады. Ці ёсьць спадзяваньні дамагчыся гэтага сіламі грамадзкасьці пытаюся ў археоляга Міколы Крывальцэвіча.

(Крывальцэвіч: ) “Можа ў нізавым зьвяне й знойдуцца людзі якія будуць спачуцваь. У каго яшчэ сумленьне захавалася – той яшчэ будзе нешта рабіць. Але мы разумеем, што гэтая машына будзе падаўляць ініцыятыву тых асобаў, якія павінныя гэта рабіць паводле сваіх службовых абавязкаў. Спадзяваньне толькі адно – як мага шырэй інфармаваць людзей. І самае галоўнае – паказаць грамадзкасьці, што ёсьць сілы, ёсьць сілы, ёсьць людзі, якія гэтаму супрацьстаяць. Што ня ўсё яшчэ памерла”.

Паводле спадара Крывальцэвіча й іншых археолягаў-удзельнікаў паседжаньня, днямі яны накіруюць акт-апісаньне зьдзейсьненага ў Курапатах акту вандалізму ў Камітэт аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

***

Нагадаем, што цягам некалькіх дзён у Курапатах адбылася сэрыя акцыяў вандалізму: чарговы раз разьбітая “лаўка Клінтана”, папсаваныя крыжы, на помніках намаляваная нацысцкая свастыка, а таксама зьявіліся абразьлівыя надпісы. Паводле інфармацыйнай агенцтва “Інтэрфакс” мясцовыя органы правапарадку распачалі у Курапатах патруляваньне. А як паведамілі Радыё Свабода ў аддзеле міліцыі Менскага раёну, па факце апаганьваньня Курапацкіх помнікаў распачатая крымінальная справа.

Гл. таксама • Улады не ліквідуюць сьлядоў вандалізму ў Курапатах (фота) • Новы акт вандалізму ў Курапатах – на помніках зьявіліся свастыкі і надпісы “За Русь” (фотарэпартаж) • У Курапатах вандалы зноў разьбілі лаву Клінтана (фота) • ЗША і Эўразьвяз асудзілі вандалізм у Курапатах • Амбасадары краінаў Эўразьвязу наведалі ўрочышча Курапаты
XS
SM
MD
LG