Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Кіраўніцтвам справамі прэзыдэнта судзіцца нельга?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі спыніў разгляд пазову Беларускага Хэльсынскага камітэту да Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Суд вырашыў, што свае прэтэнзіі праваабаронцы мусяць скіраваць да іншай дзяржаўнай інстанцыі.

7 сьнежня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі разглядалася скарга Беларускага Хэльсынскага камітэту да Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Праваабаронцы дамагаюцца адмены рашэньня дэпартамэнту гуманітарнай дапамогі Кіраўніцтва справаў, які не дае дазволу на скарыстаньне замежных сродкаў, прызначаных на аплату офісу, тэлефонных размоваў і канцылярскіх выдаткаў арганізацыі. Гэтае рашэньне ставіць БХК у безвыходнае становішча, бо неаплата рахункаў прывядзе да пазбаўленьня юрыдычнага адрасу, а потым і ліквідацыі арганізацыі.

Больш за тыдзень таму судзьдзя ВГС Аркадзь Сусло на папярэднім разглядзе скаргі прапаноўваў бакам замірыцца, але выніку гэта не прынесла. Сёньня пасьля непрацяглага разьбіральніцтва судзьдзя абвясьціў, што працэс спыняецца, паколькі прэтэнзіі праваабаронцаў прад’яўленыя ня той арганізацыі. Судзьдзя лічыць, што БХК мусіць скардзіцца не на Кіраўніцтва справаў, а толькі на ягоны дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі.

У БХК ужо заявілі, што гэта незаконнае рашэньне. Там лічаць, што менавіта Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта адказвае за канчатковае рашэньне адносна гуманітарнай дапамогі, у тым ліку ўзгадняе пытаньні аб замежнай дапамозе з прэзыдэнтам. Выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак гэтак пракамэнтаваў працу чыноўнікаў з Кіраўніцтва справаў:

(Гулак: ) “Гэты парадак скіраваны на тое, каб рашэньне прымалася ў адпаведнасьці не з законам, а з мэтазгоднасьцю. Гэта значыць, калі зьяўляюцца праваабаронцы ці нейкія іншыя арганізацыі, якім ня хочуць даваць грошы, то для іх будзе такі парадак, калі нічога не зразумееш і ня знойдзеш”.

Алег Гулак паведаміў, што БХК будзе абскарджваць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду.

У БХК таксама заўважылі, што іх скарга была прынятая судом да разгляду, а гэта значыць, што тады лічылася, што яна была адрасаваная дакладна. “Магчыма, гэта спроба судзьдзі выйсьці са складанага становішча”, — мяркуюць праваабаронцы.

Прадстаўнік Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Леанід Чаўко, які прысутнічаў на працэсе, адмовіўся камэнтаваць рашэньне суду.

У Беларусі летась было зачынена больш як пяцьдзясят грамадзкіх арганізацыяў. У тым ліку некалькі праваабарончых. Сёлета Беларускі Хэльсынскі камітэт судзіўся з падатковай інспэкцыяй, якая спрабавала абкласьці праваабарончую арганізацыю падаткамі і штрафамі на дзясяткі тысяч даляраў. Гэты суд БХК выйграў, але нядаўна справу вярнулі на паўторны разгляд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG