Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьням на “хіміі” могуць зьмякчыць рэжым


Любоў Лунёва, Менск Трое апазыцыйных палітыкаў — Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і Андрэй Клімаў — за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў працягваюць адбываць пакараньне на “хіміі” ў розных мясьцінах Віцебшчыны, Меншчыны і Берасьцейшчыны. Мікола Статкевіч пераведзены на так званы хатні рэжым; Андрэй Клімаў і Павал Севярынец змогуць скарыстацца гэтай ільготай, калі іх сваякі будуць жыць разам зь імі ў месцы знаходжаньня спэцкамэндатуры.

Мікола Статкевіч, які адбывае пакраньне на “хіміі” ў Баранавічах за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму ў кастрычніку 2004 году, лічыць, што ягонае месца цяпер — у сталіцы. Ён занепакоены настроем некаторых апазыцыйных палітыкаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Мікола Статкевіч адбывае пакараньне з 29 ліпеня. 11 лістапада апазыцыйнага палітыка перавялі на хатні рэжым. Ён жыве ў хаце свайго бацькі, але мусіць штодня адзначацца ў спэцкамэндатуры. Апроч таго, ён ня мае права зьмяніць месца працы. Мікола Статкевіч кажа, што ўвесь час адчувае на сабе ўвагу мясцовых супрацоўнікаў КДБ.

(Статкевіч: ) “Я ўчора пайшоў рамантаваць прыймач у адну фірмачку, дык правяраючы маёр учыніў тут гістэрыку. Цяжка тое, што цяпер у краіне адбываюцца вырашальныя працэсы. Улада сваімі апошнімі законапраектамі пацьвердзіла свой панічны страх перад народам. Цяпер людзі, якія маюць сьмеласьць адказваць на брутальныя дзеяньні ўлады адкрыта і публічна, будуць вельмі патрэбныя ў Менску. Мяне вельмі насьцярожваюць камэнтары некаторых апазыцыйных палітыкаў наконт гэтых законапраектаў. Калі палітыкі, якія займаюць ключавыя пасады ў дэмакратычных сілах, таксама пачынаюць палохацца, гэта непрымальна”.

Міколу Статкевіча штодня наведваюць паплечнікі зь мясцовай арганізацыі. Часам прыяжджаюць аднадумцы зь Менску. Апазыцыйнага палітыка прадстаўнікі адіміністрацыі спэцкамэндатуры цягам апошняга тыдня некалькі разоў папярэджвалі пра адказнасьць пасьля ўнясеньня паправак у Крымінальны кодэкс.

(Статкевіч: ) “Адчуваю, што павінен быць цяпер, у любым выпадку, да прэзыдэнцкіх выбараў, у іншым месцы. Я павінен быць у нашай сталіцы. Мне ўжо пагражалі, што я займаюся тут палітычнай дзейнасьцю ў ліквідаванай партыі. Таксама мяне папярэджвалі, што да мяне едуць замежныя журналісты і дыпляматы, а ёсьць артыкул ра распаўсюджваньне за межамі заведама лжывых зьвестак. Я сказаў, што распаўсюджваю толькі заведама праўдзівыя зьвесткі, але, на жаль, у нас сытуацыя такая, калі праўдзівыя зьвесткі і дакладныя вельмі дыскрэдытуюць сёньняшнюю беларускую ўладу”.

Андрэй Клімаў адбывае пакараньне на “хіміі” ў Крупках за арганізацыю вулічнай акцыі 25 сакавіка. Праз тыдзень яго могуць перавесьці на хатні рэжым пры ўмове, што ягоныя сваякі будуць жыць разам зь ім у Крупках. Андрэй Клімаў паведаміў Радыё Свабода, што яму шкада пакідаць свой пакой у інтэрнаце спэцкамэндатуры.

(Клімаў: ) “Я пішу кнігу, паколькі цяпер займацца актыўнай палітыкай немагчыма. Што тычыцца пераводу на хатні рэжым, то мне ўмовы дазваляюць працаваць і ў камэндатуры. Я столькі сілаў патраціў на ўладкаваньне пакоя, на барацьбу з п’янствам і парушэньнямі рэжыму ва ўстанове! Мяне там усе ведаюць, у мяне там зьявіліся сябры, і бязь іх мне будзе сумна. У нейкай ступені яны мне дапамагаюць засяродзіцца на кнізе. Яны мне падказваюць шмат цікавых ідэяў”.

Павал Севярынец з 15 жніўня адбывае пакараньне за арганізацыю леташніх акцыяў апазыцыі ў вёсцы Малое Сітна на Полаччыне. Ён адзіны ня мае магчымасьці зьвязацца са сваімі сябрамі і сваякамі па тэлефоне, бо там не працуе мабільная сувязь. Бацькі Паўла працуюць і ня могуць пасяліцца побач з камэндатурай, каб іх сын перайшоў на хатні рэжым. Раз на месяц Паўлу дазваляюць наведаць бацькоў у Віцебску.
XS
SM
MD
LG