Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ху Цзіньтао размаўляў з Лукашэнкам столькі ж, колькі з прэм’ерам Лесота”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскія газэты шмат пішуць пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Польскія мэдыі адзначаюць шэраг цікавых падрабязнасьцяў візыту, прыкладам тое, што беларускага кіраўніка не паказалі ў англамоўным канале кітайскага тэлебачаньня. Больш падрабязна са зьместам публікацыяў у польскай прэсе вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

“Аляксандар Лукашэнка рэдка езьдзіць за мяжу. Ягоны візыт ў Кітай быў асаблівай падзеяй, бо падаецца, што гэта пачатак дыпляматычнага наступу ў кірунку ўсё яшчэ адкрытай для Лукашэнкі Азіі... Разумеючы, што дзьверы ў Эўропу, акрамя Украіны і Расеі, для яго зачыненыя, беларускі кіраўнік вырашыў зрабіць стаўку на Азію”, – гаворыцца ў артыкуле “У Кітаі адчувае сябе як у Расеі”, у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”.

Газэта адзначае, што заявы Лукашэнкі ад намеры весьці актыўны дыялёг з Віетнамам “не зьдзіўляюць, бо гэта адна з апошніх камуністычных дзяржаваў”.

Між тым, у сёньняшнім нумары “Gazeta Wyborcza” у матэрыяле “Візыту Лукашэнкі не паказалі па тэлебачаньні” адзначае, што хаця беларускага кіраўніка прымалі ў Кітаі з ўсімі належнымі ўшанаваньнямі і пра ягоны візыт пісалі афіцыйныя мэдыі, англамоўны тэлеканал CCTV-9, які звычайна асьвятляе такія падзеі, Лукашэнку абмінуў.

Гэты канал разьлічаны на кітайцаў, якія ведаюць ангельскую мову, а таксама трансьлюецца на ўвесь сьвет.

“За ўсе сьведчаньні пашаны, якія Аляксандар Лукашэнка выказаў на адрас Кітаю, кітайцы запэўнілі беларускага кіраўніка, што будуць лабіраваць уваход Беларусі ў сусьветную гандлёвую арганізацыю... Але без падтрымкі ЗША і іншых вядучых дзяржаваў, гэта і так нерэальна”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Штодзёньнік адзначае таксама, што нягледзячы на шматлікія выразы ўзаемнай павагі, кітайскі кіраўнік Ху Цзіньтао размаўляў з Лукашэнкам толькі гадзіну – “столькі ж, як, прыкладам напярэдадні з прэм’ерам афрыканскага Каралеўства Лесота”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG