Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Газпром” будзе пастаўляць Беларусі газ па льготных коштах


Алесь Дашчынскі, Менск Адначасова расейскі бок патрабуе, каб Украіна перайшла на рынкавыя цэны. А гэта азначае, што для Ўкраіны газ будзе значна даражэйшы, чым для Беларусі. У 2006 годзе ў Беларусі чакаюцца прэзыдэнцкія выбары, а ва Ўкраіне — парлямэнцкія. Ці зьвязаная цэнавая палітыка “Газпраму” са спробай паўплываць на вынікі выбараў у абедзьвюх краінах?

З Украінай чарговы раўнд перамоваў пра супрацоўніцтва ў газавай сфэры на 2006 год не прынёс вынікаў. Не паўплывалі нават заявы ўкраінскіх уладаў аб намеры бліжэйшым часам вырашыць пытаньне паставак і транзыту расейскага газу паводле рынкавых прынцыпаў. Расейскі бок патрабуе ад Украіны перайсьці на больш высокія кошты ўжо ў будучым годзе: а менавіта 160 даляраў за тысячу кубамэтраў.

“Газпром” ня бачыць якіх-небудзь юрыдычных прычынаў, зь якіх Украіна можа не плаціць за газ па рынкавых коштах. Пазыцыю Ўкраіны, якая настойвае на льготных коштах, расейскі бок лічыць “неканструктыўнай”. Маўляў, пад пагрозу ставіцца энэргетычная бясьпека эўрапейскіх спажыўцоў расейскага газу, а таксама самой Украіны.

Як сказаў начальнік аддзелу дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі “Газпрому” Дзяніс Ігнацьеў, рэальная цана для Беларусі мусіла быць такой жа — 160 даляраў за тысячу кубамэтраў. Нагадаем, эўрапейскія цэны падвысіліся наагул да 200 даляраў. Але для Беларусі на наступны год цэны застаюцца льготнымі і спрыяльнымі для афіцыйнага Менску. “Газпром” пацьвердзіў гатоўнасьць забясьпечыць пастаўкі газу цаной 46 даляраў 68 цэнтаў. Зь беларускім бокам таксама аднавіліся перамовы ў стварэньні сумеснага прадпрыемства на базе “Белтрансгазу” для падвышэньня надзейнасьці паставак газу па тэрыторыі Беларусі і на экспарт.

Прадстаўнік “Газпрому” Дзяніс Ігнацьеў падкрэсьліў:

(Ігнацьеў: ) “Аб’ём транзыту газу ўвогуле будзе такім жа, але ёсьць тэндэнцыя да росту”.

Чаму ж такія няроўныя ўмовы паставак газу ў Беларусь і ва Ўкраіну?

(Ігнацьеў: ) “Мы яшчэ і саюзная краіна. А памятаеце, што рабіла кіраўніцтва Беларусі, калі мы падымалі цэны? Кралі газ! Было нават адключэньне газу для Беларусі. На ўрадавым узроўні мы падыходзім да таго, што і для Беларусі будзе падвышэньне кошту ў блізкай будучыні. Але на наступны год мы пацьвердзілі гатоўнасьць паставак газу ў Беларусь на ўмовах 2005 году, бязь зьмены коштаў”.

Старшыня Нацыянальнага камітэту дэмсілаў Анатоль Лябедзька лічыць, што насамрэч сытуацыю трэба разглядаць не ў эканамічным, а ў палітычным сьвятле:

(Лябедзька: ) “Я думаю, што Расея такім чынам выказвае на сёньняшні дзень сваю падтрымку не Беларусі, не беларускаму народу, а Аляксандру Лукашэнку, як, мажліва, аднаму з кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары. Толькі пры гэтым трэба мець на ўвазе, што, мажліва, вось гэтыя лішкі грошай ідуць на ўтрыманьне таго ж АМОНу, спэцпадразьдзяленьняў, на закуп тэхнікі, каб блякаваць радыёсыгналы і гэтак далей. Такім чынам, Расея бярэ на сябе частку адказнасьці за тыя дзеяньні, якія ляжаць па-за межамі беларускай канстытуцыі, правоў чалавека і свабодаў, якія рэалізуе на практыцы Лукашэнка”.

Паводле былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра, у сэнсе эканомікі льготныя кошты для Беларусі — гэта станоўчы фактар.

(Чыгір: ) “Гэта права прадаўца — ну, што тут казаць. Мы павінны быць рады, што для Беларусі 46, у тым ліку і для мяне. Нам будзе цяплей і прыемней, а як гэта адбылося — гэта ўжо іншая справа. Мы павінны выкарыстаць гэты момант і рыхтавацца да таго, што для Беларусі таксама будзе па сусьветнай цане. Ва Ўкраіне, можа, гэта надыдзе раней. А можа, і не”.

А як гэта можа паўплываць на вынікі выбараў у Беларусі?

(Чыгір: ) “Тысячы людзей бяруць удзел у выбарах, у выбарчых камісіях. Прычым тут Расея? Галасуйце як трэба, лічыце як трэба. Як Расея не захацела Юшчанку, дык яна падтрымала Януковіча. Прычым тут Расея? Ня трэба шукаць вінаватых у Расеі — шукайце ў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG